Windows 95

(Перанакіравана з «Microsoft Windows 95»)

Microsoft Windows 95апэрацыйная сыстэма з графічным інтэрфэйсам, арыентаваная на масавы рынак. Сыстэма была выпушчаная 24 жніўня 1995 году карпарацыяй «Майкрасофт»[2], пасьля чаго быў адзначаны істотны прагрэс у разьвіцьці апэрацыйных сыстэм сямейства Windows.

Windows 95

Здымак працоўнага стала Windows 95
Распрацоўнік
«Майкрасофт» (ЗША)
Вэб-сайт www.microsoft.com
Выпускі
Сямейства АС Windows 9x
Першы выпуск 24 жніўня 1995 г.; 29 гадоў таму
Апошні стабільны рэліз 4.0 (Build 950 C: OEM Service Release 2.5) (26 лістапада 1997 г.; 27 гадоў таму)
Плятформы IA-32
Тып ядра Маналітнае
Ліцэнзія Прапрыетарнае камэрцыйнае апраграмаваньне
Папярэднік Windows 3.1x (1993)
Наступнік Windows 98 (1998)
Вэб-сайт http://www.microsoft.com/windows95
Бягучы стан
Падтрымка скончаная 31 сьнежня 2001[1]

У часе распрацоўкі сыстэма згадвалася пад назвай Windows 4.0 і ўнутраным кодавым імем Chicago (па-беларуску: Чыкага).

Windows 95 мела ў сваім падмурку сыстэму MS-DOS і, увабраўшы ранейшыя дасягненьні прадуктаў Windows, пры гэтым зрабіла вялікі крок наперад, адштурхнуўшыся ад сваёй папярэдніцы, Windows 3.1, галоўным чынам у частцы графічнага інтэрфэйсу карыстальніка (GUI) і рэалізацыі спэцыфікацыяў plug and play. Шмат высілкаў было зроблена для аддаленьня сыстэмы ад пераважна 16-бітнай архітэктуры і набліжэньня да выцісьняльнай шматзадачнай 32-бітнай архітэктуры.

На фоне маштабнай рэклямнай кампаніі Windows 95 дабілася посьпеху на рынку ад самага пачатку і хутка стала першай па папулярнасьці апэрацыйнай сыстэмай. Шмат навінак Windows 95 сталіся знакавымі для лінейкі АС і былі пакінутыя ў наступных вэрсіях: панэль задачаў, кнопка «Пуск» і сам прынцым узаемадзеяньня карыстальніка з сыстэмай. Мяркуецца, што Windows 95 таксама прычынілася да зьнікненьня некаторых іншых прадуктаў, як то OS/2, з рынку, што было потым скарыстана супраць «Майкрасофта» ў судзе.

Праз тры гады пасьля выпуску Windows 95 «Майкрасофт» выпусьціў яе наступніцу — Windows 98. Падтрымка Windows 95 была скончаная 31 сьнежня 2001 году.

Архітэктура

рэдагаваць
 
Архітэктурная дыяграма Windows 95.

Windows 95 рабілася з разьлікам на максымальную сумяшчальнасьць з ужо напісанымі праграмамі для MS-DOS і 16-бітнымі праграмамі для Windows, у тым ліку драйвэрамі, пры гэтым прапануючы большую стабільнасьць і прадукцыйнасьць[3]. Найніжэйшы ўзровень сыстэмы займаюць драйвэры віртуальных прылад (VxD), якія працуюць у 32-бітным абароненым рэжыме, а таксама адна ці некалькі віртуальных машын DOS, якія працуюць у віртуальным рэжыме 8086. Драйвэры віртуальных прыладаў адказваюць за кіраваньне фізычнымі прыладамі (як то графічнымі і гукавымі картамі), эмулююць віртуальныя прылады для выкарыстаньня віртуальнымі машынамі, і выконваюць іншыя сыстэмныя функцыі. Найбольш важнымі VxD зьяўляюцца наступныя тры:

Virtual Machine Manager (VMM32.VXD)
Мэнэджар віртуальных машын — адказвае за кіраваньне памяцьцю, апрацоўку падзеяў і перарываньняў, загрузку і ініцыялізацыю драйвэраў віртуальных прыладаў, стварэньне новых віртуальных машын і плянаваньне нітак.
Configuration Manager (CONFIGMG)
Мэнэджар канфігурацыі — адказвае за працу Plug and Play, сочыць за зьменамі ў канфігурацыі абсталяваньня, вызначае прылады праз нумаратары шыны (анг. bus enumerator), а таксама разьмяшчае парты ўводу-вываду, запыты на спыненьне, каналы DMA і памяць, пры гэтым пазьбягаючы канфліктаў.
Installable File System Manager (Падсыстэма ўводу-вываду)
Каардынуе доступ да вядомых файлавых сыстэмаў. Windows 95 першапачаткова шла з падтрымкай FAT12, FAT16, пашырэньня VFAT, ISO 9660 (CDFS) і сеткавых перанакіроўнікаў. У пазьнейшых выпусках была даданая падтрымка FAT32.

Запыты на доступ да фізычных носьбітаў дасылаюцца ў адрас Супэрвізара ўводу-вываду (анг. Input/Output Supervisor) — кампанэнта, які адказвае за плянаваньне запытаў. Кожны фізычны носьбіт мае ўласны драйвэр: доступ да дыску ажыцьцяўляецца праз драйвэр порту (анг. port driver), а да SCSI-прылады — праз драйвэр мініпорту, які працуе паўзьверх пласту SCSI. Драйвэры порту і мініпорту ладзяць усе апэрацыі I/O ў 32-бітным абароненым рэжыме, праскокваючы MS-DOS і BIOS, што дае выразны прырост прадукцыйнасьці. Калі для пэўнай прылады носьбіту ня маецца Windows-драйвэра, або прылада прымушаная да працы ў рэжыме сумяшчальнасьці, Разьмеркавальнік рэальнага рэжыму (анг. Real Mode Mapper) зможа набыць доступ да яе праз MS-DOS.

32-бітныя праграмы Windows атрымліваюць у карыстаньне ўласныя сэгмэнты памяці, памер якіх можа быць зьменены паводле волі карыстальніка. Праграмы ня могуць набыць доступ да памяці па-за межамі ўласнага сэгмэнту. Калі адбываецца збой у праграме, гэта ня чыніць шкоды нічому іншаму. Дагэтуль праграмам выдаваліся неэксклюзіўныя 64-кілябайтныя сэгмэнты. У пару DOS і Windows 3.x гэта было ня толькі памер сэгмэнтаў быў вялікай завадай, але і адсутнасьць эксклюзіўнага доступу стварала праблемы ў стабільнасьці праграм: іншыя працэсы маглі перазапісваць памяць адно аднаго. Адпаведна, збойная праграма ў Windows 3.x магла сапсаваць працу суседніх працэсаў.

Win32 API быў рэалізаваны ў трох модулях, кожны зь якіх існаваў у 16- і 32-бітным выкананьні:

Kernel
Ядро — высокаўзроўневы доступ да кіраваньня памяцьцю і працэсамі, а таксама доступ да файлавай сыстэмы. Складаецца з KRNL386.EXE, KERNEL32.DLL і VWIN32.VXD.
User
Карыстальнік — адказвае за кіраваньне і стварэньне розных кампанэнтаў інтэрфэйсу карыстальніка, як то вокнаў, мэню і кнопак. Складаецца з USER.EXE and USER32.DLL.
Graphics Device Interface (GDI)
Інтэрфэйс графічных прыладаў — прыладанезалежнае стварэньне графічных аб’ектаў. Складаецца з GDI.EXE and GDI32.DLL.

Залежнасьць ад MS-DOS

рэдагаваць

MS-DOS для карыстальніка выступае як базавы кампанэнт Windows 95. Так, існуе магчымасьць спыніць загрузку графічнага інтэрфэйсу і перайсьці ў асяродзьдзе MS-DOS з рэальным рэжымам выкананьня. Гэта прывяло да спрэчкі сярод карыстальнікаў і адмыслоўцаў, ці зьяўляецца Windows 95 паўнавартаснай апэрацыйнай сыстэмай або хіба толькі графічнай абалонкай па-над MS-DOS[4].

Па сканчэньні загрузкі графічнага інтэрфэйсу карыстальніка мэнэджар віртуальных машын бярэ пад свой кантроль усе апэрацыі з файлавай сыстэмай і дыскамі. Абавязкі ж MS-DOS скарачаюцца да забесьпячэньня сумяшчальнасьці з 16-бітнымі драйвэрамі[5]. Гэтым Windows 95 істотна адрозьнівалася ад ранейшых вэрсіяў Windows, у якіх MS-DOS адказвай за доступ да файлаў і дыскаў (Windows for Workgroups 3.11, аднак, збольшага мог абходзіць MS-DOS пры ўмове ўключэньня 32-бітнага доступу да файлаў і 32-бітнага доступу да дыскаў). Утрыманьне MS-DOS у памяці дазваляе працаваць з DOS-драйвэрамі, калі слушныя драйвэры для Windows адсутнічаюць. Windows 95 падтрымлівае ўсе 16-бітныя драйвэры, напісаныя пад Windows 3.x.

Адрозна ад Windows 3,1x, DOS-праграмам, што працуюць у асяродзьдзі Windows 95, не патрэбныя DOS-драйвэры для мышы, CD-ROM і гукавай карты — ужываюцца драйвэры для Windows. Пры гэтым для загрузкі Windows 95 усё яшчэ патрабуецца HIMEM.SYS, а EMM386 і іншыя мэнэджары памяці выкарыстоўваюцца для выкананьня старых праграм для DOS. У дадатак, налады ў файлах CONFIG.SYS і AUTOEXEC.BAT (ня лічачы HIMEM.SYS) не ўплываюць на праграмы для Windows. Гульні для DOS, якія нельга было запусьціць у Windows 3.x, можна выканаць у Windows 95 (гульні звычайна прыводзілі да завісаньня Windows 3.x або іншых праблемаў). Як і ў Windows 3.x, праграмы для DOS, што працуюць у графічных рэжымах EGA або VGA, адлюстроўваюцца ў вокнах.

На пачатку загрузкі падсыстэма MS-DOS рэагуе на націск клявішы F8, па націску якой прыпыняецца нармальны працэс загрузкі. На экран выводзіцца мэню загрузкі DOS, у якім можна выбраць працяг загрузкі Windows, загрузку Windows у бясьпечным рэжыме, або выхад у асяродзьдзе MS-DOS з запрашэньнем у камандны радок[4]. У апошнім варыянце MS-DOS загрузіцца без падтрымкі 32-бітных функцыяў; для падтрымкі мышы і іншага абсталяваньня мусяць быць загружаныя адпаведныя драйвэры.

Як вынік падобнай залежнасьці ад DOS, Windows 95 вымушаная захоўваць адпаведнасьць структур зьвестак DOS з уласнымі структурамі. Пры запуску праграмы, нават натуральнай 32-бітнай праграмы для Windows, MS-DOS неадкладна стварае структуру зьвестак, вядомую пад назвай Program Segment Prefix. Магчыма нават такое, што пры гэтым MS-DOS ня хопіць асноўнай памяці і праграма ня зможа запусьціцца[4].

Інтэрфэйс карыстальніка

рэдагаваць

У Windows 95 была перапрацаваная абалонка сыстэмы — у яе была закладзеная мэтафара стальніцы — «працоўнага стала». У адрозьненьне ад Windows 3.1, у якой стальніца служыла толькі месцам адлюстраваньня працуючых праграм, у Windows 95 зьявілася магчымасьць зьмяшчаць на стальніцу ярлыкі на праграмы, файлы і папкі. Запушчаныя праграмы сталі паказвацца як кнопкі на панэлі задач, што разьмешчана ўздоўж ніжняга краю экрана. У гэтай жа панэлі разьмяшчаюцца значкі фонавых праграм, рэгулятар гучнасьці і цяперашні час. Мэню «Пуск», якое адкрываецца па пстрыку на кнопку ў ніжнім левым куце з надпісам «Пуск» (Start), было створанае як новы спосаб запуску праграм, замяніўшы «Дыспэтчар праграм» з папярэдніх выпускаў Windows. Як і папярэднік, мэню «Пуск» утрымлівае групы праграм, але яны адлюстроўваюцца каскадам падмэню. Дыспэтчар файлаў — таксама адна з праграм у арсэнале раньніх выпускаў Windows — была замененая на Windows Explorer.

У 1994 годзе дызайнэры «Майкрасофта» Марк Маламуд(en) і Эрык Гаўрылюк(en) зьвярнуліся да Браяна Іна з просьбай напісаць музыку для праекту Windows 95[6]. Вынікам стаўся 6-сэкунды ўрывак, які прайграецца пры кожным запуску Windows 95 — Гук «Майкрасофта» (па-ангельску: The Microsoft Sound)[7].

Internet Explorer 4, выпушчаны для Windows 95 і NT4, ішоў зь неабавязковым пакетам Windows Desktop Update, які інтэграваў Internet Explorer у абалонку сыстэмы — карыстальнікі маглі скарыстацца функцыяй Active Desktop, якая дазваляла ўбудаваць вэб-старонку проста на стальніцу — і прыўносіў іншыя абнаўленьне ў Windows Explorer.

Некаторыя з элемэнтаў інтэрфэйсу Windows 95, такія, як стальніца, панэль задачаў, мэню «Пуск» і дыспэтчар файлаў Windows Explorer, моцна ўкараніліся ў наступных выпусках Windows і засталіся амаль нязьменнымі.

Тэхнічныя ўдасканаленьні

рэдагаваць

З усіх раньніх вэрсіяў Windows падтрымка доўгіх імён файлаў (да 255 сымбаляў) зь мяшаным рэгістрам зьявілася ў Windows 95. Гэтая сыстэма таксама абсталявалася падтрымкай выцісьняльнай шматзадачнасьці ў бясьпечным рэжыме для 32-бітным праграм.

