Агурочнік

від расьлінаў

Агуро́чнік лёкавы, Бура́чнік, Агуро́чная трава́ (па-лацінску: Borago officinalis) — шматгадовая травяністая расьліна сямейства бурачнікавых.

Агурочнік лёкавы
Borago officinalis

Вышынёй 30 — 100 см. Зрэдку трапляецца па ўсёй Беларусі як пустазельле, іншы раз вырошчваюць у агародах. Цьвіце у чэрвені — ліпені; кветкі блакітныя з ружовым адценьнем. Лацінская і (дыялектычная беларуская) назвы ад burra — «жорсткія валасы» (якімі пакрытая расьліна), літаратурная беларуская — ад паха агуркоў, які зыходзіць ад лісьця. Радзімай расьліны лічыцца Міжземнамор'е і Блізкі Усход. Утрымлівае дубільныя рэчывы, сапанін, смолы, кальцый, крэмневую кіслату, вітамін C, рутын, каратын.

У многіх эўрапейскіх краінах (таксама і ў Беларусі) вялікае, моцна зморшчанае, лісьце (часам і кветкі) агурочніку ўжываюць у веснавых салатах (у Нямеччыне такія салаты звычайна гатуюць з кропам); у Францыі і Італіі яго таксама дадаюць у тушаныя стравы, і вараць адмысловы суп. Сьцябло, ачышчанае ад скуркі, адварваюць як гародніну, праціраюць на пюрэ (гарнір да рыбы ці мяса). У Брытаніі і Паўночнай Амэрыцы лісьце выкарыстоўваецца як інгрэдыент прахаладжальных напояў, а таксама некаторых гатункаў джына. У Заходняй Эўропе даўней меў рэпутацыю танізуючага сродку, які нібыта ўздымае настрой, паляпшае ўвагу і г. д. У Кітаі з лісьцем агурочніку гатуюць страву накшталт галубцоў або далмы.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».