Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны

Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН A/RES/68/262 — дакумэнт, прыняты 27 сакавіка 2014 году ў выніку адкрытага галасаваньня на 80-м пленарным паседжаньні 68-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Гэтую сэсію ГА ААН склікалі адмыслова, каб разгледзець пытаньне аб узброенай акупацыі Расеяй часткі тэрыторыі Ўкраіны (Аўтаномная Рэспубліка Крым і места Севастопаль). Дакумэнт пад назвай «Тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны» прынялі як рэакцыю ААН на анэксію Расеяй часткі тэрыторыі Ўкраіны. Рэзалюцыя пацьвердзіла забавязаньні ГА ААН датычна тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных граніцах і падкрэсьліла несапраўднасьць Крымскага рэферэндуму 2014 году.

За дакумэнт прагаласавалі 100 дзяржаваў-сябраў ААН, 11 прагаласавалі супраць, 58 устрымаліся, а 24 ня ўзялі ўдзелу ў галасаваньні з прычыны адсутнасьці сваіх прадстаўнікоў на гэтай сэсіі ГА ААН. Рэзалюцыю ініцыявалі 6 краінаў: Канада, Коста-Рыка, Летува, Нямеччына, Польшча і Ўкраіна[1]. Прыняцьцю рэзалюцыі папярэднічалі беспасьпяховыя спробы Рады Бясьпекі ААН (сем сэсіяў) разьвязаць Крымскі крызіс. Вынікам гэтых намаганьняў стала толькі вэта з боку Расеі[2].

  1. ^ UN General Assembly adopts resolution affirming Ukraine's territorial integrity. Xinhua (28 March 2014). Праверана 30 сакавіка 2014 г. (анг.)
  2. ^ Backing Ukraine’s territorial integrity, UN Assembly declares Crimea referendum invalid. UN (27 March 2014). Праверана 30 сакавіка 2014 г. (анг.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць