Сьвіта
Возера
Сьвіта
Сьвіта |
Сьвіта — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці. Разьмешчанае ў 7 км на поўдзень ад Паставаў, каля вёскі Сіманькі. Належыць да групы Пастаўскіх азёр.
Знаходзіцца ў басэйне ракі Мядзелка. Плошча возера складае 0,83 км². Найбольшая глыбіня возера — 31 м. Даўжыня Сьвіты складае 1,5 км, найбольшая шырыня — 1,06 км. Берагавая лінія вельмі зьвілістая, ейная даўжыня складае — 5,44 км. Аб’ём вады ў возеры складае 7,54 м³, плошча вадазбору возера — 22 км².
Схілы катлавіны возера маюць вышыню 20—35 мэтраў. Схілы парослыя лесам і хмызьняком, у верхняй часты — часткова разараныя. Берагі возера пакрытыя хмызьняком.
Пойма возера мае шырыню 10—15 мэтраў, на захадзе шырыня поймы складае да 200 мэтраў.
У возеры разьмешчаныя 3 астравы агульнай плошчай 0,016 км². Катлавіна мае шэраг заліваў, найбольшы зь якіх разьмяшчаецца на паўночным усходзе, дзе ўстварае плёс.
Найбольшыя глыбіні знаходзяцца ў паўднёвай частцы возера. У прыбярэжнай частцы дно пяшчанае. На большых глыбінях — гліністае.
У Сьвіту ўпадае ручай з возера Чэцьверць, выцякае ручай у возера Сьвітка.
Улетку водная маса возера мае выразнае тэмпэратурнае разьдзяленьне. На паверхні возера назіраецца кіслароднае перанасычэньне з рэзкім падзеньнем у мэталімніёне і з высокім дыфіцытам каля дна. Агульная колькасьць соляў падвышаецца ад паверхні да дна, дзе складае больш за 250 мг/л. Таксама характэрнай асаблівасьцю возера зьяўляецца падвышэньне ўтрымаеньня жалеза ў вадзе і яго накапленьне ў ніжніх пластах вады. Аднак вада возера адрозьніваецца высокай празрыстасьцю, якая складае 3,2—4 мэтры.
Наяўнасьць у возеры двух плёсаў, якія дастаткова моцна адрозьніваюцца па глыбіні, вядзе да таго, што ўсталёўваецца розьніца ў іх гідрахімічным рэжыме. У мелкаводным паўночна-усходні плёсе вада добра перамешваецца ветрам, лепей праграваецца сонцам, утрыманьне кіслароду ў ім вышэйшае, што дасягаецца ў першую чаргу наяўнасьцю расьліннасьці, якая амаль цалкам пакрывае паверхню.
Розьніца ў зарастаньні мелкаводнага плёсу і астатняй акваторыі возера вельмі вялікая. У выніку высокай празрыстасьці вады плёс зарастае амаль цалкам да глыбіні 4—4,5 мэтраў, прычым пераважна падводнымі расьлінамі, сярод якіх пераважаюць харавыя водарасьці. Глыбакаводная частка зарастае слаба, пераважна з-за наяўнасьці рэзкіх схілаў дна. Шырыня паласы прыбярэжнай расьліннасьці складае да 5 мэтраў.
Іхтыяфаўна возера сігова-сьнеткавая. Таксама ў возеры распаўсюджаныя акуні, самы, налімы, ліны, карасі, вугры. Вялікая колькасьць вадаплаваючых дзікіх птушак.
Возера Сьвіта трапляе пад узьдзеяньне анрапагеннага фактару. Схілы катлавіны разараныя, недалёка пабудаваныя жывёлагадоўныя фэрмы. Вада з возера выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэбаў насельніцтва вёскі Сіманькі. Слабы абмен вады і значная глыбіня возера ствараюць умовы нізкай самаачышчальнасьці вадаёма.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Озера Белоруссии. О.Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988.