Доўгія імёны файлаў

рэдагаваць

Для падтрымкі доўгіх імён файлаў у Windows 95 зьявілася пашырэньн файлавай сыстэмы VFAT і 32-бітны доступ да файлаў(en). З доўгімі імёнамі могуць працаваць як, уласна, праграмы для Windows, гэтак і праграмы для MS-DOS, запушчаныя з асяродзьдзя Windows (але патрабуецца дробная дапрацоўка, паколькі доступ да файлаў з доўгімі імёнамі вымагае большых буфэраў шляхоў і карыстаньня іншымі сыстэмнымі выклікамі). Іншыя сумяшчальныя з DOS сыстэмы, выпушчаныя раней Windows 95, ня могуць пабачыць гэтых назваў. Пры маніпуляцыях з файламі ў старых праграмах для DOS гэтыя доўгія імёны траціліся, як то пры пераносе, капіяваньні або перайменаваньне файлаў. Калі Windows 95 працуе ў рэжыме DOS, нізкаўзроўневы доступ да дыскаў блякуецца. Калі ёсьць патрэба ў дыскавых утылітах, якія не падтрымліваюць доўгія імёны (напрыклад, дэфрагмэнтатар з набору ўтылітаў MS-DOS 6.x), зрабіць рэзэрвовую копію імёнаў і аднавіць іх па сканчэньні працы дапаможа ўтыліта LFNBACK, што знаходзіцца на інсталяцыйным CD-ROM Windows 95 па шляху \ADMIN\APPTOOLS\LFNBACK.

32-бітнасьць

рэдагаваць

Windows 95 працягнула тэндэнцыю Windows for Workgroups 3.11 скідваньня падтрымкі старых 16-бітных x86 працэсараў — мінімальна неабходным зьяўляецца Interl 80386 або сумяшчальны. Хаця ядро сыстэмы ёсьць 32-бітным, шмат частак сыстэмы (асабліва тых, што тычацца інтэрфэйсу карыстальніка) былі пакінутыя 16-бітнымі з прычыны павышэньня прадукцыйнасьці і абмежаваньня распрацоўнікаў у часе (шмат коду для інтэрфэйсу карыстальніка было перапрацавана з Windows 3.1). Гэта самым горшым шляхам адбілася на стабільнасьці як усёй сыстэмы, гэтак і асобных праграм.

Увядзеньне 32-бітнага доступу да файлаў у Windows for Workgroups 3.11 сьведчыла, што 16-бітны рэальны рэжым MS-DOS не выкарыстоўваецца для працы з файламі, калі працуе Windows. Гэтак жа папярэдняе ўвядзеньне 32-бітнага доступу да дыскаў сьведчыла, што BIOS ня будзе адказваць за ўпраўленьне дыскамі. Хоць DOS можа ўжывацца для карыстаньня старымі драйвэрамі дзеля сумяшчальнасьці, але «Майкрасофт» адмаўляе ад карыстаньня імі, паколькі гэта парушае шматзадачнасьць і ўплывае на стабільнасьць сыстэмы. Панэль кіраваньня дазваляе праглядзець, якія кампанэнты MS-DOS задзейнічаныя ў сыстэме, але аптымальная прадукцыйнасьць дасягаецца, калі ўсе яны не ўжываюцца. Драйвэры рэальнага рэжыму для MS-DOS ужываюцца ядром толькі ў бясьпечным рэжыме, які неабходны карыстальнікам для аднаўленьня працы родных драйвэраў, што працуюць у абароненым рэжыме.

  1. ^ Windows lifecycle fact sheet (анг.) Праверана 6 верасьня 2009 г.
  2. ^ David Segal. With Windows 95's Debut, Microsoft Scales Heights of Hype (анг.) // Washington Post, 24 жніўня 1995 г.
  3. ^ How 16-Bit and 32-Bit Programs Multitask in Windows 95 (анг.). support.microsoft.com.
  4. ^ а б в  Schulman, Andrew Unauthorized Windows 95 - Developer's Resource Kit. — Foster City, California: International Data Group Company, 1994. — ISBN 1-56884-305-4
  5. ^ Chen, Raymond (24 сьнежня 2007) What was the role of MS-DOS in Windows 95? (анг.) The Old New Thing. MSDN.com.
  6. ^ Justin Rohrlich. Who Created the Windows Start-Up Sound? (анг.) // Minyanville, 25 траўня 2010 г. Праверана 30 жніўня 2013 г.
  7. ^ Joel Selvin. Q and A With Brian Eno (анг.) // San Francisco Chronicle, 2 жніўня 1996 г. Праверана 30 жніўня 2013 г.