AGM-88 HARM
AGM-88 HARM (па-ангельску: High-speed Anti-Radar Missile) — высакахуткасная супрацьрадыёлякацыйная ракета, ангел. HARM — «шкода») — амэрыканская высакахуткасная супрацьрадыёлякацыйная ракета. Распрацоўвалася як замена ракетам AGM-45 Shrike. Здольная наводзіцца на высокачастотныя РЛС. Менш уразьлівая да традыцыйных відаў радыё-перашкодаў (накшталт выключэньня РЛС пры выяўленьні запуску ракеты). Ракета AGM-88 вылічае месцазнаходжаньне мэты і здольная яе зьнішчыць, нават калі РЛС была выключаная. Гэтыя ракеты, прынятыя на ўзбраеньне ў 1983 годзе, ужо праз тры гады выкарыстоўваліся падчас апэрацыі супраць Лібіі. Ракеты «AGM-88» шырока ўжываліся і падчас вайны ў Пэрсыдзкім заліве. Імі абсталёўваюць самалёты А-6 «Інтрудэр», F-4 «Фантом», F-16 Fighting Falcon, F-35, F/A-18 «Хорнэт», F-111 і «Tornado». Апошнія мадыфікацыі прызначаныя для зьнішчэньня РЛС са зьменай працоўных частот.
AGM-88 HARM | |
---|---|
AGM-88E | |
Тып | Супрацьрадыёлякацыйная ракета |
Краіна паходжаньня | ЗША |
Гісторыя выкарыстаньня | |
Пэрыяд выкарыстаньня | з 1983 году |
Войны | Каньён Эльдарада Вайна ў Пэрсыдзкім заліве Вайна NATO ў Югаславіі Вайна ў Іраку (2003) |
Гісторыя вытворчасьці | |
Вытворца | Alliant Techsystems |
Кошт адзінкі | $284 000 $870 000 (AGM-88E)[1] |
Адзінак створана | 25 000 (мадыфікацыяў A, B, C на 1998 год) |
Характарыстыкі | |
Вага | 354 кг[2] |
Даўжыня | 4,17 м |
Дыямэтар | 254 мм |
Маса боегалоўкі | 66 кг |
Рухавік | Thiokol SR113-TC-1 280 кН |
Размах крылаў | 1130 мм |
Практычная далёкасьць | 48 км (пры пуску зь сярэдніх вышынь) |
Хуткасьць | 2280 км/г |
Дакладнасьць | 7,3…9 |
Ракетаносьбіт | Самалёты: А-6, F-4 «Фантом», F-16, F-35, F/A-18, F-111, Tornado |
Гісторыя
рэдагавацьУ 1983 годзе на ўзбраеньне ВПС і авіяцыі ВМС ЗША была прынятая новая супрацьрадыёлякацыйная ракета HARM АGМ-88. У адрозьненьне ад ракет «AGM-45 Shrike» і «Standard-АRМ», акрамя наземных і карабельных PЛС сыстэм кіраваньня зэнітнай зброяй, яна можа паразіць радыёлякацыйныя станцыі раньняга выяўленьня.
Ракета HARM АGМ-88 распрацаваная кампаніяй Alliant Techsystems. Да пачатку 1998 году было выраблена больш за 25 тыс. ракет HARM мадыфікацыяў А, B і C. Ракета HARM знаходзіцца на ўзбраеньні войскаў шматлікіх краін сьвету.
Ракеты AGM-88 ужываліся ВПС ЗША ў 1986 годзе супраць лібійскіх сродкаў СПА ў заліве Сідру (апэрацыя Каньён Эльдарада), а таксама авіяцыяй саюзьнікаў падчас апэрацыі «Бура ў пустэльні» ў 1991 годзе. Усяго за час апэрацыі было выпушчана 80 ракет па РЛС СПА Іраку.
У цяперашні час кампанія Alliant Techsystems прапаноўвае новае пакаленьне супрацьрадыёлякацыйных ракет — AARGM.
Апісаньне ракеты
рэдагавацьРакета HARM АGМ-88 мае аэрадынамічную схему «з паваротным крылом». Крыжападобнае крыло, мае чатыры кансолі, разьмешчана ў цэнтральнай, а чатырохпёры стабілізатар — у задняй частцы ракеты.
Ракета абсталяваная цьвёрдапаліўным рухавіком «Thiokol-780», які працуе ў двух рэжымах — стартавым і маршавым. Рухавік камплектуецца палівам з паніжанай дымнасьцю, што значна памяншае верагоднасьць выяўленьня ракеты.
Ракета абсталяваная асколкава-фугаснай баявой часткай масай 66 кг, падрыў якой ажыцьцяўляецца пасродкам некантактнага лазернага выбухоўніка ў пункце аптымальнага (у залежнасьці ад парамэтраў канчатковага ўчастку траекторыі палёту) разьлёту асколкаў.
Прадугледжваецца некалькі спосабаў ужываньня ракет HARM:
- Стральба па загадзя выведанай мэце. Калі загадзя вядомыя тып РЛС і раён яе меркаванага размяшчэньня, то лётчык з дапамогай бартавой станцыі радыётэхнічнай выведкі праводзіць пошук і выяўленьне мэты, а пасьля яе захопу галоўкай саманавядзеньня ажыцьцяўляе пуск ракеты. Пуск ракеты ажыцьцяўляецца пасьля ідэнтыфікацыі аднаго з 10 тыпаў мэты і пацьверджаньня таго факту, што мэта знаходзіцца ў інтэрвале дапушчальных далёкасьцяў пуску. Для палёту ракеты на максымальную далёкасьць, пуск можа ажыццяўляцца з кабрырваньня да 45°.
- Дасканалая інэрцыяльная сыстэма навядзеньня і вялікая далёкасьць стральбы ракеты НАRМ АGМ-88 дазваляюць выкарыстаць яе і па папярэдне выведанай мэце без захопу галоўкай саманавядзеньня да пуску ракеты. У гэтым выпадку мэта захопліваецца галоўкай пры дасягненьні вызначанай далёкасьці да яе. Калі ж мэта ня выяўлена, то адбываецца самаліквідацыя ракеты.
- Стральба па апэратыўна-выяўленай мэце. У гэтым выпадку да чатырох ракет HARM на борце носьбіта (самалёта) могуць праз свае радыёлякацыйныя ГСН весьці аўтаматычны пошук.
- Ракета HARM таксама можа ўжывацца ў рэжыме самаабароны носьбіта. Пры гэтым самалётная сыстэма абвесткі аб радыёлякацыйным апрамяненьні клясыфікуе ўсе атрыманыя сыгналы па ступені пагрозы, выбірае найболей важныя мэты і выдае інфармацыю аб іх лётчыку. Адначасова інфармацыя аб мэце перадаецца на ракету.
Асаблівасьцю ракеты HARM зьяўляецца яе здольнасьць аўтаматычна перанакіроўвацца падчас палёту. Калі РЛС-мэта, якую ГСН ракеты суправаджае, спыняе працу, то пачынаецца пошук наступнай мэты. Пры гэтым ракета захоўвае траекторыю палёту да першай мэты, з тым каб у выпадку, калі іншая мэта ня знойдзеная, зьнішчыць першую па выяўленых да яе выключэньня каардынатах.
На працягу ўсяго тэрміну эксплюатацыі дадзеная ракета стала ўдасканалілася і мадэрнізавалася. Было распрацавана тры мадыфікацыі — AGM-88A, B і С, прычым першая мела два варыянты (block 1 і block 2), другая — адзін (block 3) і трэцяя — два (block 4 і block 5). Кожная наступная мадыфікацыя адрозьнівалася больш дасканалым праграмным і апаратным забесьпячэньнем, падвышанай перашкодаўстойлівасьцю і пашыраным дыяпазонам працоўных частот радыёлякацыйнай ГСП, што дазваляла ўжываць ракету супраць пэрспэктыўных радыёлякацыйных сродкаў СПА.
Адзін з мадэрнізаваных варыянтаў АGМ-88В меў новыя галоўку саманавядзеньня, баявую частку і рухавік. Галоўка саманавядзення ракеты АGМ-88В абсталяваная запамінальнай прыладай, якая забясьпечвае апэратыўны перазапіс інфармацыі ў залежнасьці ад тыпу паражанай мэты. Раней выкарыстоўвалася праграмуемая запамінальная прылада, на якую дазваляе ажыцьцяўляць перазапіс.
Мадэрнізацыя АGМ-88С адрозьніваецца ад базавай мадэлі ўдвая вялікім дыяпазонам частот (да 35—40 Ггц) пасіўнай радыёлякацыйнай галоўкі саманавядзеньня.
З 1996 году вялася распрацоўка новай мадыфікацыі ракеты, якая атрымала пазначэньне AGM-88D (Block 6). Яе асноўнай асаблівасьцю зьяўляецца тое, што ў склад сыстэмы навядзеньня ўваходзіць інэрцыяльная навігацыйная сыстэма (ІНС), карэктуемая па зьвестках касьмічнай радыёнавігацыйнай сыстэмы NAVSTAR, а таксама выкарыстаньне новага праграмнага забесьпячэньня сыстэм кіраваньня і навядзеньня. Па сьцьвярджэньні распрацоўнікаў, ракета адрозніваецца больш высокай эфэктыўнасьцю і прастатой ужываньня, а таксама дае магчымасьць нападу загадзя выведаных мэт.
У 2010 годзе кампанія Alliant Techsystems (АТК) абвясьціла аб заключэньні кантракту з ВПС ЗША на абмежаваную вытворчасьць супрацьрадыёлякацыйных ракет HARM з мадэрнізаванай па праграме HCSM (HARM Control Section Modification) сыстэмай кіраваньня. Праграма HCSM прадугледжвае абсталяваньне ракет AGM-88C, зьмешчаных на ўзбраеньні ВПС ЗША, камбінаванай сыстэмай кіраваньня аналягічнай AGM-88D Block 6.
У цяперашні час кампанія Alliant Techsystems прапаноўвае новае пакаленьне супрацьрадыёлякацыйных ракет — AARGM (альбо AGM-88E).[3]
Адначасова вывучаецца магчымасьць і мэтазгоднасць наступнай мадэрнізацыі ракеты, у тым ліку яе канструкцыі, ГСН, баявой часткі і рухальнай усталёўкі. У прыватнасьці, разглядаецца пытаньне аб абсталяваньні СРР прамацечным паветрана-рэактыўным рухавіком, які забясьпечвае палёт з хуткасьцю, якая адпавядае М = 6, і максымальную далёкасьць стральбы да 180 км, а таксама аб яе абсталяваньні складвальнымі кансолямі крыла для разьмяшчэньня ва ўнутрыфюзэляжных адсеках узбраеньня малапрыкметных самалётаў тыпу B-2, F-22 і F-15.
Мадыфікацыі
рэдагаваць- AGM-88A
- AGM-88B
- AGM-88C — адрозьніваецца ўдвая большым дыяпазонам частот (да 35—40 Ггц) пасіўнай радыёлякацыйнай галоўкі саманавядзеньня. Баявая частка ракеты АGМ-88C валодае ў два разы большым радыюсам паразы ў параўнаньні з баявой часткай ракеты АGМ-88. Яна зроблена з 12 845 паражаючых элемэнтаў кубічнай формы з вальфрамавага сплава памерам каля 5 мм. Аскепкі могуць прабіваць ліст з мяккай сталі таўшчынёй 12,7 мм і бранявую пліту таўшчынёй 6,35 мм.
- AGM-88D — яе асноўнай асаблівасьцю зьяўляецца тое, што ў склад сыстэмы навядзеньня ўваходзіць інэрцыяльная навігацыйная сыстэма (ІНС), карэктуемая па зьвестках касьмічнай радыёнавігацыйнай сыстэмы NAVSTAR
- AGM-88E ці AARGM (Advanced Anti-Radiation Guided Missile / AGM-88E) — AARGM зьяўляецца шматмэтавым высокадакладным сродкам паразы. Ракета абсталёўваецца палепшанай сыстэмай кіраваньня з прымачом спадарожнікавай навігацыі і здольная дзейнічаць у складзе групоўкі сродкаў паветранага нападу супраць шырокай наменклатуры мэт (у т. л. невыпраменьваемых). Разгорнута сэрыйная вытворчасьць супрацьрадыёлякацыйных ракет AARGM для ВМС ЗША і ВПС Італіі.