Wi-Fi (вымаўляецца вайфай) — гандлёвая марка Wi-Fi Alliance, якая выкарыстоўваецца на сэртыфікаваных прыладах бяздротавых лякальных сетак (WLAN) на аснове шэрага стандартаў IEEE 802.11. З-за свайго падабенства пад тэрмінам звычайна маецца на ўвазе тэхналёгія IEEE 802.11[1][2]. Wi-Fi працуе на мікрахвалевых радыёсыгналах, якія могуць распаўсюджвацца праз сьцены, падлогу, столь, падобна да сотавай сувязі[3].

Кропка доступу Wi-Fi, выглядае як звычайны маршрутызатар.

Wi-Fi Alliance — міжнародная некамэрцыйная асацыяцыя кампаніяў, якія прасоўваюць на рынак WLAN-тэхналёгіі, і сэртыфікуе прадукты вытворчасьці, калі яны падыходзяць пад стандарты. Але ня кожны прадукт праходзіць сэртыфікацыю: звычайна з-за вельмі вялікіх коштаў на яе правядзеньне. Таксама, ня кожная прылада безь лягатыпа Wi-Fi не зьяўляецца 802.11-сумяшчальнай.

Сёньня IEEE 802.11-сумяшчальныя прылады ўбудоўваюцца ў вялікую колькасьць пэрсанальных кампутараў, гульнявых кансоляў, смартфонаў, прынтэраў і іншай пэрыфэрыі, а таксама фактычна ва ўсе лэптопы і надалоньнікі.

Само слова Wi-Fi было прыдуманае альянсам у 1999 годзе, каб лёгка запаміналася. Яно нагадвала тэрмін hi-fi, які быў у той час папулярным[4].

Хуткасьць перадачы праз Wi-Fi залежыць ад мноства фактараў: формы памяшканьня, колькасьці разьмешчаных у ім адаптараў, наяўнасьці перашкод для радыёсыгналу, крыніц радыёперашкод і г. д.[5]

Найбольшая адлегласьць, на якой можа ажыцьцяўляцца сувязь па тэхналёгіі Wi-Fi, складае каля 300 футаў (91,44 мэтраў) на адкрытай прасторы[6].

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Інтэрнэт-доступ

рэдагаваць

Праз Wi-Fi кожная прылада з адпаведнай падтрымкай бяздротавых сетак можа падключыцца да Інтэрнэту, калі гэта магчыма. Для гэтага прылада павінна знаходзіцца ў зоне пакрыцьця сыгналу бяздротавай сеткі. Адна кропка доступу (г. зв. «гарачая кропка» ці хот-спот) можа пакрыць хату ці паверх офіснага будынку, а сетка зьяднаных паміж сабой кропак зь перакрыцьцём сыгналаў — шматпавярховы будынак ці нават частку гораду, напрыклад, Лёндан[7].

Непасрэдная сувязь паміж кампутарамі

рэдагаваць

Wi-Fi дазваляе абмен зьвесткамі паміж двума кліентамі і бяз кропак доступу. Гэта завецца рэжымам ad hoc. У падобныя сеткі аб’ядноўваюцца гульнявыя міні-кансолі падчас мультыплэерных гульняў (напрыклад, Nintendo DS), а таксама лічбавыя камэры і іншая бытавая электроніка. Таксама была створаная спэцыфікацыя Wi-Fi Direct, прасоўваемая Wi-Fi Alliance для абмену файламі і большай бясьпекі[8].

У стандарце IEEE 802.11 акрэсьлены разьдзел даступных частасьцяў на каналы для адначасовага дзеяньня некалькіх розных бяздротавых сетак (Wi-Fi Wireless LAN). Працоўная група стандарту разрабляе дакумэнтацыю па дакладным разьмяшчэньні каналаў у дыяпазонах 2,4 ГГц, 3,6 ГГц і 4,9/5,0 ГГц[9]. Кожны дыяпазон разьдзелены на некалькі каналаў. Шырыня канала паводле стандарта 802.11a складае 20 МГц[10]. У кожнай краіне існуюць свае законы наконт выкарыстаньня пэўных частасьцяў і магутнасьці радыяцыі. У ЗША, напрыклад, ліцэнзаваныя апэратары аматарскага радыё могуць выкарыстоўваць нават большую магутнасьць, напрыклад, для працы Wi-Fi на вялікія адлегласьці. У 2001 годзе выпушчаны стандарт 802.11a, паводле якога абмен інфармацыі па Wi-Fi праводзіўся з частатой 5 ГГц і забясьпечвалася хуткасьць перадачы зьвестак да 54 Мбіт/с[11]. У чэрвені 2003 году канчаткова быў прыняты стандарт Wi-Fi 802.11g, які зьяўляецца ўдасканаленьнем спэцыфікацыі IEEE 802.11b і працуе на той жа частасьці 2,4 ГГц[12]. Версія пратакола 802.11n забясьпечвае найбольшую хуткасьць перадачы зьвестак да 600 Мбіт/с[13].

