Францішак Паольскі

італьянскі сьвяты, заснавальнік ордэну мінімаў

Сьвяты Францішак Паольскі ці Францішак з Паолы (па-італьянску: Francesco di Paola; 27 сакавіка 1416, Паоля, Італія — 2 красавіка 1507) — каталіцкі сьвяты, пустэльнік, заснавальнік ордэну мінімаў. Дзень памяці ў Каталіцкай Царкве — 2 красавіка.

Францішак Паольскі
Сьвяты
Нарадзіўся 27 сакавіка 1416[1]
Памёр 2 красавіка 1507[1] (91 год)
Дзень памяці 2 красавіка[2]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў горадзе Паоля ў Калябрыі, якая ў гэты пэрыяд уваходзіла ў склад Нэапалітанскага каралеўства. У маладосьці навучаўся ў францысканаў у родным горадзе. Сям’я была вельмі набожнай, Францыск быў старэйшым з траіх дзяцей у сям’і і быў названы ў гонар сьвятога Францішка Асіскага.

 
Францішак Паольскі бласлаўляе сына Луізы Савойскай

Сьцьвярджаецца, што ў дзяцінстве ён пакутаваў ад пухліны на воку. Пасьля таго, як бацькі далі зарок, што ў выпадку выздараўленьня іх сын як мінімум год правядзе паслушнікам у францысканскім кляштары, Францыск ачуняў. З дзяцінства Францішак вызначаўся глыбокай пабожнасьцю і дабрачэснасьцю. У 13-гадовым узросьце ў мэтах выкананьня бацькоўскага зароку правёў год у манастыры, дзе яго жаданьне стаць манахам ўзмацнілася. Калі тэрмін знаходжаньня ў манастыры завяршыўся, зьдзейсьніў разам з бацькамі паломніцтва ў Асізі. Вярнуўшыся ў Паолю, пастанавіў стаць пустэльнікам і пайшоў у пячору, разьмешчаную ў бязьлюднай мясцовасьці, дзе жыў у малітве і адзіноце каля 6 гадоў.

Прыкладна ў 1435 годзе да яго далучыліся два паплечнікі, пасьля чаго Францыск заснаваў рух, які атрымаў назву «пустэльнікі сьвятога Францішка Асіскага». Колькасьць яго вучняў пастаянна павялічвалася, Францыск і яго пасьлядоўнікі заснавалі кляштар ў Патэрна ў 1444 годзе і ў Мілаца (Сыцылія) у 1469 годзе.

У 1471 годзе дзейнасьць пустэльніцкай парафіі знайшла падтрымку ў арцыбіскупа Казенца, які выказаў ёй адабрэньне. У 1474 годзе папа Сыкст IV зацьвердзіў новы жабрацкі манаскі ордэн пад назвай «Кангрэгацыя эрэмітаў брата Францішка з Паолы»[3].

Доўгі час новы ордэн не меў пастаяннага імя, яго чальцоў называлі «эрэміты брата Францішка», «добрыя людзі» і т.д. У Гішпаніі братоў спачатку называлі «бацькамі перамогі», з-за таго, што, паводле паданьня, Францішак з Паолы прадказаў каралю Фэрдынанду V перамогу над маўрамі пад Малягай. У 1493 годзе папа Аляксандар VI у Буле Meritis religiosae vitae прысвоіў ордэну назву «Эрэміты ордэну мінімаў» і з гэтага часу пустэльнікі сьвятога Францішка Паольскага вядомыя пад імем мінімы або мініміты. Новая назва ордэну была зацьверджана Папам Аляксандрам VI.

У 1483 годзе кароль Францыі Людовік ХІ, які цяжка хварэў, за 4 месяцы да сваёй сьмерці, запрасіў Сьвятога Францішка з Паолы ў Францыю, у свой замак Плесі-ля-Тур. Сьвяты Францішак духоўна настаўляў караля і быў з ім у момант яго сьмерці. Пераемнік Людовіка Карл VIII таксама высока цаніў сьвятасьць і мудрасьць Францішка, раіўся з ім і заснаваў для мінімаў два кляштары — каля Плесі-ля-Тур і ў Рыме, на ўзгорку Пінча. Сярод людзей, якія сталі пасьлядоўнікамі Францішка, быў і Ян Стандонк, заснавальнік каледжу Мантэгю.

Пасьля таго, як кароль Карл памёр і на трон узышоў Людовік XII, Сьвяты Францішак хацеў вярнуцца ў Італію, але новы кароль не дазволіў, паколькі хацеў, каб Сьвяты дапамагаў яму парадамі, як і папярэднікам. Апошнія гады жыцьця манаха прайшлі ў Плесі, у апошнія месяцы перад сьмерцю ён даваў вучням навучаньні і парады па кіраваньні ордэнам. Памёр 2 красавіка 1507 года, праз тыдзень пасьля свайго 91-годдзя.

Ушанаваньне

рэдагаваць

Сьвяты Францішак з Паолы быў кананізаваны ў 1519 годзе Папам Львом X.

У 1562 годзе падчас рэлігійных войнаў у Францыі гугеноты захапілі кляштар у Плесі, дасталі цела Францыска з магілы і выявілі яго нятленным. Гугеноты спалілі парэшткі і раскідалі косткі па манастыры. Пасьля частка костак была падабрана каталікамі і разьмеркавана па кляштарах ордэну мінімаў.

У іканаграфіі малюецца, як правіла, у вобразе глыбокага старца ў манаскім адзеньні з кіем. Францыск з Паолы шануецца заступнікам ордэну мінімаў, маракоў, гораду Паоля і ўсёй Калябрыі. Памяць у Каталіцкай Царкве — 2 красавіка.

  1. ^ а б Giordano S. FRANCESCO di Paola, santo // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 1997. — Vol. 49.
  2. ^ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typicaCivitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 25.
  3. ^ Minimi / Catholic Encyclopedia. USA: Robert Appleton Company, 1907-17 Архіўная копія ад 2013-09-19 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць