Трыскайдэкафобія
Трыскайдэкафо́бія (ад стар.-грэц. τρεισ — «3», καί — «і», δεκα — «10» і φόβος — «страх», «фобія») — боязь ліку 13; гэта прымха зьвязаная з боязьзю пятніцы 13, вядомаю таксама як параскевідэкатрыяфобія.
Тэрмін «трыскайдэкафобія» ўпершыню ўжыў Айсэдор Корыят у сваёй кнізе Abnormal Psychology[1].
Паходжаньне
рэдагавацьІснуе аблуда, што найранейшыя згадкі пра лік 13 як нешчасьлівы сустракаюцца ў бабілёнскім зводзе законаў Хамурапі (каля 1780 да н. э.), у якім нібыта прапушчаны трынаццаты закон. Насамрэч гэты кодэкс ня меў нумарацыі, а ў перакладзе Л. В. Кінга 1910 року прапушчаны адзін пункт:
Калі гандляр скончыў (свой) лёс (т. б. сканаў), пакупнік павінен атрымаць кампэнсацыю у, напрыклад, пяціразовым памеры з маёмасьці прадаўца.
Іншыя пераклады Кодэксу Хамурапі ўключаюць гэты 13-ы артыкул[2].
Паводле вераваньняў некаторых хрысьціянаў лічыцца, што на Апошняй вячэры 13-м чалавекам за сталом сядзеў Юда, які здрадзіў Ісусу[3]. Аднак у Бібліі нічога не сказана пра парадак, у якім апосталы сядзелі за сталом. Да таго ж лік 13 ня ёсьць нешчасьлівым у юдэя-хрысьціянскай традыцыі. Так, кніга Выхад пералічвае трынаццаць атрыбутаў міласэрнасьці Божае[4]. Некаторыя хрысьціянскія цэрквы таксама ўжываюць гэтыя 13 атрыбутаў у сваіх набажэнствах.
Магчыма, трыскайдэкафобія была вядомая таксама й вікінгам. Лічыцца, што ў пантэоне нарвэскіх багоў Локі быў 13-м. Дакладней, ён быў адным з арганізатараў забойства Бальдра, і быў 13-м госьцем на ягоным пахаваньні[5]. Магчыма, адсюль паходзіць прымха, паводле якой з 13 чалавек, што сабраліся разам за абедзенным сталом, адзін абавязкова памрэ ў наступным року.
Старажытныя пэрсы верылі, што дванаццаць задыякальных сузор’яў кантралявалі месяцы году, і кожнае зь іх кіравала Зямлёй цягам 1000 рокаў. Па сканчэньні пэрыяду ўсіх кіраваньняў зямля і неба зьнікнуць у хаосе. Таму ў пэрсаў лік 13 атаясамліваецца з хаосам, і па традыцыі яны праводзяць трынаццаты дзень паводле іранскага календару па-за хатамі, каб не прыцягваць няўдачу.
У пятніцу, 13 кастрычніка 1307 року Філіп IV (кароль Францыі) аддаў загад на арышт усіх тампліераў. У XX стагодзьдзі гэты факт стаў вельмі папулярным для абгрунтаваньня «нешчасьлівасьці» пятніцы 13.
У 1881 уплывовыя жыхары Нью-Ёрку на чале зь ветэранам Грамадзянскай вайны капітанам Ўільямам Фаўлерам вырашылі пакласьці канец гэтай і некаторым іншым забабонам. Яны стварылі абедзенны клюб пад назваю «Клюб трынаццаці». На першым пасяджэньні ў пятніцу 13 студзеня 1881 а 20:13 13 чальцоў клюбу селі разам за стол у пакоі №13 у памяшканьні клюбу. Каб трапіць у пакой, госьці праходзілі пад лесьвіцай і сядалі між купак рассыпанай солі. Цягам наступным 40 рокаў ва ўсёй Паўночнай Амэрыцы паўсталі падобныя «клюбы 13-ці». Іхняя дзейнасьць актыўна асьвятлялася ў прэсе, а сярод удзельнікаў клюбаў былі пяць будучых прэзыдэнтаў ЗША ад Чэстэра Артура да Тэадора Рузвэльта.
Глядзіце таксама
рэдагаваць- Параскевідэкатрыяфобія — боязь пятніцы 13
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Isador H. Coriat. Abnormal Psychology. — Read Books. — 2008. — С. 319. — ISBN 9781409770701
- ^ Hammurabi. Hammurabi, The Code of Hammurabi [2250 BC] (анг.) The Online Library of Liberty. Library of Liberty. Праверана 27 лістапада 2012 г.
- ^ Cecil Adams. (6 лістапада 1992) Why is the number 13 considered unlucky? (анг.). The Straight Dope. Праверана 27 лістапада 2012 г.
- ^ Ronald L. Eisenberg. The 13 Attributes of Mercy (анг.) My Jewish Learning Праверана 27 лістапада 2012 г.
- ^ Oberon Zell-Ravenheart. Companion for the Apprentice Wizard. — Career Press, 2006. — С. 200.
Літаратура
рэдагаваць- Lachenmeyer, Nathaniel. 13: The Story of the World’s Most Popular Superstition. — New York: 2004. — ISBN 1-56858-306-0
- Julian Havil. Nonplussed: Mathematical Proof of Implausible Ideas. — Princeton University Press, 2007. — С. 152. — ISBN 0-691-12056-0
- O’Neil, Daniel. Fear of 13: Tales over dinner. — 2008.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- MathWorld (анг.)