Чорны квадрат
«Чорны квадрат» (1915) — самая вядомая карціна Казімера Малевіча. Карціна ўяўляе сабой палатно памерам 79,5 на 79,5 сантымэтраў. На ім намаляваны чорны квадрат на белым фоне.
Чорны квадрат | |
Мастак | Казімер Малевіч |
---|---|
Год | 1915 |
Тып | палатно, алей |
Памеры | 79,5 × 79,5 |
Месцазнаходжаньне | Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, Масква |
Гісторыя карціны
рэдагавацьКарціна была напісаная Малевічам улетку і ўвосень 1915 году[1]. Па сьцьвярджэньні мастака, ён пісаў яе некалькі месяцаў.
Карціна была выстаўленая на апошняй футурыстычнай выставе «0.10», якая адкрылася ў Пецярбургу 19 сьнежня 1915 году. Сярод трыццаці дзевяці карцін, выстаўленых Малевічам на самым бачным месцы, у так званым «чырвоным куце», дзе звычайна вешаюць абразы, вісеў «Чорны квадрат».
Пасьля Малевіч напісаў некалькі копіяў «Чорнага квадрату». Пэўна вядома, што ў пэрыяд ад 1915 да пачатку 1930-х гадоў Малевіч стварыў чатыры варыянты «Чорнага квадрату», якія адрозьніваюцца малюнкам, фактурай і колерам. Адзін з «Квадратаў», хоць і датаваны аўтарам 1913 годам, прынята адносіць да мяжы 1920-х—1930-х гадоў. Ім былі таксама напісаныя карціны «Чырвоны квадрат» (у двух асобніках) і «Белы квадрат» («Супрэматычная кампазыцыя» — «Белае на белым») — адзін.
«Квадрат» адыграў сваю ролю ў афармленьні пахаваньняў Малевіча ў 1935 годзе. Падчас пахаваньняў на адкрытай плятформе грузавіка з малюнкам чорнага квадрату на капоце быў усталяваны супрэматычны саркафаг, а над магілай (блізу вёскі Нямчынаўкі) быў пастаўлены драўляны куб з малюнкам чорнага квадрату. Неўзабаве магіла была зьнішчаная.
Гісторыя напісаньня карціны з «Квадратам»
рэдагавацьПа сьцьвярджэньнях самога мастака, «Квадрат» займаў цэнтральнае месца ў яго творчасьці. «Я доўгі час ня мог ні есьці, ні спаць» — казаў Малевіч, — «і сам не разумеў, што такое зрабіў».
Існуе вэрсія, што на зьяўленьне «Квадрата» паўплывала сьмерць ад тыфу адзінага сына Малевіча Анатоля ў кастрычніку 1915 году.
Іншая вэрсія складаецца ў тым, што карціна была напісаная пазьней, да выставы — паколькі велізарную залю трэба было чымсьці запоўніць. Гэтая інтэрпрэтацыя заснаваная на лісьце аднаго з арганізатараў выставы Малевічу:
Трэба пісаць цяпер шмат. Памяшканьне вельмі вялікае, і калі мы, 10 чалавек, напішам карцін 25, то гэта будзе толькі-толькі[2]. | ||
Інтэрпрэтацыі
рэдагавацьНепасрэдная рэакцыя крытыкі
рэдагаваць«Правая» мастацкая крытыка ўспрыняла «Чорны квадрат» як антыхрысьціянскі жэст. Найбуйнейшы на той момант мастацкі крытык, заснавальнік аб’яднаньня «Сьвет Мастацтва» Аляксандар Бенуа напісаў адразу пасьля выставы:
Несумнеўна, гэта і ёсьць той абраз, які спадары футурысты ставяць наўзамен мадоны. | ||
«Левая» крытыка зразумела «Квадрат» гэтаксама, але рэагавала на яго захоплена. Вядома, што Міхаіл Гершэнзон трымаў адну з копіяў «Квадрата» у сябе ў кабінэце над сталом.
Інтэрпрэтацыі аўтара
рэдагавацьСам Казімер Малевіч у сваіх лекцыях, прысьвечаных мастацтву, зваў «Квадрат» «Царскім Немаўлём», тым самым збліжаючы «Квадрат» з малюнкам Хрыста.
