Сьнег (раман)
«Сьнег» (па-турэцку: Kar) — раман турэцкага пісьменьніка Архана Памука. Упершыню апублікаваны на турэцкай мове ў 2002 годзе.
Сьнег | |
па-турэцку: Kar | |
Засьнежаны помнік Ататурку ў Сарыкамышы(ru), правінцыя Карс, Турэччына | |
Жанр: | раман |
---|---|
Аўтар: | Архан Памук |
Мова арыгіналу: | турэцкая |
Год напісаньня: | 1999—2001 |
Публікацыя: | 2002 |
Папярэдні твор: | пуста[d] |
Апісаньне
рэдагавацьПаводле аўтара, уся кніга зьяўляецца сумесьсю трагедыі і фарсу, іроніі і драмы, сьмеху і сьлёз[1]. Дзеяньне раману адбываецца ў 1990-х гадах[2]. Спачатку гісторыя распавядаецца пераважна ад трэцяй асобы з пункту гледжаньня Ка, галоўнага героя. Нягледзячы на гэта, часам дае аб сабе ведаць і апавядальнік, які ўсё ведае. Ён прадстаўляецца сябрам Ка, што распавядае яго гісторыю на аснове дзёньнікаў і перапіскі Ка. Гэты апавядальнік часам дае чытачу інфармацыю, якую Ка на той момант яшчэ ня ведае, ці прадвяшчае наступныя падзеі гісторыі. Пазьней мы даведваемся, што апавядальніка клічуць Архан і ён зьяўляецца пісьменьнікам. У канцы раману апавядальнік сам становіцца дзеючай асобай.
Месцам дзеяньня абраны горад Карс(be) (у адрозьненьне ад большасьці раманаў Памука, якія разгортваюцца ў Стамбуле[3]). Гэты горад не падобны да іншых турэцкіх гарадоў, бо пасьля шматгадовай прыналежнасьці(be) Расейскай імпэрыі ён захаваў унікальную для Турэччыны архітэктуру[4].
На турэцкай мове мянушка галоўнага героя Ка (утворана ад ініцыялаў яго поўнага імя, Керым Алакушоглу), горад Карс і назва раману (па-турэцку: Kar) сугучныя.
Зьмест
рэдагавацьКа — паэт, які вяртаецца ў Турэччыну пасьля 12 гадоў палітычнага выгнаньня ў Германіі. Ён адправіўся ў Карс па некалькіх прычынах: па-першае, як журналіст, па просьбе стамбульскага знаёмага журналіста для расьсьледаваньня серыі самагубстваў юных дзяўчат; па-другое, у надзеі сустрэць жанчыну, якую ён ведаў. Цяжкі сьнег прыкладна на тры дні адразае Карс ад зьнешняга сьвету. За гэтыя тры дні Ка гутарыць з такімі людзьмі, як былы камуніст, прыхільнік сьвецкай улады, фашысцкі нацыяналіст, верагодны ісламскі экстрэміст, умераныя ісламскія дзеячы, маладыя курды, вайскоўцы(be), супрацоўнікі сакрэтнай службы ды паліцыі, актор-рэвалюцыянер. Падчас вымушанай ізаляцыі гораду ў Карсе адбываецца вайсковы пераварот.
Асноўнай тэмай кнігі зьяўляецца ўзаемадзеяньне секулярызму ды рэлігіі, але ў рамане ёсьць і адсылкі да ўсёй гісторыі Турэччыны дваццатага стагодзьдзя. Паводле выказваньня аўтара, галоўны герой апынуўся заціснутым паміж эўрапейскімі ідэаламі і рэаліямі Турэччыны[5].
Узнагароды і прэміі
рэдагаваць- 2005 — Прэмія Медычы(en) за лепшы замежны твор
- 2005 — кароткі сьпіс Прэміі «Індэпендэнт» за перакладную прозу(en)
- 2006 — Міжземнаморская прэмія(en) за лепшы замежны твор
Крыніцы
рэдагаваць- ^ La durée d’un flocon (фр.) Праверана 2018-01-18 г. Архіўная копія ад 2005-10-23 г.
- ^ Frozen assets (анг.). The Guardian. Праверана 2017-11-12 г.
- ^ Человек Памук (рас.). Esquire (2017-03-29). Праверана 2017-11-12 г.(недаступная спасылка)
- ^ The Russian Houses of Kars (анг.). Minor Sights (2014-10-04). Праверана 2017-11-12 г.
- ^ Интервью Нобелевского лауреата по литературе Орхана Памука (рас.). Meduza (2016-11-02). Праверана 2017-11-12 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Урывак за раману ў перакладзе Сяргея Богдана на беларускую мову Архівавана 14 лістапада 2020.
- Старонка пра раман на афіцыйным сайце Памука
- Карта падзей раману Архівавана 13 лютага 2012.