Рыя (геаграфія)
Ры́я (па-партугальску: ria, па-галісійску: ría) — прыбярэжная затока, утвораная частковым падтапленьнем неабледзянелай рачной даліны, адкрытая для мора. Як правіла, рыі маюць дрэвападобныя абрысы, хоць існуюць і простыя, бяз значных рукавоў. Гэты ўзор застаецца ад дрэвападобнага малюнку вадасьцёку затопленай рачной даліны. Затапленьне рачных далінаў уздоўж берагавое лініі і ўтварэньне рыяў прыводзіць да надзвычай няроўнага і зрэзанага ўзьбярэжжа. Часта зьяўляюцца натуральныя выспы, якія ёсьць вяршынямі часткова затопленых пагоркаў.
Узьбярэжжа рыі — берагавая лінія, утвораная некалькімі паралельнымі рыяў, разьдзеленымі хрыбтамі, якія выдаюцца глыбока на сушу. Зьмяненьне ўзроўню мора, якое выклікала затапленьне рачной даліны, можа быць ці эўстатычным (калі ўзрастае ўзровень Сусьветнага акіяну), ці ізастатычным (калі затапляецца мясцовая суша). Вынікам часта ёсьць вельмі вялікі эстуарый у вусьці параўнальна невялікай ракі (інакш асадкі хутка б засыпалі рыю).