Урад Карпацкай Украіны
Рада міністраў Карпацкае Ўкраіны (да 25 лістапада 1938 року — Рада міністраў Падкарпацкае Русі) — найвышэйшы выканаўчы і распарадчы орґан Падкарпацкае Русі ды Карпацкае Ўкраіны. Урад меў быць створаны адразу пасьля далучэньня Закарпацьця да Чэхаславаччыны, згодна з Сэн-Жэрмэнскаю дамоваю (1919), ґенэральным статутам Падкарпацкае Русі 1919 року ды канстытуцыяю Чэхаславаччыны 1920 року. Аднак толькі пасьля паслабленьня цэнтральнае выканаўчае ўлады Чэхаславаччыны ды абвяшчэньня аўтаноміі закарпацкімі ўкраінцамі Прага змушаная была зацьвердзіць урад Карпацкае Ўкраіны.
Урад Карпацкай Украіны | |
Акруговы будынак карпата-ўкраінскага ўраду, пабудаваны ў 1937 годзе | |
Дата ўтварэньня | 11 кастрычніка 1938 |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 15 сакавіка 1939 |
Тып | парлямэнт |
Штаб-кватэра | Ужгарад, Хуст |
Месцазнаходжаньне | Карпацкая Ўкраіна |
1-ы Прэм’ер-міністар Карпацкае Ўкраіны | Андрэй Бродзі |
2-і Прэм’ер-міністар Карпацкае Ўкраіны | Аўґустын Валошын |
Першы ўрад (Рада міністраў Падкарпацкае Русі)
рэдагаваць21 верасьня 1938 року прадстаўнікі масквафільскае (Цэнтральная руская народная рада, Аўтаномны-земляробчы зьвяз, Руская нацыянальна-аўтаномная партыя) ды ўкраінскае (Першая Ўкраінская народная рада, Сацыял-дэмакратычная партыя) арыентацыі падпісалі супольную дэклярацыю аб стварэньні аўтаномнае адміністрацыі ў Закарпацьці, якая была ўручаная ўраду Чэхаславаччыны ды дыпляматычным прадстаўніцтвам заходніх дзяржаваў у Празе.
8 кастрычніка 1938 ва Ўжгарадзе ў памяшканьні Краявога ўраду адбылася нарада прадстаўнікоў украінскае і масквафільскае арыентацыяў, на якой прысутнічалі — Аўґустын Валошын, Сьцяпан Клачурак, Дзьмітро Німчук ад Цэнтральнае Рускае Народнае Рады, а таксама Ёсіп Камінскі, Уладзімер Гамічко, Міхайла Дэмко ад Цэнтральнае Рускае Народнае Рады ды міністар па справах Падкарпацкае Русі Іван Паркані.
На нарадзе было вырашана: «Дамагацца для Падкарпацкае Русі тых самых правоў, якія атрымала й атрымае Славаччына». Была дасягнутая дамоўленасьць аб пэрсанальным складзе аўтаномнага ўраду, створаная Нацыянальная Рада Падкарпацкае Русі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі практычна ўсіх асноўных палітычных сілаў краю: Цэнтральная Руская Народная Рада, Першая Ўкраінская Народная Рада, Рэспубліканская земляробчая партыя, Рэспубліканская земляробчая партыя Прашаўшчыны, Аўтаномна-земляробчы зьвяз, Руская нацыянальна-аўтаномная партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя. Тым жа днём Нацыянальная Рада абвясьціла сябе «адзіным праўным прадстаўніком усіх рускіх вобласьцяў Карпат і ўсяго яго насельніцтва, для якога забясьпечваецца самавызначэньне й самакіраваньне». Патрабавалася неадкладная замена значнае часткі чэскіх урадоўцаў у краі мясцовымі кадрамі ды прыняцьце закону пра Падкарпацкую Русь[1]. Была ўхваленая пастанова пра тое, што чальцамі будучага ўраду мусяць быць толькі дэпутаты празкага парлямэнту ды сэнату.
8 кастрычніка 1938 року старшыня новага ўраду Чэхаславаччыны ґенэрал Ян Сыравы ў адказ на ўсе гэтыя патрабаваньні й прэтэнзіі вызваліў ад пасады ґубэрнатара краю Канстантына Грабара ды прызначыў 9 кастрычніка ґубэрнатарам Івана Парканія[2].
