Firefox, Mozilla Firefox (па-беларуску: «Вогненая лісіца», «Мазіла Файрфокс», «Вогнеліс»; арыгінальнае вымаўленьне паводле міжнароднага фанэтычнана альфабэту: [moʊˈzɪlə ˈfaɪɹfɑks]) — браўзэр, які распаўсюджваецца пад вольнай ліцэнзыяй. Першы браўзэр з адкрытым зыходным кодам, які дамогся такой папулярнасьці. Firefox зьяўляецца нашчадкам праекту Mozilla. Вызначаецца гнуткай канфігурабельнасьцю, вялікай колькасьцю дадаткаў для вырашэньня розных задачаў карыстальніка. Мае дадаткі для фільтрацыі непажаданага зьместу, он-лайнавага перакладу, вывярэньня правапісу, узаемадзеяньня з блог-рухавікамі ды інш.

Firefox
Firefox 48 на Linux Mint
Распрацоўка Mozilla Corporation
Апошняя вэрсія [+/−]
АС кросплятформенная
Тып браўзэр
Ліцэнзія Mozilla Public License/GPL/LGPL
Афіцыйная старонка www.mozilla.com

Вэрсія для настольных кампутараў выпускаецца пад апэрацыйныя сыстэмы Windows, MacOS, Linux. Асобна выпускаюцца вэрсіі для Android ды iOS. Існуюць вэрсіі для OS/2, FreeBSD, OpenBSD, Solaris і іншых апэрацыйных сыстэмаў. Падтрымка NetBSD ажыцьцяўляецца энтузіястамі[1].

Firefox зьяўляецца адным з найбольш гнуткіх браўзэраў, мае шырокія магчымасьці наладаў: карыстальнік можа ўсталёўваць дадатковыя тэмы, якія зьмяняюць зьнешні выгляд праграмы, і дадаткі, якія дадаюць новую функцыянальнасьць.

Сярод адметных асаблівасьцяў можна вылучыць:

  • павышаны клопат пра бясьпеку (толькі калі ў Firefox адбываецца збой, са згоды карыстальніка ў кампанію Mozilla адсылаецца паведамленьне пра непаладку зь зьвесткамі пра наведаную пры збоі старонку, апаратнае забесьпячэньне й апэрацыйную сыстэму кампутара[2]);
  • так званыя «Жывыя закладкі» («Live bookmarks») — мэханізм інтэграцыі RSS-струменяў;
  • шырокія магчымасьці па наладзе паводзінаў і зьнешняга выгляду;
  • аўтаматычнае абнаўленьне як самога браўзэра, так і яго пашырэньняў (пачынаючы з вэрсіі 1.5).

Правільнасьць найменьня некаторых асаблівасьцяў «адметнымі» (эксклюзіўнымі для гэтага браўзэра, або ўпершыню ўжытыя менавіта ў ім) зьяўляецца чыньнікам спрэчак ды інтэрнэт-дыскусіяў. З ростам папулярнасьці Firefox і павышэньнем цікавасьці хакераў, заяўленая стваральнікамі павышаная бясьпека стала нярэдка аспрэчвацца (зрэшты, некаторыя гучныя заявы на небясьпечнасьць апынуліся фікцыяй).

За выключэньнем адладчыка DOM, здольнага паведаміць карыстальніку пра памылку ў сынтаксісе загружанае старонкі і паказаць нумар радка, якая зьмяшчае памылку, прыладаў для вэб-распрацоўніка ў базавай канфігурацыі Firefox няма. Аднак, існуе мноства пашырэньняў, якія рэалізуюць неабходную функцыянальнасьць для вэб-распрацоўнікаў. У прыватнасьці:

  • JSONView — дадатак для прагляду зьнешніх файлаў старонкі
  • Html Validator — дадатак для праверкі кода на адпаведнасьць стандартам W3C
  • View Source Chart — дадатак для зручнае візуалізацыі разьметкі старонкі
  • FireBug — шматфункцыянальны дадатак, які ўключае ў сябе адладчык, DOM-навігатар і JavaScript-кансоль
  • Web Developer — дадатак, які прапануе мноства функцыяў для адладкі старонкі.

Адлюстраваньне кантэнту адразу дазваляе камфортна працягваць сэрфінг нават пры няпоўнай загрузцы старонкі, што асабліва прыкметна пры марудным злучэньні і вялікай колькасьці ўкаранёных аб’ектаў. Пры распрацоўцы Firefox адмысловая ўвага надавалася падтрымцы стандартаў W3C.

Адкрыты зыходны код прадукта дае яму дадатковыя плюсы для карыстальніка — напрыклад магчымасьць упэўніцца (пры наяўнасьці пэўнага досьведу) у адсутнасьці «закладкаў», перарабіць браўзэр «пад сябе», і нават самастойна выправіць памылкі.

Рухавік Gecko

рэдагаваць

Першапачаткова рухавік Gecko прызначаўся для браўзэра Netscape 6 у якасьці замены старога рухавіка Netscape Communicator 4, які выкарыстоўваўся з 1997 году. Для адладкі рухавіка была створаная адкрытая праграма Mozilla Suite, на якой і адладжвалі Gecko. У 2004 годзе Mozilla Suite была разабраная на браўзэр Mozilla Firefox, кліент электроннае пошты Mozilla Thunderbird, WYSIWYG HTML рэдактар NVU, каляндар Sunbird і IRC-кліент Chatzilla, які быў выпушчаны ў выглядзе дадатку да браўзэра Mozilla Firefox. Нумар вэрсіі рухавіка Gecko адпавядае вэрсіі Mozilla Firefox, Mozilla Thunderbird і SeaMonkey.

Выданьні

рэдагаваць

у 2002 годзе браўзэр быў вядомы як Phoenix і да 2004 году як Firebird. Напярэдадні выпуску вэрсіі 1.0 9 лістапада 2004 году браўзэр атрымаў ухвалу ад шматлікіх мэдыявыданьняў, у тым ліку «Forbes»[3] і «The Wall Street Journal»[4]. У першыя 99 дзён пасьля выпуску Firefox, яго спампавалі больш як 25 мільёнаў чалавек, пасьля чаго Firefox стаў адным з самых папулярных вольных прыкладаньняў з адкрытым кодам, асабліва сярод хатніх карыстальнікаў. 19 кастрычніка 2005 году Firefox быў загружаны ў стомільённы раз, усяго толькі праз 344 дня пасьля выпуску вэрсіі 1.0. Па стане на лістапад 2005 Firefox займаў ужо 9,4% на сусьветным рынку інтэрнэт-браўзэраў, а да сярэдзіны 2006 году доля Mozilla Firefox складала, паводле розных зьвестак, ад 11 да 15%, моцна пацясьніўшы пазыцыі браўзэра Internet Explorer, які выкарыстоўвала большасьць карыстальнікаў.

30 лістапада 2005 году выйшаў Firefox 1.5. Прыхільнікі Firefox сьцьвярджаюць, што ў адрозьненьне ад самага распаўсюджанага на пачатак 2005 браўзэра Internet Explorer шостай вэрсіі, убудаванага ў Windows, Firefox забясьпечвае больш высокі ўзровень бясьпекі карыстальніка, здольны абараняць яго ад дакучлівае рэклямы, валодае шэрагам новых магчымасьцяў.

25 кастрычніка 2006 году выйшаў Firefox 2.0, які ў 2008 годзе заняў 18% сусьветнага рынка браўзэраў[5]. Ён быў пабудаваны на базе ўдасканаленага рухавіка Firefox 1.5 — Gecko 1.8.1. Другое выданьне выйшла з наступнымі дасканаленьнямі:

  1. папярэджаньне пры запыце старонкі, адкрыцьцё якой прыводзіць да вывуджваньня (фішынгу) асабістых дадзеных (Beta 1; распрацоўка кампаніі Google);
  2. прапановы пры ўводзе тэкста ў поле пошуку;
  3. падтрымка ўзнаўленьня ўкладак, зачыненых пры выхадзе з праграмы, пры наступным яе запуску;
  4. вывярэньне правапісу пры ўводзе тэксту ў вэб-форму;
  5. абнаўленьне падказак да закладак;
  6. мажлівасьць перамяшчаць укладкі;
  7. аднаўленьне зачыненае ўкладкі (спалучэньнем клявішаў Ctrl+Shift+T)[6];
  8. кнопка зачыненьня на кожнае ўкладцы (з Beta 2)[7];
  9. падтрымка стваральнікаў, паўтаральнікаў, сьпісавых выразаў, блёкавых вобласьцяў і разьбіральнага прысвойваньня ў JavaScript вэрсіі 1.7;
  10. падтрымка разьмяшчэньня тэкста крывой лініяй у двухвымернае графіцы[8];
  11. падтрымка стужкі навінаў (з Alpha 1).

