Хімоўскі сельсавет
Хімо́ўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Бабруйскім раёне. Адміністрацыйны цэнтар — в. Хімы. Плошча складае 831 га. У 16 населеных пунктах сельсавету пражывае 1469 чалавек. Па тэрыторыі сельсавету праходзяць аўтамабільныя дарогі рэспубліканскага значэньня Бабруйск — Магілёў, Бабруйск — Жлобін — Гомель, Берасьце — Бабруйск — Масква.
Гісторыя
рэдагавацьСтвораны 20 жніўня 1924 году ў складзе вёсак Хімы, Новая Шараеўшчына, Старая Шараеўшчына, Бабіна, Баршчоўка, Ясны Лес, Вялічкава. Сельсавет уваходзіў у склад Другога Бабруйскага, а ад 4 жніўня 1927 году Бабруйскага раёнаў. Першым старшынём быў абраны Іван Мазуранка. У пачатку 1930-х пачалі стварацца калгасы. Першы калгас «Пралетарскі» ўзьнік у в. Старая Шараеўшчына, які ўзначаліў Шчыгельскі. У в. Ясны Лес — калгас «1 траўня», у Бабіна — «Шлях Ільліча», у в. Баршчоўка — калгас «Новае жыцьцё», у Хімах — калгас «Сёмага зьезду Саветаў», у в. Зарэчча — калгас «Чырвоная Зорка», у в. Вялічкава — калгас «Імя Тэльмана», у в. Цярэшкава — калгас «Перамога», у Слабадзе — калгас «Імя Варашылава». Старшынямі былі Фёдараў, Курлянчык, Насуха, Пуцікаў.
У гады вайны загінулі 196 мясцовых жыхароў. Героем Савецкага Саюзу быў Аркадзь Шмыгун, а М. Ф. Цікавы, У. Т. Асіпенка, К. І. Балдзенка, І. П. Балдзенка, Н. Н. Лук’яновіч, І. А. Фісько былі ўзнагароджаныя ордэнамі і мэдалямі. На тэрыторыі сельсавету знаходзяцца 7 братэрскіх магілаў, дзе пахавана больш чым за 200 жаўнераў і афіцэраў. У в. Слабада ўзьведзены помнік-стэла.
У склад сельсавету да 1967 году ўваходзілі вёскі Зарэчча (цяпер у складзе вёскі Хімы), Рэкорд, Новая Дзярэўня (у складзе вёскі Ганчароўка), да 1976 году вёскі Новае і Старое Вялічкава (аб’яднаныя ў вёску Вялічкава).
Эканоміка
рэдагавацьУ цяперашні час на тэрыторыі сельсавету знаходзяцца:
- Бабруйскі СПК «Шлях Леніна». Асноўны кірунак дзейнасьці — вытворчасьць прадукцыі жывёлагадоўлі й расьлінаводзтва;
- Завод па перапрацоўцы алейных культураў. Асноўны кірунак дзейнасьці — перапрацоўка насеньня рапсу;
- ПУП Белкаапзьнешгандаль Белкаапсаюзу Бабруйскага сельскагаспадарчага аддзяленьня «Зьверагаспадарка». Асноўны кірунак дзейнасьці — атрыманьне і гадоўля пушнога зьвера.
Літаратура
рэдагаваць- Хімы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.5. кн.1. Магілёўская вобласць / Гал. рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн., 2008. — С. 213.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Інфармацыя на сайце Бабруйскага райвыканкаму(недаступная спасылка)
- Хімоўскі сельскі савет(недаступная спасылка)