Сьвяты Генадзь Магілёўскі

Сьвяты Гена́дзь Магілёўскі (пачатак XVI стагодзьдзя, Магілёў — 23 студзеня 1565, Кастрамскі манастыр, Кастрама, Расея) — прападобны Магілёўскі, Кастрамскі і Любімаградзкі, далучаны да Сабору беларускіх сьвятых.

Прападобны Генадзь Магілёўскі

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіў прападобны зь Літоўскай Русі. Нарадзіўся ў пачатку XVI стагодзьдзя ў горадзе Магілёве. Быў адзіным сынам у заможнай сям’і зямяніна Івана і яго жонкі Алены, пры хрышчэньні бацькі назвалі сына Рыгорам. Зь дзяцінства прападобны адрозьніваўся богабаязнасьцю, зь вялікай стараннасьцю наведваў царкоўныя службы, сьпяваў на клірасе. У юнацтве Рыгор надоўга пакідаў бацькоўскі дом, «на крыле царкоўным жывучы, дзень і ноч маліўся Богу». Заможныя бацькі былі незадаволены гэтым, бо жадалі яму багацьця і зямнога шчасьця. Аднойчы Рыгор пакінуў бацькоўскі дом, каб пасяліцца ў адным з манастыроў. Пэўны час зь іншымі вандроўнікамі ён падарожнічаў па Літоўскай зямлі, пакутуючы ад нягод і злых людзей.

Празь нейкі час прападобны прыйшоў у Маскву, дзе сустрэўся зь юнаком Фёдарам і разам зь ім пачаў шукаць месца для манаскага пострыгу. Так яны дайшлі да Валагодзкіх лясоў, дзе жыў шырока вядомы сваім падзьвіжніцтвам старац Карнілі Валагодзкі.

 
Краявід Спаса-Прэабражэнскага Генадзева манастыра ў XIX ст.

Тут Рыгор прыняў манаскі пострыг зь імем Генадзь і стаў насельнікам гэтай абіцелі. Атрымаўшы паслушэнства, выпрабоўваў сябе пастом і цяжкай фізычнай працай. Затым, імкнучыся да духоўнага ўзрастаньня, прыняў абет маўчаньня.

У хуткім часе Генадзь адышоў у пустыннае месца і паводле дабраславеньня старца Карнілія стварыў новы манастыр. Уладкаваўшы сьвятую абіцель, прападобны Генадзь праславіўся руплівасьцю, любоўю да Госпада і пабожнасьцю. Але зайздрасьць і інтрыгі насельнікаў вымусілі яго пакінуць абіцель і пайсьці ў глухія лясы на Сурское возера. Тут у бязьлюдным дзікім месцы заснаваў прападобны новую абіцель, куды неўзабаве перабраўся і старац Карнілій. Ціхае і мірнае жыцьцё заахвочвала і іншых манахаў да сумеснага пражываньня пад ігуменствам прападобнага Генадзя.

У 1529 годзе па загаду вялікага князя маскоўскага старац Карнілій вярнуўся ў ранейшы Белаазерскі манастыр, пакінуўшы прападобнаму Генадзю запавет пабудаваць Сьвята-Праабражэнскую царкву. Гэты запавет хутка быў выкананы, і ў манастыры сталі дзейнічаць ужо дзьве царквы — Праабражэнская і ў імя прападобнага Сергія Раданескага. Прападобны Генадзь зь вялікай любоўю ўпрыгожваў манастырскія цэрквы, з асаблівым стараньнем займаўся іконапісам. Ён нястомна накіроўваў духоўных братоў на ўзрастаньне ў духу, сам даючы прыклад посьніцтва і малітоўнасьці.

Яшчэ пры жыцьці прападобны праславіўся шматлікімі прароцтвамі і цудамі ацаленьня хворых. Па малітве сьвятога Генадзя ў 1559 годзе атрымаў ад Госпада выздараўленьне і япіскап Валагодзкі Кіпрыян.

Спачыў прападобны Генадзь 23 студзеня 1565 году, пакінуўшы насельнікам манастыра духоўны запавет, які ня страціў значэньня і для сучасьнікаў. Пахавалі прападобнага на манастырскім падворку, і адразу пасьля сьмерці ён стаў ушаноўвацца сваімі духоўнымі дзецьмі.

 
Краявід Спаса-Прэабражэнскага Генадзева манастыра. Расея, Яраслаўская вобласьць, Любімскі раён, сяло Слабада.

Праз 50 гадоў быў пабудаваны храм, асьвячоны ў гонар сьвятога. Яшчэ раней ігуменам Аляксіем было складзена жыціе і служба сьвятому. У 1644 годзе пры капаньні рову пад царкву былі аднойдзены мошчы прападобнага і з пашанай пакладзены ў царкве сьвятога Аляксія — чалавека Божага. Цяпер нятленныя мошчы прападобнага спачываюць у Кастраме.

Трапар прападобнаму Генадзю Магілёўскаму

рэдагаваць

Яко пустыннолюбивая горлица, / от суетнаго и многомятежнаго мира в пустыню удалився, / чистотою и говением, молитвами и труждением / прославил еси Бога в душе и телеси своем. / И тако благочестно пожив, / явился еси, преподобне Геннадие, пустыни Любимоградския украшение, / иноком честнаго жития образ / и теплый молитвенник за всех, / притекающих к тебе с верою.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць