Садаводчае таварыства

Некамэрцыйная арганізацыя, што дзейнічае на падставе сяброўства грамадзянаў, выкарыстаньня дадзеных для супольнага садаводзтва дзялянак

Садаводчае таварыстванекамэрцыйная арганізацыя, што дзейнічае на падставе сяброўства грамадзянаў, выкарыстаньня дадзеных для супольнага садаводзтва дзялянак у мэтах вырошчваньня пладовых, ягадных, гароднінных і дэкаратыўных расьлінаў, стварэньня ўмоваў для адпачынку.

Дзялянкі даюцца таварыству паводле рашэньня раённага Савета дэпутатаў у валоданьне або карыстаньне. На дзялянку, дадзеную сябру таварыства, выдаецца дзяржаўны акт на права пажыцьцёвага атрыманага ў спадчыну ўладаньня зямлёй. Садовае таварыства ёсьць юрыдычнай асобай[1].

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Сход. Лічыцца правамоцным пры ўдзеле звыш паловы агульнага ліку сябраў таварыства. У выпадку ўпаўнаважаных патрабуецца прысутнасьць прынамсі 2/3 ад іх сьпісавага складу. Пры адсутнасьці кворуму праводзіцца паўторна з правамоцнасьцю пры ўдзеле прынамсі 25% агульнага ліку сябраў таварыства або прынамсі паловы сьпісавага складу ўпаўнаважаных. Склікаецца двойчы на год. Прымае рашэньні простай большасьцю галасоў прысутных. Зьмяняе Статут таварыства (2/3 галасоў) і выключае зь яго сябраў. Выбірае Кіраўніцтва, Рэвізійную камісію і Падліковую камісію. Аднойчы на 3 гады выбірае ўпаўнаважаных па адным ад кожных 5 сябраў. Зацьвярджае Правілы ўнутранага распарадку, утварэньне і выкарыстаньне маёмасьці агульнага карыстаньня. Усталёўвае памер і тэрміны ўнясеньня сяброўскіх, мэтавых і дадатковых складак сябрамі. Зацьвярджае памер аплаты працы старшыні, скарбніка і іншых работнікаў таварыства, а таксама памер узнагароджаньня сябраў Кіраўніцтва, Рэвізійнай камісіі і Падліковай камісіі. Ухваляе гадавы плян земляробчай працы і рамонту, штогадовы каштарыс даходаў і выдаткаў таварыства. Прымае рашэньне пра дамовы на суму звыш 50 базавых велічыняў і ўступленьне ў саюз таварыстваў.
  • Кіраўніцтва. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 5 сябраў таварыства. Праводзіць пасяджэньні кожныя 3 месяцы. Пасяджэньне правамоцнае пры ўдзеле прынамсі паловы сябраў. Зацьвярджае пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Вядзе ўлік сябраў, маёмасьці, даходаў і выдаткаў таварыства. Заключае дамовы на суму ад 25 да 50 базавых велічыняў. Выконвае пастановы Сходу і наглядае за выплатай сябрамі складак. Забясьпечвае асваеньне і выкарыстаньне дзялянак агульнага карыстаньня згодна праекту забудовы земляў таварыства. Рыхтуе штогадовую справаздачу аб сваёй дзейнасьці і ладзіць ахову земляў і маёмасьці таварыства і яго сябраў. Ладзіць выдаленьне адкідаў, якія ўтвараюцца на землях таварыства. Адключае падачу электраэнэргіі і вады сябрам таварыства, якія не сплацілі складкі.
  • Падліковая камісія. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 3 сябраў таварыства. Падлічвае галасы пры завочным галасаваньні Сходу (апытальным спосабам празь бюлетэнь). Ускрывае канвэрты прынамсі праз 15 дзён пасьля заканчэньня галасаваньня. На наступны дзень пасьля падпісаньня пратаколу перадае яго Кіраўніцтву для выкананьня прынятага рашэньня. Таксама падлічвае галасы і агалошвае вынікі пры таемным галасаваньні.
  • Рэвізійная камісія. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 3 сябраў. Штогод правярае гаспадарчую дзейнасьць таварыства, пра што падае справаздачу Сходу. Дае заключэньне пра справаздачу Кіраўніцтва. Цягам 10 дзён ад выкрыцьця фінансавых парушэньняў з боку сябраў Кіраўніцтва склікае пазачарговы Сход[2].
  • Паявая. Уносіцца пры заснаваньні садаводчага таварыства для пакрыцьця арганізацыйных выдаткаў, афрамленьне дакумэнтаў аб стварэньні таварыства і набыцьцё аб’ектаў агульнага карыстаньня.
  • Сяброўская. Пэрыядычна выплачваецца на дзейнасьць таварыства, у тым ліку на аплату працы штатных работнікаў, узнагароджаньне сябраў Кіраўніцтва, Рэвізійнай камісіі і Падліковай камісіі.
  • Мэтавая. На падставе пастановы Сходу ўносіцца на земляробчыя працы, стварэньне і капітальны рамонт аб’ектаў агульнага карыстаньня.
  • Дадатковая. На пакрыцьцё стратаў таварыства[2].

