Шаблён:Цяперашні добры артыкул/2021-04
Савецкі раён Менску — адміністрацыйны раён Менску на поўначы гораду, заснаваны ў сакавіку 1938 году пад назвай Варашылаўскага. На 2020 год яго плошча складала 20,32 км². Насельніцтва складала 162 315 чалавек (перапіс 2009).
На 2020 год месьціўся між вуліцамі Карастаянавай і Крапоткіна, праспэктам Машэрава, вул. Казлова і Платонава, прасп. Незалежнасьці, вул. Сурганава, Якуба Коласа і Лагойскім трактам. Улучаў 5 мікрараёнаў: Залатая Горка, Зялёны Луг (яго паўночны захад), Камароўка, Сельгаспасёлак і Цна. Межаваў з Цэнтральным раёнам Менску на захадзе, Партызанскім — на поўдні і Першамайскім — на ўсходзе, а таксама зь Менскім раёнам на поўначы. Асноўныя магістралі: праспэкт Незалежнасьці і вуліцы Максіма Багдановіча, Веры Харужай, Якуба Коласа і Сурганава. У раёне месьцяцца плошча Якуба Коласа, Цнянскае вадасховішча і каля 5 км² зялёных насаджэньняў, у тым ліку парк Сяброўства народаў. Сярод прыватнай забудовы сустракаліся помнікі драўлянага дойлідзтва пачатку ХХ стагодзьдзя. На 2020 год раён меў найбольшую долю студэнтаў у насельніцтве сярод усіх раёнаў сталіцы — звыш 56 000 чалавек (34%). У яго межах месьціліся 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку найбольшая ў Беларусі — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Іншымі 2-ма былі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Акадэмія МУС Беларусі. Сярод прамысловых прадпрыемстваў найбольшымі былі: «Амкадар», «Менскі завод ЭВМ», «Менская фабрыка мяккай мэблі», «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа», «Прамсувязь» і «Беларускі дом друку». Таксама ў раёне знаходзіліся Галоўны клінічны шпіталь Узброеных сілаў Беларусі, «Беларуская дзяржаўная філярмонія», кінатэатар «Кастрычнік», Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы і Менская абласная бібліятэка. У мікрараёне Залатая Горка месьціліся царква Аляксандра Неўскага пры Вайсковых могілках і касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У гандлі пераважалі «ЦУМ Менск» і «Камароўскі рынак». У раёне месьціліся 2 станцыі Маскоўскай лініі Менскага мэтрапалітэну: «Плошча Якуба Коласа» і «Акадэмія навук».
(артыкул цалкам…)