У віцебскі пэрыяд творчасьці інтэрпрэтацыя «Квадрата» зьмянілася. У лістку УНАВМА № 1, які выйшаў у Віцебску 20 лістапада 1920 году, гаварылася:
Зрыньваньне старога сьвету мастацтва ды будзе вычарчана на вашых далонях. Насіце чорны квадрат як знак сусьветнай эканоміі. | ||
Пазьнейшыя інтэрпрэтацыі «Квадрата»
рэдагавацьУ наступным некаторыя дасьледнікі зьвязвалі «Квадрат» з габрэйскімі матывамі ў творчасьці Малевіча.
Леанід Каціс узводзіць «Чорны квадрат» да тфілін[3]:
Задамо сабе пытаньне: «Што магло значыць выраз «чорны квадрат на чорным фоне», «чорны квадрат на белым фоне» і т. д. для маладых віцебскіх мастакоў-габрэяў, якія пражылі ўсё сваё жыцьцё ў габрэйскай правінцыі? Як павінны былі яны ўспрымаць гэты прадмет (і ці прадмет гэта?), калі самі яны пісалі: «Насіце чорны квадрат…»? Прынамсі ня менш за 5 разоў на тыдзень бачылі яны, калі не выкарыстоўвалі самі, менавіта прадмет, які ўяўляе сабой «чорны куб на чорным квадратным фоне». Гэта тфілін — рытуальны прадмет, што апранаўся юдэямі пры малітве. Зразумела, што чорны куб на чорным фоне і дасьць нам шуканы «чорны квадрат на чорным фоне». | ||
Той жа аўтар фіксуе факт нашэньня «чорных квадратаў» некаторымі ўдзельнікамі супрэматысцкага руху.
«Квадрат» часамі супрацьпастаўляюць г. зв. «беламу цмоку», чыстаму лісту без малюнка, што меў сымбалічнае значэньне ў даасізме.
«Чорны квадрат» у літаратуры
рэдагавацьВіктар Пялевін у сваім рамане «Сьвятая Кніга Пярэваратня» піша ад асобы галоўнай гераіні:
…Я люта ірванулася да чорнага квадрата волі, у якім ужо гарэлі першыя зоркі. Забягаючы наперад, жадаю сказаць, што менавіта гэты досьвед дапамог мне пасьля зразумець карціну Казімера Малевіча «Чорны Квадрат». Я б толькі дамалявала на ім некалькі маленечкіх сіне-белых кропак. Аднак Малевіч, хоць і зваў сябе супрэматыстам, быў дакладны праўдзе жыцьця — сьвятла ў расейскім небе часьцей за ўсё няма. І душы не застаецца нічога іншага, акрамя як вырабляць нябачныя зоркі зь сябе самой — такі сэнс палатна. | ||
Апошнія экспазыцыі
рэдагавацьНа знакавай выставе 2004 году ў варшаўскай галерэі «Захента» «Варшава — Масква, 1900—2000», дзе выстаўляліся больш за 300 карцін, скульптур, інсталяцыяў (у прыватнасьці, шмат карцін расейскага авангарду) «Квадрат» з Трацьцякоўскай галерэі быў прадстаўлены ў якасьці цэнтральнага экспаната выставы. Пры гэтым ён быў вывешаны ў «чырвоным куце», як на выставе «0.10».
У 2005 годзе на выставе графікі сучасных мастакоў з краінаў Цэнтральнай Эўропы «Сэнс жыцьця — сэнс мастацтва» (у Расеі была прадстаўленая ў Трацьцякоўскай галерэі з 8 лістапада да 4 сьнежня) экспанаваўся малюнак славенскай арт-групы «IRWIN» — «Тры абразы», дзе чорны квадрат Малевіча вісіць у чырвоным куце. Той жа чорны квадрат зьяўляецца ў малюнках Эрыка Булатава і Леаніда Сокава.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Борис Романов. Картина «Черный квадрат» — Казимира Малевича (рас.)
- ^ Александр Шумов. Выпіс з ліста Пуні Малевічу / Икона красного угла (рас.)
- ^ Леанід Каціс. Ідэалёгія віцебскага Уновісу, Іерусалімскі Храм і Талмуд = Идеология витебского Уновиса, Иерусалимский Храм и Талмуд (Квадраты К. С. Малевича и Эль-Лисицкого). Toronto Slavic Quarterly (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Л. Кацис «Черный квадрат» Казимира Малевича и «Сказ про два квадрата» Эль-Лисицкого // Руская эсхаталёгія і руская літаратура = Русская эсхатология и русская литература. — М.: ОГИ, 2000. — С. 132—139.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Інфармацыя аб карціне — афіцыйны сайт Дзяржаўнага Эрмітажу, 2003 (рас.)