11 кастрычніка 1938 року ў Празе урадам Чэхаславаччыны быў зацьверджаны першы аўтаномны ўрад Закарпацьця — Рада міністраў Падкарпацкае Русі, пасьля гэтага Рада міністраў ЧСР зацьвердзіла асабісты склад аўтаномнага ўраду з шасьці асобаў. Да першага аўтаномнага ўраду ўвайшло чацьвера прадстаўнікоў масквафільскага ды двое ўкраінскага кірунку.
- Прэм’ер-міністар — Андрэй Бродзі, мадзярон, лідэр масквафілаў, старшыня Аўтаномна-земляробчага зьвязу. Таксама ён атрымаў партфэлі міністра школьніцтва ды міністра фэдэральнага ўраду ў справах Падкарпацкае Русі.
- Міністар унутраных справаў — Эдмунд Бачынскі (масквафіл), прадстаўнік Рэспубліканскае партыі земляробчага ды дробнасялянскага насельніцтва(cs) на Закарпацьці.
- Міністар камунікацыяў (міністар транспарту ды грамадзкіх працаў) — Юліян Рэвай, чалец Чэхаславацкае сацыял-дэмакратычнае партыі[3].
- Міністар без партфэлю (адпавядаў за ўсталяваньне славацка-закарпацкае мяжы) — Сьцяпан Фэнцык, мадзярон, лідэр Рускае нацыянальна-аўтаномнае партыі.
- Дзяржаўны сакратар па пытаньнях юстыцыі — Іван П’ешчак, прадстаўнік Аўтаномна-земляробчага зьвязу на Прашаўшчыне[2].
- Дзяржаўны сакратар па пытаньнях аховы здароўя ды сацыяльнага забесьпячэньня — Аўґустын Валошын, старшыня Хрысьціянска-народнае партыі.
Першы ўрад пастаў як кампраміс між украінафільскаю Першаю Ўкраінскаю Народнаю Радаю ды масквафільскаю Рускаю Народнаю Радаю.
Дзейнасьць першага ўраду
рэдагавацьАўтаномны ўрад Андрэя Бродзія дзеяў з 11 да 26 кастрычніка 1938 року, усяго 15 дзён. Першачарговым заданьнем для яго было ўрэґуляваньне тэрытарыяльных праблемаў, у прыватнасьці вызначэньне пытаньня мяжы між Падкарпацкую Русьсю і Славаччынаю. Урад пачаў кампанію за далучэньне да краю ўсходнеславацкіх раёнаў (Прашаўшчыны), заселеных пераважна русінамі-ўкраінцамі. Сьцяпан Фэнцык адправіўся да Прашава для абмеркаваньня гэтага пытаньня й прапаґандысцкае працы сярод мясцовага насельніцтва.
Урад Андрэя Бродзія правёў усяго тры паседжаньні.
Першае паседжаньне ўраду
рэдагавацьПершае паседжаньне Рады Міністраў Падкарпацкае Русі адбылося ва Ўжгарадзе 15 кастрычніка 1938 року, дзе былі разгледжаныя ды зацьверджаныя асноўныя орґаны самакіраваньня, якія складаліся з 9 міністэрстваў, разьмеркаваныя функцыянальныя абавязкі між міністрамі. На паседжаньні дзяржаўныя сакратары Аўґустын Валошын ды Іван П’ешчак склалі Андрэю Бродзію прысягу. Быў заснаваны «Ўрадавы Весьнік» для публікацыі распараджэньняў аўтаномнага ўраду, які да вырашэньня сойму пра афіцыйную мову вырашана было друкаваць рускаю й украінскаю мовамі, рэдактарам быў Васіль Ґрэнджа-Донскі. Былі заснаваныя Падкарпацкія дырэкцыі чыгункі й пошты, выдадзенае распараджэньне пра некаторыя зьмены ў пазямельных кнігах і пра ўрэґуляваньне продажу дроваў зь дзяржаўных лясоў. На гэтым ж паседжаньні абгароўваліся й гаспадарскія праблемы краю, у прыватнасьці прадавольчая сытуацыя і імпрэзы ўраду для яе паляпшэньня[1].
Другое паседжаньне ўраду
рэдагавацьНа другім паседжаньні аўтаномнага ўраду 18 кастрычніка 1938 року абмяркоўваліся перш за ўсё пытаньні міжнароднага становішча Падкарпацкае Русі. Быў заслуханы даклад Сьцяпана Фэнцыка пра палітычную сытуацыю на Прашаўшчыне ды перамовы наконт мяжы з урадам Славаччыны. Вырашана працягнуць гэтыя перамовы, для чаго зацьверджаная адмысловая камісія. Да камісіі ўвайшлі М. Фарыныч — экспэрт па філялёґіі, П. Сова — па этнаґрафіі, С. Гойдыч — па статыстыцы ды Т. Райковіч — па пытаньнях рэліґіі[1]. Разам з тым Рада міністраў Падкарпацкае Русі выказала пратэст славацкаму прэм’ер-міністру Ёзэфу Цісу з нагоды прынятых ім рэпрэсіўных захадаў да арґанізатараў руху за далучэньне Прашаўшчыны да Закарпацьця. Юліян Рэвай далажыў ураду пра праведзеныя перамовы зь міністрам замежных справаў Чэхаславаччыны Францікашак Хвалкаўскім, на якіх гаварылася, у прыватнасьці, пра неабходнасьць забароны вывазу дзяржаўнага і прыватнага майна з тэрыторыі рэспублікі і краю. Абмяркоўваліся таксама пытаньні даваньня амністыі, супрацы зь Нямеччынаю, ліквідацыі чэскіх школ у населеных пунктах краю зь нязначнаю колькасьцю чэскіх сем’яў і г.д. Аўґустын Валошын інфармаваў урад пра арґанізацыю Падкарпацкага цэнтру сацыяльнага забесьпячэньня.
Трэцяе паседжаньне ўраду
рэдагавацьТрэцяе паседжаньне адбылося 22 ды 23 кастрычніка 1948 року. На ім былі разгледжаныя ўнутранапалітычная сытуацыя ды падзеі вакол Закарпацьця. Міністар Эдмунд Бачынскі праінфармаваў урад пра вынікі складанага перамоўнага працэсу між Чэхаславаччынаю ды Вугоршчынаю наконт усталяваньня новае мяжы між імі ды пазыцыі Нямеччыны ў гэтым пытаньні. У сувязі з гэтым чальцы аўтаномнага ўраду жвава абмяркоўвалі змогі й варыянты аптымальнага рэаґаваньня на ўльтыматыўныя патрабаваньні Вугоршчыны наконт заселеных пераважна вугорцамі паўднёвых тэрыторыяў краю зь местамі Ужгарад, Мукачава ды іншымі важнымі з кропкі зору функцыянаваньня транспартных сеткаў населенымі пунктамі Закарпацьця. Была створаная камісія ў складзе вядомых закарпацкіх навукоўцаў Пятро Сава, Георгі Гяроўскі, М. Кандратавіч, Мікола Бэскід ды Іван Панкевіч, перад якою ставілася заданьне давесьці, што Закарпацьце — украінская зямля. Урад зьвярнуўся да Нямеччыны ды Італіі з просьбаю пакінуць Ужгарад ды Мукачава прыналежнымі да Чэхаславаччыны, паколькі менавіта гэтыя месты складаюць аснову эканамічнага і культурнага патэнцыялу рэґіёну. Аднак Бродзі вырашыў самастойна правесьці перамовы з Вугоршчынаю, хоць гэта выходзіла за рамкі паўнамоцтваў ураду. У Будапэшт для перамоваў дасланыя Эдмунд Бачынскі ды Сьцяпан Фэнцык — адкрытыя масквафілы ды прыхільнікі ідэі далучэньня да Вугоршчыны.
23 кастрычніка 1938 року Ўрад Падкарпацкае Русі прыняў рашэньне: «Вобласьць рускіх на поўдні Карпат, што вызначаная мірнымі дамовамі як аўтаномная адзінка, складае адно неаддзельнае цэлае, часткі якога цесна зьвязаныя як тысячарочнаю гісторыяю, так і тысячарочнымі эканамічнымі ўмовамі і братэрскім сужыцьцём яе карэннага аўтахтоннага насельніцтва… Цэласнасьць і неаддзельнасьць гэтае вобласьці прызналі таксама і вялікія хаўрусныя садружныя дзяржавы ў міжнародных і мірных дамовах, зьмяніць палітычнае становішча і прыналежнасьць якое лічыма магчымым толькі ў яе цэласнасьці без адрыньвання яе паўднёвай часткі ад паўночнай і наадварот, можна выключна толькі на аснове права самавызначэньня ўсяго карэннага аўтахтоннага насельніцтва па дэмакратычных прынцыпах: усенародным галасаваньнем».
Гэтае рашэньне аўтаномнае ўлады было дадзенае ўрадам Чэхаславаччыны ды іншых суседніх і ўсіх вялікіх заходніх дзяржаваў. Былі распрацаваныя нават практычныя меры па падрыхтоўцы да правядзеньня плебісцыту ў Закарпацьці. Варта адзначыць, што і зварот да ўрадаў замежных дзяржаваў і правядзеньне плебісцыту па пытаньні, што тычылася тэрытарыяльнае цэласнасьці рэспубліцы, выходзіла за рамкі паўнамоцтваў аўтаномнага ўраду Падкарпацкае Русі і супярэчыла канстытуцыйным нормам Чэхаславаччыны. Ідэя правядзеньня плебісцыту неадназначна ўспрымалася таксама рознымі палітычнымі сіламі ў Закарпацьці. Калі партыі й грамадзкія арґанізацыі масквафільскага напрамку гэтую ідэю падтрымлівалі, і менавіта яны на скліканых Андрэем Бродзіем зачыненых зборах Цэнтральнае рускае народнае рады сталі ініцыятарамі плебісцыту, то прадстаўнікі ўкраінскага напрамку выступілі супраць.
Крызісная сытуацыя абвастрылася пасьля таго, як 25 кастрычніка 1938 року Вугоршчына паставіла пытаньне, каб яе прэтэнзіі да часткі тэрыторыяў Славаччыны ды Падкарпацкае Русі, дзе пражывала вугорскае насельніцтва, вырашалася або ўсенародным плебісцытам, або арбітражам эўрапейскіх дзяржаваў. У гэты жа дзень праскі ўрад прыняў рашэньне пра роспуск палітычных партыяў, хоць на Закарпацьці распараджэньнем віцэ-ґубэрнатара Антонія Бэскіда была забароненая дзейнасьць толькі камуністычнае партыі, якая выступіла супраць аўтаноміі, іншыя партыі ды аб’яднаньні працягвалі дзеяць.
Баючыся неспрыяльных для сябе вынікаў рэфэрэндуму, чэхаславацкія ўлады на пашыраным паседжаньні з удзелам кабінэтаў міністраў аўтаномных Славаччыны і Падкарпацкае Русі 26 кастрычніка пагадзіліся на арбітажнае рашэньне з нагоды патрабаваньняў Вугоршчыны. У той жа дзень I Украінская Народная Рада пад кіраўніцтвам Аўґустына Валошына правяла нараду ва Ўжгарадзе, на якой прыняла рашэньне:
- Не працівіцца адданьню мадзярскае этнаґрафічнае тэрыторыі Вугоршчыны, але рашуча пратаставаць супраць плебісцыту;
- УНР стаіць на прынцыпе фэдэрацыі народаў у цяперашняй дзяржаве.
Прэм’ер-міністар Падкарпацкае Русі Андрэй Бродзі не пагадзіўся з рашэньнем цэнтральнага ўраду ды стаў патрабаваць правядзеньня на Закарпацьці ўсенароднага плебісцыту. Яго падтрымліваў міністар Сьцяпан Фэнцык, які спрабаваў сумясьціць пытаньне пра чэхаславацка-вугорскую мяжу з праблемаю ўрэґуляваньня закарпацка-славацкае мяжы. Як высьветлілася неўзабаве, абодва палітыкі вялі падвойную гульню, арыентуючыся на адрыў Закарпацьця ад Чэхаславаччыны і атрымліваючы ў гэтай анты-чэхаславацкай дзейнасьці падтрымку, у тым ліку фінансавую, з Вугоршчыны й Польшчы.
Розныя палітычныя сілы ў краі ідэю плебісцыту ўспрынялі неадназначна. Цэнтральная Руская Народная Рада гэтую ідэю падтрымала, што было характэрна для масквафільскае палітычнае плыні. Падтрымалі ідэю плебісцыту Аўтаномна-Земляробчы Зьвяз, Руская нацыянальна-аўтаномная партыя, «Нацыянальны Зьвяз Рускае моладзі» ды іншыя масквафільскія арґанізацыі, а таксама Мукачаўская Грэка-Каталіцкая ды Праваслаўная япархіі.
Супраць ідэі плебісцыту ў Падкарпацкай Русі выступілі ўкраінскія палітычныя сілы. У знак пратэсту супраць адкрытае правугорскае дзейнасьці Андрэя Бродзія ды Сьцяпана Фэнцыка 26 кастрычніка 1938 року падалі ў адстаўку міністры аўтаномнага ўраду Падкарпацкае Русі Эдмунд Бачынскі ды Юліян Рэвай. Фэдэральны ўрад Чэхаславаччыны іх адстаўку ня прыняў, а пасьля рашэньня адпаведных юрыдычных інстанцыяў звольніў з пасады прэм’ера Андрэя Бродзія. Апошні быў арыштаваны ў Празе за дзяржаўную здраду ды сувязі з варожымі Чэхаславаччыне замежнымі элемэнтамі й прафашыстоўскую дзейнасьць на карысьць Вугоршчыны, аґентам якое ён доўгі час выступаў пад мянушкаю «Бэрталон». Падчас вобшуку прыватнага памешканьня Андрэя Бродзія ў Празе знойдзена паўмільёна вугорскіх пэнґе, апроч таго ліст ад рэґента Вугоршчыны Мілаша Горты, у якім было абяцаньне даць Бродзію шляхецкі тытул, калі ён з посьпехам правядзе справу далучэньня Падкарпацкае Русі да складу Вугоршчыны. Яго паплечніку Сьцяпану Фэнцыку атрымалася ўцячы ў польскую амбасаду ў Празе, а потым пераехаць да Вугоршчыны, дзе быў прызначаны чальцом вугорскага парлямэнту.
Другі ўрад
рэдагаваць26 кастрычніка 1938 року новым прэм’ер-міністрам Падкарпацкае Русі ўрад Чэхаславаччыны прызначыў Аўґустына Валошына, а міністрамі – чальцоў першага аўтаномнага ўраду Юліяна Рэвая ды Эдмунда Бачынскага[4]. Адразу пасьля складаньня прысягі на вернасьць Чэхаславаччыне Аўгустын Валошын выступіў з прамоваю, у якой заклікаў да супрацы масквафілаў. Ня маючы сваіх людзей у складзе ўраду, масквафілы на запрапанаваную супрацу не пагадзіліся й перайшлі ў адкрытую апазыцыю да новага ўраду. Антыўкраінскія мітынґі, дэманстрацыі й звароты, што праводзіліся імі ў шматлікіх местах Закарпацьця, значна ўскладнялі дзейнасьць ураду.
Стварэньне ўкраінскага ўраду на чале з Аўґустынам Валошыным выклікала па ўсім Закарпацьці небывалы ўздым. Усюды адбываліся маніфэстацыі ў падтрымку ўлады. 27 кастрычніка 1938 року ва Ўжгарадзе прайшла шматтысячная маніфэстацыя ў падтрымку ўраду. 30 кастрычніка 1938 року па ўсяму Закарпацьцю пракацілася хваля дэманстрацыяў, на якіх закарпатцы выказвалі пратэст супраць далучэньня часткі тэрыторыі да Вугоршчыны.
Пра чоткі ўкраінскі кірунак ураду Аўґустына Валошына пераканаўча сьведчыў і апублікаваны 27 кастрычніка 1938 р. у ґазэце «Нова свобода» зварот Украінскае народнае рады «Да ўсіх украінцаў у цэлым сьвеце! Да ўсіх украінскіх партыяў, арґанізацыяў, ґрупаў, таварыстваў у Галічыне, Букавіне, Бэсарабіі, Наддніпранскай Ўкраіне, Канадзе, Злучаных Дзяржаваў Амэрыкі і агулам да ўкраінцаў, дзе б яны ні пражывалі.
