Помнік грамадзянскай архітэктуры
Слуцкая ратуша
Слуцкая ратуша, 1640-я гг.
Слуцкая ратуша, 1640-я гг.
Краіна Беларусь
Места Слуцак

Слуцкая ратуша — помнік архітэктуры XVII ст. у Слуцку, адзін з сымбаляў места. Знаходзілася ў Старым Месьце непадалёк ад Рынку, на правым баку Віленскай вуліцы[a]. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і стылю барока.

Ляканічнасьць архітэктурна-мастацкага разьвязку, граматнае і выразнае спалучэньне ўсіх вобразна-плястычных элемэнтаў залучае будынак Слуцкай ратушы ў лік найзначнейшах помнікаў драўлянага дойлідзтва ў гісторыі Слуцку.

Гісторыя

рэдагаваць

Першая ратуша

рэдагаваць

Першы раз Слуцак атрымаў Магдэбурскае права ў 1441 годзе за князем Аляксандрам Ўладзімеравічам. У пачатку XVI ст. у зьвязку з разбурэньнямі, выкліканымі нападамі на места крымскіх татараў, яго скасавалі. Выгляд і месца разьмяшчэньня ратушы дасьледнікі дагэтуль ня вызначылі.

Другая ратуша

рэдагаваць

У 1652 годзе, калі гаспадаром Слуцкага княства быў Багуслаў Радзівіл, Магдэбурскае права аднавілі. Неўзабаве збудавалі ратушу.

Час зьнікненьня ратушы невядомы. Магчыма, будынак згарэў у пажары, які ўчыніўся 29 кастрычніка 1669 году[1].

Архітэктура

рэдагаваць

У ратушы спалучаліся рысы традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і стылю барока. А наяўнасьць фахвэрку сьведчыла пра выкарыстаньне заходнеэўрапейскай будаўнічай традыцыі. Гэта быў прастакутны ў пляне 3-павярховы будынак, накрыты высокім 2-схільным дахам. Да сярэдзіны зьвернутага да вуліцы падоўжнага фасада рызалітам далучалася 3-ярусная вежа. Два яе ніжнія ярусы — чацьверыкі, трэці, на ўзроўні трэцяга паверха, — васьмярык, завершаны шаломападобным купалам зь вежачкай-альтанкай. Сьцены ніжніх паверхаў будынка былі рубленымі, трэці меў фахвэркавыя (каркасныя) канструкцыі. Яруснасьць будынка падкрэсьлівалі рытмічныя гарызанталі міжпавярховых паяскоў-стрэшкаў, якія праходзілі пэрымэтрам. Адметная рыса будынка — вялікая колькасьць памяшканьняў, у якіх разьмяшчаліся канцылярыя, архіў, скарбніца, важніца, склады, заля паседжаньняў магістрату, суду ды іншыя.

Зыходзячы з малюнкаў радзівілаўскага архіву, можна ацаніць архітэктурна-мастацкія асаблівасьці будынка, у першую чаргу галоўнага фасада. Ніжні паверх праразаўся сымэтрычна разьмешчанымі адносна вежы прастакутнымі аконнымі праёмамі. Другі быў суцэльнай, без аконных праёмаў, сьцяной, своеасаблівым акцэнтам якой былі тры аконныя праёмы вежы, сярэдні зь якіх быў большым і выкарыстоўваўся, відаць, як выхад на балькон. Дэкаратыўная насычанасьць трэцяга паверха вызначалася рытмам аконных праёмаў і геамэтрычнай арнамэнтыкай фахвэркавых канструкцыяў. Кантраставым вобразна-плястычным акцэнтам фасаду была вэртыкаль разьмешчанай усярэдзіне вежы з уваходным праёмам у ніжнім ярусе, плястыка якой уверсе ўскладнялася, а акордам-завяршэньнем быў фігурны ярусны купал. На фоне неба аб’ёмна-прасторавы разьвязак будынка падкрэсьлівалі сьцяжкі-флюгеры, якія вянчалі вежу і вільчыкі бакавых фасадаў.

  1. ^ Ратуша стаяла прыкладна на месцы школы № 5
  1. ^ Ціткоўскі І. (29 сьнежня 2016) Слуцкая ратуша. Наследие Слуцкого края.

Літаратура

рэдагаваць
  • Глебов И. Город Слуцк. Исторический очерк. — Вильна. 1904. С. 19.
  • Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн., 1985.
  • Тройчанский архив. Сб. Минская старина. Вып. 4, № 125. — Мн., 1913.