Правы ўдзельніка

рэдагаваць

Паводле 18-га пункту Палажэньня «Аб садаводчым таварыстве» 2008 году, яго ўдзельнік мае права:

  • «выбіраць і быць выбраным у органы кіраваньня таварыства, удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў і ўносіць прапановы на агульных Сходах, удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў па пытаньнях, аднесеных... да кампэтэнцыі агульнага Сходу;
  • азнаёміцца са справаздачамі старшыні Кіраўніцтва і Рэвізійнай камісіі таварыства, а таксама атрымліваць ад іх іншую інфармацыю пра дзейнасьць органаў кіраваньня таварыства і Рэвізійнай камісіі;
  • самастойна гаспадарыць на дадзеным яму зямельным участку»;
  • «ажыцьцяўляць у адпаведнасьці з... праектам.. забудовы тэрыторыі таварыства будаўніцтва і рэканструкцыю садовых дамоў, а таксама гаспадарчых пабудоваў і збудаваньняў»;
  • «распараджацца зямельным участкам, садовым домам, гаспадарчымі пабудовамі і збудаваньнямі, якія належаць яму на праве прыватнай уласнасьці»;
  • «карыстацца аб'ектамі агульнага карыстаньня таварыства»;
  • «распараджацца пладовай, ягаднай, гародніннай, дэкаратыўнай і іншай сельскагаспадарчай прадукцыяй, вырашчанай на дадзеным яму зямельным участку;
  • зьвяртацца ў суд з патрабаваньнем аб прызнаньні несапраўднымі рашэньняў агульнага Сходу, Кіраўніцтва, яго старшыні»;
  • «выйсьці з таварыства на сваё меркаваньне ва ўсялякі час незалежна ад згоды іншых сябраў таварыства шляхам падачы заявы ў Кіраўніцтва»[2].

Абавязкі ўдзельніка

рэдагаваць

Згодна з 19-м пунктам Палажэньня «Аб садаводчым таварыстве» 2008 году, яго ўдзельнік абавязаны:

  • «выконваць патрабаваньні, усталяваныя... Статутам і Правіламі ўнутранага распарадку таварыства, рашэньнямі агульнага Сходу, Кіраўніцтва;
  • прыступіць да асваеньня зямельнага ўчастка, дадзенага для вядзеньня калектыўнага садаводзтва, у тэрмін і парадку, усталяваныя заканадаўствам аб ахове і выкарыстаньні земляў;
  • выкарыстоўваць дадзены яму зямельны ўчастак у адпаведнасьці зь яго мэтавым прызначэньнем, выконваць на ім агратэхнічныя мерапрыемствы, ажыцьцяўляць мерапрыемствы па ахове расьлінаў;
  • своечасова ўносіць складкі»;
  • несьці субсыдыярную адказнасьць па абавязках таварыства ў межах няўнесенай ім часткі дадатковых складак;
  • не парушаць правы іншых сябраў таварыства;
  • пісьмова апавясьціць Кіраўніцтва пра пераход да яго права на зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў межах таварыства і дадзены для вядзеньня калектыўнага садаводзтва, не пазьней за 10 дзён з дня дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага права»[2].

Беларусь

рэдагаваць

Паводле 39-га артыкула Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб зямлі 2008 году, «Зямельныя ўчасткі для калектыўнага садаводзтва, дачнага будаўніцтва даюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь у прыватную ўласнасьць, пажыцьцёвае спадкаемнае валоданьне або арэнду, а іншаземных грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — у арэнду». Пагатоў «даюцца зямельныя ўчасткі, прыдатныя для іх выкарыстаньня ў пазначаных мэтах, як правіла, з фонду пераразьмеркаваных земляў і паблізу ад аўтамабільных дарогаў і чыгунак». Згодна з 36-м артыкулам Кодэксу аб зямлі, «Памер зямельнага ўчастка, дадзенага... для калектыўнага садаводзтва.. ня можа перавышаць 0,15 гектара на аднаго сябра садаводчага таварыства». Паводле 9-га артыкула Кодэксу, «У фонд пераразьмеркаваных земляў улучаюцца... вольныя (незанятыя) зямельныя ўчасткі». У сваю чаргу, згодна з артыкулам 351 Кодэксу, «Мясцовыя выканаўчыя камітэты ўтвараюць пералікі вольных зямельных участкаў», якія «штомесяц абнаўляюцца і разьмяшчаюцца на інфармацыйных стэндах і афіцыйных сайтах гэтых органаў у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт»[3].

На 1 студзеня 2013 году на ўліку ў Беларусі стаяла 4477 садаводчых таварыстваў, якія ўлучалі 371,5 тыс. дзялянак. Найбольш садаводчых таварыстваў было ў Менскай вобласьці — 30%, найменш у Магілёўскай — 9%. У Менскай вобласьці знаходзіліся 1372 садаводчыя таварыствы, якія налічвалі 211,3 тыс. дзялянак (57%) агульнай плошчай 17,9 тыс. гектараў (179 км²)[4].

  1. ^ Агародніцтва, садаводзтва і жывёлагадоўля калектыўная // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 17-18. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  2. ^ а б в г А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 50 «Аб захадах упарадкаваньня дзейнасьці садаводчых таварыстваў» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 30 студзеня 2008 г. Праверана 13 ліпеня 2018 г.
  3. ^ А.Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 23 ліпеня 2008 г. № 425-З (рас.) // Прававы партал Рэспублікі Беларусь «Эталон-Анлайн», 3 лістапада 2012 г. Праверана 13 ліпеня 2018 г.
  4. ^ Сяргей Куркач. Правілы дачнага жыцьця // Зьвязда : газэта. — 27 ліпеня 2013. — № 138 (27503). — С. 2. — ISSN 1990-763x.