Сядзіба Радзівілаў (Карэлічы)
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Сядзіба Радзівілаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Карэлічы |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Сядзіба Радзівілаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVII—XVIII стагодзьдзяў у Карэлічах. Існавала да XIX ст.
Гісторыя
рэдагавацьПершую драўляную сядзібу ў Карэлічах Радзівілы збудавалі ў XVII ст. Захавалася яе апісаньне на 1640 год. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе сядзібу зруйнавалі.
Адноўленую ў другой палове XVII ст. сядзібу зноў зруйнавалі ў 1706 годзе за часамі Вялікае Паўночнае вайны. У 1730-я гады Радзівілы збудавалі новую сядзібу.
Архітэктура
рэдагавацьНа 1640 год сядзіба складалася з драўляных пабудоваў княскага двара (палац, дом аканома, 2-павярховыя сьвірны з балюстраднымі галерэямі, кухня) і гаспадарчай часткі (дом парабкаў, стайні, бровар, саварня, сьвірны, гумно ды іншае), якая злучалася з княскім дваром праз браму з назіральнай пляцоўкай, з боку мястэчка ў двор вяла 2-ярусная брама, атынкаваная звонку глінай, з трыма жылымі пакоямі ў верхнім ярусе. Палац — 1-павярховы будынак з двума алькежамі, накрыты гонтавым дахам з двума дэкаратыўнымі флюгерамі, складаўся з прыхожай, трох жылых пакояў, ядальні, кухні, каморы. Галоўны ўваход вылучаўся слупавым ганкам, завершаным купалам. Каля палаца быў сад.
У другой палове XVII ст. сядзіба складалася з двух драўляных 1-павярховых будынкаў, накрытых саломай, кухні, саварні, варыўні, стайняў, сьвірнаў, двух млыноў і іншых гаспадарчых пабудоваў.
Апошняя сядзіба — помнік архітэктуры барока. Яна складалася з палаца, флігеля, гаспадарчых пабудоваў, дзьвюх брамаў (з боку мястэчка і з дарогі на Наваградак), вялікага саду. Палац — 2-павярховы прастакутны ў пляне драўляны будынак, завершаны вальмавым гонтавым дахам з мансардай. На першым паверсе — прыхожая, гардэроб, заля, тры жылыя пакоі, парадныя сходы на другі паверх, тры жылыя пакоі якога аздабляліся палатнянымі шпалерамі з выявамі кветак, размалёўкай, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (каляровая кафля і разная мэбля). Перад палацам былі кветнікі, за ім — «італьянскі» сад на трох тэрасах з прастакутнымі дзялянкамі пладовых дрэваў і хмызьняку. У садзе былі лябірынты, аранжарэя[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.