Мазіла спыніла падтрымку другога выданьня 19 сьнежня 2008 году[9].

Гэта вэрсія выйшла 17 чэрвеня 2008 году. За першыя суткі праграму загрузілі 8 002 530 чалавек, што сталася сусьветным рэкордам, які засьведчылі прадстаўнікі «Кнігі рэкордаў Гінэса»[10]. Колькасьць запамповак выданьня 3.0.11 за першыя суткі, 16 чэрвеня 2009 году, пераваліла за 150 мільёнаў[11]. Для новае вэрсіі значна перапрацавалі рухавік, на зьмену Gecko 1.8.1 прыйшла вэрсія 1.9, якая праходзіць тэст Acid2. У новай вэрсіі:

  1. зьменены мэтад высновы фрэймаў;
  2. рэалізаванае выкананьне блёкаў object без атрыбуту type;
  3. спыненая падтрымка апэрацыйных сыстэмаў Windows 95, Windows 98, Mac OS X 10.2;
  4. падтрымка дадаваньня пашыраных фільтраў у закладкі;
  5. адбор дадзеных па ключавых словах, тэгах і тэмах;
  6. доступ да нядаўна наведаных сайтаў (сучасная сыстэма закладак Places);
  7. магчымасьць дадаваць сайты ў закладкі адной клявішай;
  8. дапампоўка ў выпадку абрыву злучэньня;
  9. аўтаматычны ўвод дадзеных (лагінаў, пароляў, адрэсаў электроннай пошты і іншыя рэквізыты) у формы;
  10. блякаваньне сайтаў інтэрнэт-ашуканцаў, што зьмяшчаюць вірусы й траяны[12].

30 чэрвеня 2009 году Мазіла выпусьціла Firefox 3.5 з наступнымі зьменамі:

  1. падтрымка перадачы відэа і гуку паводле HTML5;
  2. падтрымка адасобленага азіраньня, што дазваляе пазьбегнуць захаваньня на кружэлцы вестак аб наведаных сайтах[13];
  3. рухавік вырысоўваньня сеціўных старонак Gecko 1.9.1, што ўдвая павысіла хуткасьць адлюстраваньня старонак параўнальна з Firefox 3.0;
  4. яваскрыпт-рухавік TraceMonkey;
  5. падтрымка месцавызначэньня карыстальніка;
  6. падтрымка «роднага» аб’ектнага запісу ў JavaScript;
  7. падтрымка пампаваных шрыфтоў;
  8. падтрымка сэлектараў чаргі JavaScript-запытаў;
  9. падтрымка трансфармацыяў двухвымернай графікі[14];
  10. мажлівасьць захаваньня відэа[15].

Чацьвёртае

рэдагаваць
 
Новая кнопка Firefox, якая зьявілася ў вэрсіі 4.0

Наступнай галоўнай вэрсіяй пасьля 3.6 стала вэрсія 4.0, якая была выпушчаная 22 сакавіка 2011 г.[16]

  • Падтрымка больш за 80 моваў.
  • Уведзены новы рухавік для JavaScript — JägerMonkey, які працуе ў шэсьць разоў хутчэй за рухавік вэрсіі 3.6.
  • Падтрымка загалоўку «не адсочваць» (па-ангельску: Do Not Track («DNT»)), якая дапамагае карыстальнікам пазьбегнуць кантэкстнай рэклямы.
  • Па змоўчваньні ўключаецца мэханізм сынхранізацыі («Firefox Sync»), які дапамагае бясьпечна праводзіць сынхранізацыю паміж некалькімі кампутарамі і мабільнымі прыладамі.
  • Шэраг апэрацыяў прамалёўкі графікі цяпер ажыцьцяўляецца з дапамогай апаратнага паскарэньня Direct3D 9 у Windows XP, Direct3D 16 у Windows Vista ды OpenGL на Mac OS.
  • Апаратнае паскарэньне Direct2D цяпер па змоўчваньні ўключанае толькі ў Windows 7.
  • Уключэньне WebGL на ўсіх плятформах, якія маюць графічную карту з абноўленымі драйвэрамі.
  • Убудаваная падтрымка відэа фармату HD HTML5 WebM з апаратным паскарэньнем, калі яно магчымае.
  • У Windows Vista ды Windows 7 новы выгляд кнопкі Firefox.
  • Рэжым «укладкі наверсе»[17].
  • Зьявілася магчымасьць шукаць ды пераключацца на адчыненую ўкладку ў Разумнай Location Панэлі.
  • Кнопкі спыненьня і перазагрузкі аб’яднаныя ў адну ў Windows, Mac OS X ды Linux.
  • Панэль закладак па змоўчваньні замененая на кнопку закладак.
  • Абарона ад падзеньняў у Windows, Linux ды Mac OS X, калі падзеньне выкліканае плагінамі Adobe Flash, Apple Quicktime ці Microsoft Silverlight.
  • Можна ператварыць любую ўкладку ў «Праграмную ўкладку».
  • Абноўлены дызайн хатняй старонкі.

21 чэрвеня 2011 году выйшла Mozilla вэрсіі 5.0[18]. Гэта была першая вэрсія г. зв. паскоранага цыклю выпускаў (па-ангельску: Rapid release)[19]. У гэтай вэрсіі дадалася падтрымка анімацыі CSS, загалоўвак «не адсочваць» быў зьменены, каб палепшыць магчымасьць выяўленьня, наладжаная лёгіка пасіўнага злучэньня па пратаколе HTTP для паскарэньня хуткадзейнасьці, паляпшэньне прамалёўкі канвы, працы з JavaScript, памяцьцю ды сецівам. Палепшаная падтрымка стандартаў HTML5, XHR, MathML, SMIL ды канвы. Палепшаная праверка правапісу для некаторых моваў. Палепшаная інтэграцыя з асяродзьдзем у Linux. Забароненая магчымасьць кантэнту, які выкарыстоўвае тэхналёгію WebGL, загружаць тэкстуры з чужых дамэнаў. Для фонавых укладак значэньне парамэтраў setTimeout ды setInterval зьмененае да 1000 мс для паляпшэньня хуткадзейнасьці. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.

Firefox вэрсіі 6 выйшаў 16 жніўня 2011[20]. У шостай вэрсіі пачаў падсьвечвацца дамэн у адрасным радку. Паменшаны час запуску з выкарыстаньнем Panorama.

Firefox вэрсіі 7.0 выйшаў 27 верасьня 2011[21]. Палепшаная апрацоўка памяці. Дададзены новы мэханізм рэндэрынгу для паскарэньня апэрацыяў з канвой у сыстэмах, якія працуюць пад Windows. Зьмены закладак ды пароляў цяпер амаль імгненна сынхранізуюцца, калі выкарыстоўваецца Firefox Sync. Цяпер прэфікс http:// URL па змоўчаньні схаваны, спыненая падтрымка пратаколу Gopher[22]. Дададзеная падтрымка для text-overflow: ellipsis. Дададзеная падтрымка для спэцыфікацыі Web Timing. Палепшаная падтрымка MathML. Пратакол WebSocket абноўлены ад вэрсіі 7 да вэрсіі 8. Дададзеная сыстэма добраахвотнай перадачы інфармацыі пра хуткадзейнасьць Mozilla для паляпшэньня наступных вэрсіяў Firefox. Выпраўленыя некалькі праблем са стабільнасьцю.

Выйшла 8 лістапада 2011[23]. Адключаная падтрымка дадаткаў, усталяваных іншымі праграмамі, па змоўчваньні.

Mozilla Firefox 9 выйшаў 20 сьнежня 2011. Палепшаны інтэрфэйс Type, што паскорыла працу JavaScript[24].

