Уладзімер Навасяд
Уладзімер Уладзімеравіч Навасяд (нарадзіўся 12 красавіка 1968 году, Кіеў, Украіна) — беларускі палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня.
Уладзімер Навасяд | |
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня | |
---|---|
2000 — 2004 | |
Дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13-га скліканьня | |
1995 — 1996 | |
Дэпутат Магілёўскай гарадзкой рады дэпутатаў | |
1990 — 1996 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
12 красавіка 1968 (56 гадоў) Кіеў, Украіна |
Партыя: | АГП (да 2000) |
Адукацыя: |
Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1993), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь |
Палітычная дзейнасьць
рэдагавацьУ канцы 1980-х гг., быўшы студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту, стварыў студэнцкую арганізацыю «Студэнцкі зьвяз» — альтэрнатыву камсамольскай арганізацыі ВНУ. Арганізацыя дамагалася разьвіцьці студэнцкага самакіраваньня. Быў ініцыятарам стварэньня (увайшоў у заснавальнікі) Рэспубліканскага студэнцкага зьвязу — арганізацыі, мэтай якой было арганізаваны выступ супраць манаполіі ВЛКСМ і КПСС у вучэбных установах краіны.
У 1990 годзе перамог на выбарах у Магілёўскую гарадзкую раду дэпутатаў. Дэпутат гарсавету з 1990 па 1996 год. Адзін з ініцыятараў стварэньня аддзела па справах моладзі г. Магілёва (першага ў Беларусі). З 1993 па 1995 г. кіраўнік дадзенага аддзела. Пры аддзеле па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама функцыянавала Рада грамадзкіх арганізацыяў, якая вырашала пытаньні рэалізацыі моладзевай палітыкі ў горадзе. У 1995 годзе пасьля ўсталяваньня «вэртыкалі», ініцыяванай А. Лукашэнкам, звольніўся па ўласным жаданьні.
У 1995 годзе перамагае на выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня. У Вярхоўным Савеце працуе на пасадзе намесьніка старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і самакіраваньні. З 1995 году адзін з заснавальнікаў фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», узначаленай С. А. Багданкевічам. У 1996 годзе пасьля канстытуцыйнага крызісу і рэфэрэндуму быў «звольнены» зь Вярхоўнага савету з фармулёўкай «па скарачэньні штатаў».
У 1995 годзе стварае Рэспубліканскую моладзевую грамадзкую арганізацыю «Грамадзянскі Форум», якую ўзначаліў. У 1997 годзе ініцыятар стварэньня першай моладзевай кааліцыі пад назвай «Маладая Беларусь».
У 1999 годзе ўзначаленая У. Навасядам моладзевая арганізацыя «Грамадзянскі форум» засноўвае сваю газэту «Моладзевы праспэкт», якая выходзіць з 1999 па 2006 год у выглядзе звычайных і адмысловых выпускаў (з 2001 па 2006 год спэцвыпуск «Навіны Серабранкі» распаўсюджваецца ў адпаведным раёне г. Менску, ад якога У. Навасяд быў абраны дэпутатам у парлямэнт).
У 2000 годзе ідзе на парлямэнцкія выбары, адмовіўшыся ўдзельнічаць у байкоце. Перамагае ў адным з раёнаў Менску і становіцца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь II скліканьня. Працуе ў складзе сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і самакіраваньні. Пры падтрымцы моладзі з «Грамадзянскага форуму» на разгляд парлямэнту выносіць шэраг законапраектаў: «Аб альтэрнатыўнай службе», «Аб зьберажэньнях грамадзян», блёк паправак у закон «Аб статуце Палаты прадстаўнікоў» і іншыя. Актыўна працуе сярод жыхароў акругі, ад якой абраны дэпутатам. Па просьбе выбарнікаў удзельнічае асабіста і праз сваіх памагатых у вырашэньні праблем раённага і гарадзкога маштабу. Улетку 2004 году, у зьвязку з падрыхтоўкай да чарговых парлямэнцкіх выбараў супольна з дэпутацкай групай Рэспубліка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законпраект пра зьмены ў выбарчае заканадаўства.
Да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году і мясцовых выбарах 2007 году службоўцамі выбаркама дапушчаны ня быў: у першым выпадку быў зьняты за пяць дзён да дня галасаваньня, у другім — на этапе рэгістрацыі кандыдата.
На працягу ўсяго палітычнага шляху зьбірае вакол сябе аднадумцаў. У 2001—2003 гадах сярод іх нараджаецца і канчаткова афармляецца ідэя стварэньня ў Беларусі партыі лібэральнай арыентацыі. Для новай партыі была абраная назва «Партыя свабоды і прагрэсу (ПСП)», быў сфармаваны Арганізацыйны камітэт на чале з Уладзімерам Навасядам. Партыя зарэгістраваная не была, паколькі Міністэрства юстыцыі тройчы адмовіла ў яе рэгістрацыі па фармальных падставах.
Праваслаўны. Жанаты, мае двух дочак.