The Hobbit (гульня, 1982)
«The Hobbit» (па-беларуску: Хобіт) — тэкстава-малюнкавая прыгодніцкая кампутарная гульня паводле кнігі Дж. Р. Р. Толкіна «Хобіт», выдадзеная ў 1982 року. Распрацаваная ў Beam Software Філіпам Мітчэлам і Веранікай Мэглер[1] і выдадзеная Melbourne House для большасьці існуючых у той час хатніх кампутараў: ZX Spectrum, Commodore 64, Amstrad CPC 464, BBC Micro, MSX, Dragon 32 і Oric. Па дамоўленасьці з выдаўцамі да кожнай гульні прыкладаўся асобнік кнігі.
The Hobbit | |
Дата выпуску | 1982 |
---|---|
Жанр | тэкставая прыгода |
Стваральнікі | |
Распрацоўнік | Beam Software |
Выдавец | Melbourne House |
Тэхнічныя дэталі | |
Плятформы | |
Рэжым | адзінаасобная гульня |
Носьбіты | |
Кіраваньне | клявіятура |
Аналізатар тэксту, названы Inglish (прыкладна бел. янгельская мова), быў для свайго часу вельмі прасунуты і разумеў падмноства ангельскай мовы[2]. На той час большасьць падобных гульняў мелі простыя аналізатары дзеяслоў-назоўнік, якія маглі зразумець фразу кшталту «ўзяць лямпу», а Inglish дазваляў уводзіць такія фразы, як «спытацца Гэндальфа пра дзіўную мапу, пасьля ўзяць меч і забіць ім троля». Аналізатар быў складаны й інтуітыўны, успрымаў займеньнікі, прыслоўі («занорыста атакаваць гобліна»), прыназоўнікі, пунктуацыю і дазваляў гульцу ўзаемадзейнічаць з вакольным сьветам у нябачаны дагэтуль спосаб.
Гульнявы працэс
рэдагавацьМноства мясьцінаў былі праілюстраваныя паводле распрацаваных Кентам Рысам арыгіналаў. На касэтнай вэрсіі дзеля эканоміі месца кожная выява захоўвалася ў сьціснутым фармаце, які зьмяшчаў зьвесткі толькі пра абрысы аб’ектаў, а пасьля пры вывадзе на экран абмежаваныя зоны заліваліся[3]. Таму на слабых працэсарах прамалёўка новай сцэны магла займаць некалькі сэкундаў. Дыскетная вэрсія гульні мела перадрэндэраныя і больш якасныя выявы.
Гульня мела інавацыйную фізычную сыстэму, распрацаваную Вэранікай Мэглер. Прадметы і пэрсанажы ў гульні мелі разьлічаны памер, вагу і трываласьць. Прадметы можна было ўстаўляць унутар іншых прадметаў, зьвязваць вяроўкай, пашкодзіць ці сапсаваць. Калі галоўны пэрсанаж сядзеў у бочцы, якую паднялі і кідалі скрозь люк, пэрсанаж ляцеў разам зь ёю.
У адрозьненьне ад іншых інтэрактыўных прыгодаў, гульня мела рэальны рэжым. Так, калі гулец адыходзіў ад клявіятуры на працяглы час, падзеі працягвалі адбывацца безь ягонага ўдзелу шляхам аўтаматычнага ўводу каманды «ЧАКАЦЬ» і адказу «Вы чакаеце, а час ідзе». Калі было неабходна адысьці на непрацяглы час, можна было ўвесьці каманду «ПАЎЗА», якая спыняла хаду гульні да націску клявішы.
Гульня мела некалькі негульнявых пэрсанажаў, якія былі абсалютна незалежныя ад гульца і прытрымліваліся ўсталяваных правілаў гульні. Яны характарызаваліся ляяльнасьцю, моцай і асаблівасьцямі, якія ўплывалі на іхнія паводзіны і не заўсёды былі прадказальнымі. Напрыклад, Гэндальф вольна вандраваў па ўнутрыгульнявым сьвеце (каля 50 мясьцінаў), падбіраў прадметы, біўся і трапляў у палон.
Зьменлівасьць пэрсанажаў, сумешчаная з разгорнутай фізыкай і непрадказальнай сыстэмаю бою, давала магчымасьць разьвіваць гульню рознымі спосабамі, хоць таксама выклікала і праблемы (напрыклад, калі істотны пэрсанаж мог загінуць надта рана). Існавалі розныя варыянты разьвязаньня задачаў, і цяпер гульню можна лічыць адным зь першых прыкладаў эмэрджэнтнага гэймплэю(en).
Успрыняцьце
рэдагаваць«The Hobbit» атрымаў узнагароду «Залаты джойстык» як найлепшая стратэгічная гульня 1983 року[4]. За першыя два гады было прададзена больш за 100 000 копіяў гульні коштам £14,95[5], а да канца 1980-х колькасьць прададзеных копіяў дасягнула мільёну[6]. Асноўнымі чыньнікамі такога посьпеху стала папулярнасьць творчасьці Толкіна, а таксама інавацыйны лінгвістычны аналізатар Inglish, створаны Сьцюартам Рычы[6].
У 1993 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 68-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў і 42-е — па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[7].
Уплыў
рэдагавацьУ 1984 быў выдадзены дапаможнік па праходжаньні гульні «A guide to playing The Hobbit»[8].
Распрацоўнік Beam Software пасьля гэтага посьпеху стварыў цэлую сэрыю гульняў па тэматыцы Міжзем’я:
- «Lord of the Rings: Game One» (1985)
- «Shadows of Mordor: Game Two of Lord of the Rings» (1987)
- «The Crack of Doom» (1989)
Таксама яны скарысталі свой рухавік Inglish у гульні 1984 року «Sherlock».
У 1986 CRL выдала пародыю на «Хобіта» пад назваю «The Boggit».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Simon Sharwood. (2012-11-18) Author of 80's classic The Hobbit didn't know game was a hit (анг.). The Register. Праверана 2012-11-18 г.
- ^ DeMaria, Rusel and Wilson, Johnny L. (2002) High Score!: The Illustrated History of Electronic Games McGraw-Hill/Osborne, Berkeley, Calif., p. 52, ISBN 0-07-222428-2
- ^ Garratt, Phil (1983) «The Hobbit: Phil Garratt, after a brief sojourn in Middle Earth, takes time off to tell us what he found there» ZX Computing issue 8304, page 76
- ^ «The Golden Joystick Award», C&VG, Issue 29
- ^ Mike Gerrard: Adventuring into an Unknown World. In: The Guardian, 1984-08-30, section Micro Guardian/Futures, page 13.
- ^ а б DeMaria, Rusel and Wilson, Johnny L. (2002) High Score!: The Illustrated History of Electronic Games McGraw-Hill/Osborne, Berkeley, Calif., p. 347, ISBN 0-07-222428-2
- ^ Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.
- ^ David Elkan: A Guide to Playing the Hobbit. Melbourne House, 1984, ISBN 0-86161-161-6
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- The Hobbit (анг.) на World of Spectrum
- The Hobbit (анг.) на MobyGames
- The Hobbit (анг.) на Open Directory Project
- The Hobbit (анг.) на Tolkien computer games
- Эмулятар вэрсіі для ZX Spectrum