Mozilla Firefox 10 выйшаў 31 студзеня 2012. У ім кнопка "Наперад" не паказвалася, пакуль карыстальнік не вяртаўся на папярэднюю старонку; большасьць дадаткаў цяпер падтрымліваліся па змоўчваньні; рэалізаваная функцыя згладжваньня ў WebGL; дададзеная падтрымка CSS3 3-мерных трансформэраў[25]. Вэрсія 10.0.7 зьяўлялася выпускам з працягнутым тэрмінам падтрымкі спэцыяльна для арганізацый (ESR).

Mozilla Firefox 11 выйшаў 13 сакавіка 2012. У ім зьявілася магчымасьць пераносіць закладкі, гісторыю ды кукі з Google Chrome; пераносіць дадаткі на іншыя кампутары; дададзеная падтрымка CSS уласьцівасьці text-size-adjust[26].

Вэрсія Mozilla Firefox 12 выйшла 22 красавіка 2012. У ёй спрошчаны працэс абнаўленьня праграмы ў Windows; дададзеная нумарацыя радкоў у выточніку старонак html[27].

Вэрсія 13 выйшла 4 чэрвеня 2012. У ёй пры адкрыцьці новай укладі зьяўляўся сьпіс старонак, на якія карыстальнік найчасьцей заходзіў; на пачатковай старонцы паскораны доступ да закладак, гісторыі, наладак ды інш.; спыненая падтрымка Windows 2000[28]

Вэрсія 14.0.1 выйшла 17 ліпеня 2012, у ёй пачаў выкарыстоўвацца пратакол HTTPS у пошукавых запытах да Google; рэалізаваны рэжым поўнага экрану на Mac OS X Lion; дададзеная магчымасьць загрузкі плагінаў пасьля пстрычкі; дададзеная магчымасьць аўтаматычнага заканчэньня адрасоў[29].

Mozilla Firefox 15.0 выйшла 28 жніўня 2012. У вэрсіі Aurora і бэта-вэрсіі гэтага выпуску была дададзеная убудаваная падтрымка PDF. Дададзеная падтрымка сеткавага пратаколу SPDY вэрсіі 3; палепшаны WebGL, у тым ліку сьцісканьне тэкстур для вышэйшай хуткасьці[30].

У вэрсіі Firefox 16.0 для Mac OS X па змоўчваньні ўключаная папярэдняя падтрымка VoiceOver. У Windows, Linux ды Mac дададзеная падтрымка web app[31].

Вэрсія 17 выпушчаная 20 лістапада 2012. У ёй дададзеная першая вэрсія Social API і падтрымка Facebook Messenger; уведзеная неабходнасьць пстрычкі для запуску плагінаў (у мэтах бясьпекі); спыненая падтрымка Mac OX X 10.5[32].

Вэрсія 18 выпушчаная 8 студзеня 2013. У ёй паскораны JavaScript шляхам выкарыстаньня кампілятара IonMonkey; дададзеная падтрымка для экрана Retina у OS X вэрсіі 10.7 і вышэй; дададзеная папярэдняя падтрымка WebRTC[33].

Вэрсія 19 выпушчаная ў лютым 2013 году для Windows, Mac, Linux ды Android. У гэтай вэрсіі дададзены прагляд PDF[34].

Падтрымка моў

рэдагаваць

Першае выданьне Mozilla Firefox падтрымлівала інтэрфэйс на 31 мове, другое — 35 моваў[35] (у тым ліку на беларускую), вэрсія 3.5 мела пераклады на 65 моў. У вэрсіі 16 дададзеная лякалізацыя на ачолі ды казаскай[31].

Падтрымка беларускай мовы

рэдагаваць

З 2 лістапада 2003 году, ад выданьня 0.7, ажыцьцяўляўся саматужны пераклад праграмы на беларускую мову[36]. З чэрвеня 2007 году, ад выданьня 2.0.0.4, яна афіцыйна падтрымліваецца па-беларуску[37]. З студзеня 2017 году, ад выданьня 51.0, яна афіцыйна не падтрымліваецца па-беларуску[38].

Папулярнасьць

рэдагаваць

У 2010 год Mozilla Firefox стаў найпапулярнейшым браўзэрам у Эўропе[39]. Колькасьць спампоўваньняў Mozilla Firefox перасягнула мільярд 31 ліпеня 2009. У 2021 годзе Mozilla Firefox займаў чацьвёртае месца ў сьвеце паводле колькасьці карыстальнікаў (3,9 %).

