OpenBSD — кампутарная апэрацыйная сыстэма клясу Unix, паходзіць ад Дыстрыбуцыі Праграм Бэрклі (BSD), распрацаванай у Каліфарнійскім унівэрсытэце, Бэрклі. Лідэр праекту, Тэа дэ Раадт, разам з групай прыхільнікаў адасобіліся ад NetBSD у канцы 1995 году. Праект славуты прыхільнасьцю праграмістаў ідэалам адкрытага крынічнага коду й вельмі якаснай дакумэнтацыяй, бескампраміснай пазыцыяй у дачыненьні да ліцэнзіяваньня праграмнага забесьпячэньня, а таксама ўважлівасьцю да пытаньняў бясьпекі й правільнасьцю праграмнага коду. Сымбалям праекту зьяўляецца рыбка Пуфі.

Сымбаль OpenBSD, рыбка Пуфі

OpenBSD уключае шэраг паляпшэньняў стандартнай сыстэмы бясьпекі Unix. Гэта зьвязана з рэдкай у сучасным сьвеце праграмаваньня традыцыяй аўдыту (вычытваньня) коду з мэтай пошуку магчымых памылак і хібаў, шырока распаўсюджанай у супольнасьці OpenBSD. Праект прытрымліваецца даволі жорсткіх патрабаваньняў да ліцэнзій праграм, якія пастаўляюцца ў стандартным камплекце сыстэмы. Ліцэнзіяй пераважнай большасьці праграмнага коду сыстэмы зьяўляецца ліцэнзія BSD. Шырока распаўсюджаная практыка перапісваньня некаторых праграм з нуля, калі, на думку супольнасьці, ліцэнзіі гэтых праграм недастаткова свабодныя.

Як і ў большасьці апэрацыйных сыстэм BSD, ядро OpenBSD і збор сыстэмных праграм, такіх як камандная абалонка альбо стандартныя праграмы ps і cat, распрацоўваюцца разам зь іншымі прадстаўнікамі BSD-супольнасьці. Дадатковае праграмнае забесьпячэньне даступнае для ўстанаўленьня як з папярэдне скампіляваных пакункаў, так і з крынічных кодаў праз сыстэму партоў (ports collection).

Сёньня апэрацыйная сыстэма OpenBSD афіцыйна выдаецца для 17 розных апаратных плятформаў, сярод іх працэсары DEC Alpha, Intel i386, Hewlett-Packard PA-RISC, AMD AMD64 і Motorola 68000, кампутары Apple на базе PowerPC, працоўныя станцыі Sun SPARC і SPARC64, VAX, а таксама кішэньныя кампутары Sharp Zaurus.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  OpenBSDсховішча мультымэдыйных матэрыялаў