Мы верыма, што вялікі 50-мільённы ўкраінскі народ падыме і ў далейшым сваё вялікае слова і не дапусьціць, каб нашыя адвечныя ворагі накладвалі на нас путы, зноў саджалі нас у турмы»[5][6].
Гэты зварот быў расцэнены ўкраінцамі, апроч у Галічыне, як заклік да дапамогі братам-украінцам па той бок Карпат. Пачаліся масавыя дэманстрацыі на падтрымку ўраду Аўґустына Валошына ў Львове, Станіслававе, Каламыі, Золачаве, Чарткове, Галічы, Беражанах, Падгайцах, Рагаціне, Драгобічы, Стрыі, Пшэмысьле, Буску ды іншых местах ды вёсках[7].
Былі зафіксаваныя першыя нелеґальныя пераходы польска-чэскае мяжы галіцкімі ўкраінцамі з мэтаю дапамогі ў пабудове маладое ўкраінскае дзяржавы[8]. Напрыканцы 1938 року яны мелі масавую зьяву. Так Алег Ольжыч стаў афіцыйным упаўнаважаным Проваду АУН пры ўрадзе Аўґустына Валошына. Ён займаў пасаду кіраўніка культурнае рэфэрэнтуры ПУНу, пасьля стаў чальцом вайсковага штабу Карпацкае Сечы, 17 студзеня 1939 року яму было дадзенае грамадзянства Карпацкае Ўкраіны[9].
Абвяшчэньне незалежнасьці Карпацкае Ўкраіны
рэдагавацьНе зважаючы на пэўнае збліжэньне дзеячоў Карпацкае Ўкраіны і заляцаньні ўраду Нямеччыны з украінскімі палітычнымі сіламі, Вугоршчына не адмаўлялася ад сваіх прэтэнзіяў на ўсю тэрыторыю Закарпацьця. Зрэшты, апошняе слова ў вырашэньні праблемы Закарпацьця належала менавіта Нямеччыне, якая пэўны час хавала свае сапраўдныя намеры і стрымлівала Вугоршчыну ад аґрэсіі.
Напрыканцы 1938 — пачатку 1939 пакуль у дыпляматычных колах і грамадзкасьці эўрапейскіх дзяржаваў нават склалася ўражаньне, што Трэці Райх «падтрымлівае» Карпацкую Ўкраіну. Рашэньне Адольфа Гітлера ад сакавіка 1939 року пра канчатковае ліквідаваньне Чэхаславаччыны зьняла хоць якія пакровы з палітыкі Нямеччыны. 12 сакавіка 1939 року Гітлер даў згоду рэґенту Міклашу Гарты на акупацыю Карпацкае Ўкраіны.
14 сакавіка 1939 року, толькі даведаўшыся аб абвяшчэньні самастойнасьці Славаччыны, што сьведчыла пра канчатковы дзяржаўны распад Чэхаславаччыны ды вялікае колькасьці вугорскіх войскаў на мяжы, Аўґустын Валошын афіцыйна абвясьціў Карпацкую Ўкраіну незалежнаю дзяржаваю[10][11].
Тым ж днём быў сфармаваны трэці ўрад:
- Прэм’ер-міністар — Аўґустын Валошын
- Міністар замежных справаў — Юліян Рэвай
- Міністар унутраных справаў — Юры Перавузьнік,
- Міністар гаспадарства — Сьцяпан Клачурак
- Міністар фінансаў ды камунікацыяў — Юлі Брашчайка
- Міністар здароўя ды сацыяльнае апекі — Мікола Далінай.
Пасьля гэтага ў Бэрлін была накіраваная тэлеґрама: «Ад імя ўраду Карпацкае Ўкраіны прашу Вас прыняць да ведама абвяшчэньне нашае самастойнасьці пад аховаю Нямецкага Райху. Прэм’ер-міністар доктар Валошын. Хуст».
Асобныя падразьдзелы вугорскіх войскаў тым часам ужо перайшлі мяжу Карпацкае Ўкраіны, а адказу з Бэрліну не было. Ранкам 15 сакавіка ўрад Аўґустына Валошына яшчэ раз зьвярнуўся да Бэрліна з канкрэтным пытаньнем, ці аддала Нямеччына Карпацкую Ўкраіну Вугоршчыне. Толькі пасьля гэтага ведамства Рыбэнтропа праз свайго консула ў Хусьце параіла Аўґустыну Валошыну «не чыніць супраціў вугорскаму ўварваньню, бо нямецкі ўрад у гэтай сытуацыі, на жаль, ня можа ўзяць Карпацкую Ўкраіну пад пратэктарат».
У такой бязвыхаднай сытуацыі тым жа днём у Хусьце а 15:30 пачала сваю працу першая і апошняя сэсія Сойму Карпацкае Ўкраіны. Старшынёю сойму абраны Аўґустын Штэфан, намесьнікамі Сьцяпан Расоха ды Фэдар Рэвай. Цягам трох гадзінаў адбылося шэсьць асобных паседжаньняў. Таемным галасаваньнем сойм абраў прэзыдэнта навастворанае ўкраінскае дзяржавы айца Аўґустына Валошына ды прыняў два законы, што мелі статус канстытуцыйных і вызначалі форму новага дзяржаўнага ўтварэньня.
Імі падцьверджалася, што Карпацкая Ўкраіна ё незалежнаю дзяржаваю — рэспублікаю з прэзыдэнтам на чале, абраным соймам. Дзяржаўнаю моваю Карпацкае Ўкраіны абвяшчалася ўкраінская. Дзяржаўным сьцягам зацьвярджаўся нацыянальны сіне-жоўты сьцяг, а дзяржаўным гербам — спалучэньне краёвага герба (мядзьведзь у левым чырвоным коле й чатыры сінія і тры жоўтыя палосы ў правым паўколе) з нацыянальным (трызуб сьв. Уладзімера Вялікага з крыжом на сярэднем зубе). Дзяржаўным гімнам Карпацкае Ўкраіны абвяшчаўся нацыянальны гімн «Ще не вмерла Україна».
Сойм Карпацкай Украіны абраў Аўґустына Валошына прэзыдэнтам Карпацкае Ўкраіны, які пасьля складаньня прысягі прызначыў новы (чацьверты) ўрад:
- Прэм’ер-міністар ды міністар замежных справаў — Юліян Рэвай;
- Міністар унутраных справаў — Юры Перавузьнік;
- Міністар гаспадарства — Сьцяпан Клачурак;
- Міністар фінансаў ды камунікацыяў — Юлі Брашчайка;
- Міністар здароўя ды сацыяльнае апекі — Мікола Далінай.
Сойм паўнаважыў ўрад, зы згоды прэзыдэнта Карпацкае Ўкраіны, выдаваць да свайго выкліканьня распараджэньні, што мацьмуць сілу закону.
14 сакавіка 1939 року праз Украінскую прэсавую службу ў Бэрліне быў разасланы прэсавы Камунікат пра абвяшчэньне незалежнасьці Карпацкай Украіны. Прэм’ер-міністар Юліян Рэвай афіцыйна прызначыў Уладзімера Стахава прадстаўніком Карпацкае Ўкраіны ў Бэрліне, які неадкладна паведаміў пра сваё прызначэньне МЗС Нямеччыны ды папрасіў далучыцца да працэсу спыненьня акупацыі вугорскімі войскамі[12].
Ураду незалежнае Карпацкае Ўкраіны так і не наканавана было прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў. 15 сакавіка 1939 року вугорскія войскі пачалі агульны наступ па ўсёй тэрыторыі Закарпацьця. Ня маючы вонкавае падтрымкі, Карпацкая Ўкраіна да 18 сакавіка 1939 року была амаль цалкам была захопленая вугорскімі войскамі, 7 ліпеня 1939 року тэрыторыя Карпацкае Ўкраіны была анэксаваная Вугорскім каралеўствам[13].
У канцы сакавіка 1939 року прэзыдэнт рэспублікі Аўґустын Валошын ды частка ўраду на чале з прэм’ерам Юліянам Рэваем выехала праз Румынію ў эміґрацыю. Паўнамоцныя карпатаўкраінскія прадстаўнікі пакінулі край праз паўтара месяца пасьля пачатку прамое аґрэсіі Каралеўства Вугоршчына. Да 30 красавіка 1939 року ў Хусьце афіцыйна дзеяла Ўкраінская эвакуцыйная камісія на чале з Уладзімерам Бірчаком[14].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Пятро Стэрчо. Карпата-Ўкраінская дзяржава: Да гісторыі вызваленчае барацьбы карпацкіх украінцаў у 1919—1939 роках. — Львоў: За вольную Ўкраіну, 1994. — 288 с. ISBN 5-7707-5102-9
- ^ а б Закарпаття — Підкарпатська Русь: від здобуття автономії до проголошення незалежної держави. Степан Віднянський
- ^ Карпацкая Ўкраіна. Рэвай Юліян Іванавіч
- ^ Дзейнасьць Першага Краёвага ўраду Мікола Вэгеш, Марыян Токар
- ^ Першы ўрад Карпацкае Ўкраіны
- ^ Вэгеш М. Пазапраўныя пераходы польска-чэскае мяжы. Галічвне ў абароне Карпацкае Ўкраіны (1938—1939 рр.) // Гісторыя й палітыка. Т.2. — Ужгарад, 2005. — С.223.
- ^ Кук В. АУН і Карпацкая Ўкраіна // Аўґустын Валошын як дзяржаўнік, пэдаґоґ і рэліґійны дзяяч. Матэрыялы Ўсеўкраінскае навуковае канфэрэнцыі. Упор. В. І. Сяргейчук. — К., 2004. — С. 75.
- ^ Хымінец Ю. Цярністы шлях да Ўкраіны. Ужгарад: Гражда, 1996. — С. 90.
- ^ Вэгеш М. Алег Ольжыч у Карпацкай Украіне // Гісторыя й палітыка. Т. 2. Ужгарад, 2005. С. 475–477.
- ^ Газета «Нова свобода»
- ^ Абвяшчэньне незалежнасьці Мікола Вэгеш, Марыян Токар
- ^ Стахаў У. П. Пачалося ва Ўжгарадзе, а скончылася ў Мармароскім Сыґіце… // Весьці. Мюнхэн, 1955. Ч. 9-10 (59-60). С. 9–10
- ^ Карпацкая Ўкраіна: Дакумэнты і матэрыялы. Хроніка падзеяў. Пэрсаналіі. – Т. 2: Карпацкая Ўкраіна. Хроніка падзеяў. Пэрсаналіі / упоряд. С. Д. Федака. Ужгарад: Закарпацьця, 2010. 774 с.
- ^ Раман Афіцынскі: «З Карпацкае Ўкраіны для нас пачалася Другая сусьветная»
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Уладзімер Бірчак. Карпацкая Ўкраіна: Спогади й переживання / Упорядкування текстів та післямова Р. Офіцинського. — Ужгарад: Ґражда, 2007. — 198 с.
- Міхайла Болдыжар. Закарпацьце між дзьвюма сьветавымі войнамі: Матэрыялы да гісторыі супольна-палітычных адносінаў. – Ужгарад, 1993. – С.15-20; Нарысы гісторыі Закарпацьця. — С.65-66.
- Іван Ванат. Нарысы найноўшае гісторыі ўкраінцаў Усходняе Славаччыны. – Прэшаў, 1979. – Т.І (1918—1938). – С.61.
- Мікола Вэгеш. Карпацкая Ўкраіна 1938—1939 рокаў у агульнаэўрапейскім гістарычным кантэксьце. У 2-х тамах. – Том І. — Ужгарад, 1997
- Мікола Вэгеш, Сьцяпан Віднянскі. В. Краіны Цэнтральна-Ўсходняе Эўропы ды ўкраінскае пытаньне (1918—1939). — Кіеў-Ужгарад, 1998. — С. 63-64.
- Росоха Степан. Нараджэньне дзяржавы // Запавет Срэбнае зямлі. Карпацкая Ўкраіна ў барацьбе за незалежнасьць. — Львоў: Сьвет, 2001. — С. 20.
- Пятро Мірчук. Карпацкая Ўкраіна (выманьне з «Нарысу гісторыі АУН 1920–1939 рокі»). — Кіеў.: УВС, 2009. — 86 с.
- Першы ўрад Карпацкае Ўкраіны
- Ад атрыманьня аўтаноміі Падкарпацкае Русі да абвяшчэньня незалежнае Карпацкае Ўкраіны