  1. ^ www/firefox (анг.) The NetBSD Packages Collection
  2. ^ «Цікаўныя» браўзэры шпіёняць за карыстачамі. Беларускія навіны ІТ (24 красавіка 2009). Архіўная копія
  3. ^  (анг.)Arik Hesseldahl. Better Browser Now The Best// Форбс. 29 верасьня 2004
  4. ^ How to Protect Yourself From Vandals, Viruses If You Use Windows  (анг.).
  5. ^ Firefox хутка зойме 20% рынка вэб-браўзэраў Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  6. ^  (анг.)Robert Vamosi. Mozilla Firefox 2// Computer Networks Australia. 25 кастрычніка 2006
  7. ^  (анг.)Brian Krebs. Mozilla Releases Firefox 2.0// Вашынгтон Пост. 25 кастрычніка 2006
  8. ^  (анг.)Mozilla Firefox 2 Release Notes// Мазіла. Дата доступу: 16 верасьня 2009
  9. ^ Павел Міхайлаў (19 сьнежня 2008) Mozilla выпусціла Firefox 3.0.5 і восем патчаў для Firefox 2.0.0.19 Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  10. ^ Mozilla ўручаны афіцыйны сертыфікат, які сведчыць пра трапленне Mozilla Firefox у Кнігу Рэкордаў Гінэса Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  11. ^ Колькасьць загрузак Firefox 3.0.11 за першыя суткі перавысіла 150 млн Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  12. ^ Выйшла фінальная версія Firefox 3 Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  13. ^ Mozilla выпусціла браўзэр Firefox 3.5 Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  14. ^ Адбыўся фінальны рэліз вэб-браўзэра Firefox 3.5 Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  15. ^ Адбыўся рэліз Mozilla Firefox 3.5 Беларускія навіны ІТ Архіўная копія
  16. ^ Mozilla Firefox 4 Release Notes (Заўвагі да выпуску Mozilla Firefox вэрсіі 4) (анг.)
  17. ^ Alex Faaborg (24 чэрвеня 2010) Why Tabs are on Top in Firefox 4 (анг.) Архіўная копія
  18. ^ Mozilla Firefox Release Notes (анг.)
  19. ^ Johnathan Nightingale (18 ліпеня 2011) Every Six Weeks (анг.) Firefox Channels
  20. ^ Mozilla Firefox Release Notes (анг.)
  21. ^ Mozilla Firefox Release Notes (анг.)
  22. ^ Firefox 7 изъял http:// из адресной строки браузера Lenta.ru
  23. ^ Mozilla Firefox Release Notes (анг.)
  24. ^ Type Inference brings JS improvements to Firefox Beta - Future Releases (анг.). Mozilla Corporation (10 лістапада 2011).
  25. ^ Download Mozilla Firefox 10.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  26. ^ Download Mozilla Firefox 11.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  27. ^ Download Mozilla Firefox 12.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  28. ^ Download Mozilla Firefox 13.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  29. ^ Download Mozilla Firefox 14.0.1 for Windows (анг.) OldVersion.com
  30. ^ Download Mozilla Firefox 15.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  31. ^ а б Download Mozilla Firefox 16.0 for Windows (анг.) OldVersion.com
  32. ^ Firefox Notes (First offered to release channel users on November 20, 2012) - Desktop (анг.)
  33. ^ Firefox Notes (First offered to release channel users on January 8, 2013) - Desktop (анг.)
  34. ^ Jose Vilches (20 лютага 2013) Mozilla releases Firefox 19 stable with built-in PDF viewer (анг.). TechSpot.
  35. ^  (анг.)Judi Palmer, Alex Guerra. Mozilla Releases Major Update to Firefox and Raises the Bar for Online Experience// Мазіла. 24 кастрычніка 2006
  36. ^ Загрузка змесцавання Жар-Ліса// Мазіла па-беларуску. Дата доступу: 22 жніўня 2009
  37. ^ Ягор Шумскі (25 чэрвеня 2007) Firefox па-беларуску. Наша Ніва. Архіўная копія
  38. ^ Mozilla Firefox Release Notes (анг.)
  39. ^ Firefox Encyclopedia Britannica Праверана 10 кастрычніка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць