Сьвята Трох Каралёў

(Перанакіравана з «Сьвята трох каралёў»)

Сьвята Трох Каралёў або Аб’яўленьне Пана — адно з галоўных сьвятаў каталіцкага календару, адзначаецца 6 студзеня. Узьнікла ў першыя стагодзьдзі хрысьціянства на Ўсходзе.

Пакланеньне трох мудрацоў

«Тры Каралі» — народная назва, Аб’яўленьне Пана — тэалягічная[1]. У праваслаўнай царкве адпаведнае сьвята завецца Богаяўленьне і зьвязваецца з Хрышчэньнем Ісуса Хрыста Янам Хрысьціцелем і зшэсьцем на яго Духа Сьвятога ў выглядзе голуба (19.01).

У каталіцтве Аб’яўленьне Пана сьвяткуецца з 4 ст., ягоная сымболіка зьвязваецца з паведамленьнем эвангельляў, як паганскія каралі-варажбіты Каспар, Мэльхіёр і Балтазар, папярэджаныя анёлам, прышлі пакланіцца немаўляці Ісусу і прынесьлі дары.

У памяць пра гэта ў касьцёлах служаць падзячныя малебны, Хрысту прыносяцца ў ахвяру як каралю — золата, як Богу — ладан, як чалавеку — міра. Асьвечанай у касьцёле крэйдай на дзьвярах дамоў пішуць літары KMB (CMB), перамяжаючы іх крыжыкамі, і нумар году, накшталт: K+M+B+2013. Сёньня пераважна лічаць, што гэта першыя літары імёнаў трох усходніх мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Мэсіі: Каспар, Мэльхіёр і Бальтазар. Адак гэты звычай зьяўляецца няправільнай інтэрпрэтацыяй лацінскіх надпісаў CMB Christus Benedicat Mansion (няхай Хрыстос блаславіць гэты дом). «Шчодрым вечарам» напярэдадні гэтага сьвята заканчваюцца «сьвятыя вечары», г.зн. вечары ад Божага Нараджэньня да Т.к.с. Дзецям і сваякам у гэты вечар (05.01) дораць падарункі, раздаюць пірагі. З самога сьвята пачынаюцца карнавальныя гульні і забавы, якія сканчаюцца на Папялец.

Традыцыйна на вячэру самога сьвята ў Рэчы Паспалітай пяклі мігдалавы торт або пірог з запечаным у сярэдзіне вялікім мігдалам. Той, каму даставаўся кавалак з гэтым мігдалам, мусіў сваім коштам арганізаваць вечарыну на Папялец; дзяўчыне ў гэтым выпадку варажылі хуткае замужжа. У канцы ХІХ ст. звычай быў крыху зьменены, і таго, хто даставаў мігдал, абвяшчалі «мігдаловым каралём», г.зн. ганаровым маршалкам банкету.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».