The Hobos
The Hobos (у перакладзе з ангельскай мовы: бадзягі, валацугі) – латыскі музычны гурт, утвораны ў Ліепаі ў 1999 г. зацятым вандроўнікам і шукальнікам прыгод Роландам Удрысам (які стаў вакалістам і духоўным лідэрам калектыву).
The Hobos | |
The Hobos, 2004 | |
Гады | з 1999 да сёньня |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Ліепая, Латвія |
Жанр | рок-музыка |
Выдавец | Platforma Records |
Удзельнікі | Роландс Удрыс Марціньш Буркевіч Эганс Кронбэргс Вілніс Крэвіньш |
thehobos.com |
Гісторыя
рэдагавацьПершыя спробы супольнай ігры пачаліся з выступаў у разнастайных ліепайскіх клюбах. Хлопцы нядоўга марылі пра посьпех і славу: напрыканцы дэбютнага 1999 году з дапамогай сваіх калег з Prāta Vētra яны запісалі першы альбом Numbvision, які дасягнуў залатога статусу ў Латвіі й Летуве. Бубнач Вілніс Крэвіньш прыйшоў да Удрыса зь Līvi.
Другі альбом запісваўся ўжо на студыі Abbey Road, што прадвызначыла выхад гурту на эўрапейскую арэну (пераважна на рынкі Нямеччыны, Швэцыі, Фінляндыі й Эстоніі). У 2002 годзе быў запісаны паваротны трэці альбом Flashback Mornings, песьня зь якога пад назвай «Flying Away» безальтэрнатыўна лічыцца найлешай у творчасьці калектыву (да таго ж яна здабыла ўзнагароду як рок-песьня году ў Латвіі). Што ж датычыць самога альбому, то ён таксама быў прызнаны рокавым альбомам году ў краіне.
Тэксты песень ад самага пачатку пісаліся на ангельскай мове, што сталася ня столькі праявай любові латыскіх выканаўцаў да прынадаў глябалізму, колькі адлюстраваньнем мітусьлівай Роландавай натуры, якой карціць па ўсім сьвеце адчуваць сябе як дома. Гэтая акалічнасьць кладзе свой адбітак і на музыку гурта, якую немагчыма адназначна аднесьці да нейкага жанру. Напачатку творчасьці гурт хіліўся да немудрагелістага біту з папулярнай мэлёдыкай і блюзавымі гітарнымі афарбоўкамі. Але надалей у ягонай музыцы надышла пара зьменаў у гучаньні. Ад трэцяга альбому The Hobos усё болей увагі надае электроннаму саўнду, разнастайным блытаным рытмам і галасавым экспэрымэнтам. Можна сказаць, што сёньня музыкі пераканаўча вандруюць у бок інды-року.
Варта дадаць, што The Hobos аддаюць перавагу арыгінальным (можна нават сказаць — аўтарскім) аздабленьням альбомаў. Кожны зь іх выпускаецца абавязкова ў папяровай (з кардону) вокладцы зь незвычайным начыньнем.
Цяпер гурт стала базуецца ў Рызе, дзе мае сваю пляцоўку для рэпэтыцыяў, хаця, пачынаючы з 2004 г., яго ўдзельнікі больш увагі надаюць пабочным праектам, чым працы ў самім The Hobos. Аднак яны па-ранейшаму зьбіраюцца разам, каб зайграць на рознага кшталту фэстах ці іншых супольных канцэртах.
Склад гурта
рэдагаваць- Роландс Удрыс (Удрыціс) — вакал, аўтар песьняў
- Марціньш Буркевіч — бас-гітара
- Эганс Кронбэргс — гітара
- Вілніс Крэвіньш — бубны
Альбомы
рэдагаваць- Numbvision (1999)
- Perfect Solution (2001)
- Flashback Mornings (2002)
- Radio Jah Jah (2004)