Ільля Гальперын
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |
Ільля Саламонавіч Гальперын (Ульдзіс Курземніекс; Alex Kurzem; 1935 або 1936, Койданаў, БССР) — «самы малады нацыст Райху».
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў габрэйскай сям’і Саламона ды Ханы Гальперыных, якая займалася гарбарствам.
21 кастрычніка 1941 году, яго маці, малодшы брат і сястра былі расстраляны немцамі разам зь іншымі койданаўскімі габрэямі, а Ільля схаваўся ў лесе, дзе пражыў дзевяць месяцаў, а потым адзін зь мясцовых жыхароў здаў яго латыскай паліцэйскай брыгадзе (18 Курляндзкі ахоўны батальён), якая пазьней стала часткай войскаў Вафэн-СС. Латыскі сяржант Екабс Куліс пашкадаваў яго і ўзяў у брыгаду (схаваўшы тое, што хлопчык габрэй). Яму надалі новае імя — Ульдзіс Курземніекс (Курляндзец), ды пашылі адпаведны мундзір. Ульдзіс, разам з батальёнам, пабываў на Ўсходнім фронце пад Волхавам, трымаў у аблозе Ленінград.
У 1943—1944 гг. Ульдзіса Курземніекса адправілі жыць у латыскую сям’ю Екаба Дзеніса, дырэктара шакаляднай фабрыкі «Лайма» ў Рызе. Захаваўся прапагандысцкі фільм, дзе Ульдзіс абыходзіць у шпіталі параненых жаўнераў Вэрмахту і раздае ім шакалядкі «Лайма». Праўдападобна гэты фільм пабачыў А. Гітлер і ўхваліў, бо стужку паказвалі ва ўсіх фашысцкіх кінатэатрах. 21 кастрычніка 1944 г. Ульдзіс зь сям’ёй Дзенісаў на лайнэры «Генэрал Штойбен» пакідае Латвію. У Нямеччыне знаходзіўся ў лягерах перамешчаных асобаў у Заходняй зоне акупацыі, а ў 1949 г., разам зь сям’ёй Дзенісаў, выехаў у Аўстралію ды зрабіўся Алекс Курзем.
Спачатку працаваў у цырку, потым стаў рамантаваць тэлевізары ў Мэльбурне. За ўвесь гэты час ён нікому не расказаў пра мінулае, нават сваёй жонцы Патрысі (пам. у 2003 г.). Толькі ў 1997 г., рыхтуючыся да апэрацыі, Алекс вырашыў раскрыць сваю тайну. Свайму сыну, Марку Курзему, антраполягу, выкладчыку Оксфардзкага ўнівэрсытэту, ён распавёў урыўкі сваіх успамінаў і разам яны распачалі аднаўленьне сапраўднай біяграфіі Алекса.
Выявілася што ягоны бацька, Саламон Гальперын, выжыў у Асьвенціме ды вярнуўся пасьля вайны ў Койданава, ажаніўся і памёр у 1975 г. Ягоны сын, друкар Эрык Гальперын, жыве ў Менску. Польскія журналісты запрашалі Алекса з Аўстраліі ў Варшаву (па выніку гэтай паездкі Марыя Дрэгер зьняла стужку: «Усё, каб жыць»). Езьдзілі яны і ў Койданава, дзе да вайны жыла сям’я Гальперыных, адшукалі дом па вуліцы Кастрычніцкай, 12, а ў латыскіх кінаархівах знайшлі кадры з маленькім Алексам у эсэсаўскай форме.
Літаратура
рэдагаваць- Mark Kurzem. The Mascot: Unraveling the Mystery of My Jewish Father's Nazi Boyhood [Hardcover]. 2007.
- Głuchowski Р., Kowalski М. Stój i patrz! // Duży Format. Dodatek do Gazety Wyborczej. 17 marca 2008. S. 1-5.
- Дзярновіч А. З Койданаўскага гета ў латышскае СС. // Наша Ніва. 13 мая 2009. С. 13.
- Целеш Л. Дзіўныя прыгоды хлопчыка з Дзяржынскага гета. // Народная воля. Мінск. 14 чэрвеня 2011.