 
Графічнае адлюстраваньне разьдзяленьня каналаў Wi-Fi у дыяпазоне 2.4 ГГц.

У Беларусі

рэдагаваць

У Беларусі зь цягам часу зьявілася вялікая колькасьць хот-спотаў Wi-Fi. Буйную сетку кропкавага пакрыцьця з платным доступам мае Белтэлекам[14]. Кропкі доступу ёсьць ва ўнівэрсытэтах, гатэлях, вакзалах і іншых аб’ектах амаль кожнага гораду Беларусі. Іх колькасьць за 2009 год павялічылася ў 3 разы, склаўшы 640 хот-спотаў (ва ўладаньні Белтэлекаму). Хатняе выкарыстаньне Wi-Fi абмяжоўваецца законамі Беларусі, дазваляецца выкарыстаньне толькі ў межах памяшканьняў. Але створаныя пэўныя паслабленьні ў выдзяленьні частасьцяў дыяпазону Wi-Fi[15].

За 2013 год да 50 000 вырас лік грамадзкіх кропак доступу да «Вайфаю», якія знаходзіліся ў буйных гарадах. У Менску дзейнічала звыш 6000 такіх кропак (12 %). Найчасьцей іх разьмяшчалі ў будынках гасьцініцаў, здраўніцах і кінатэатрах, выставачных і гандлёвых цэнтрах, на чыгуначных і аўтавакзалах, лётнішчах і стадыёнах[16].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Wi-Fi, Webopedia  (анг.)
  2. ^ Basic Facts About Wi-Fi and its Advancement, TechPluto  (анг.)
  3. ^ Paul Boutin Wi-Fi for Dummies  (анг.) // Slate Magazine. — 2003.
  4. ^ Jeff Baker (3 ліпеня 2018) What is Wi-Fi? Explained in simple terms (анг.). www.3G.co.uk.
  5. ^ Бардиян, Д. Варианты соединения компьютеров  (рас.) // КВ-Лайт. — 2006. — № 14.
  6. ^ Sergey E. Bogomolov (20 студзеня 2018) Bog BOS: hard: Беспроводные локальные сети IEEE 802.11 (Wi-Fi, Radio Ethernet, WLAN) (рас.)
  7. ^ Switch on for Square Mile wi-fi, BBC News  (анг.)
  8. ^ John Cox (14 кастрычніка 2009) Wi-Fi Direct allows device-to-device links (анг.). Network World. Архіўная копія ад 23 кастрычніка 2009 г.
  9. ^ IEEE 802.11 Specifications (анг.). IEEE. Архіўная копія ад 6 кастрычніка 2009 г.
  10. ^ Стандарт IEEE 802.11n (рас.). Журнал Беспроводные технологии (11 сьнежня 2008).
  11. ^ Денисов, Д. (19 ліпеня 2019) Обзор технологии Wi-Fi (рас.). Nag.
  12. ^ Стандарты WiFi (рас.). Портал о современных технологиях беспроводной связи. Архіўная копія ад 20 касрычніка 2014 г.
  13. ^ Гуща Е. В., Колесников Н. А. Применение Wi-Fi модуля с Web-интерфейсом в автоматизированных системах управления технологическими процессами // Исследования и разработки в области машиностроения, энергетики и управления : материалы XIX Междунар. науч.-техн. конф. студентов, аспирантов и молодых ученых, Гомель, 25–26 апр. 2019 г.. — Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого, 2019. — С. 300-302.
  14. ^ Wi-Fi, Провайдеры Беларуси  (рас.)
  15. ^ Частоты Wi-Fi подешевели в 4 раза, Провайдеры в Беларуси  (рас.)
  16. ^ Надзея Нікалаева. 50 тысяч кропак доступу // Зьвязда : газэта. — 15 студзеня 2014. — № 6 (27616). — С. 3. — ISSN 1990-763x.