Рымскія лічбы

Ры́мскія лі́чбы — сыстэма зьлічэньня, ужываная антычнымі рымлянамі для запісу натуральных лікаў. Аснову яе складаюць шэраг літараў лацінскай абэцэды:

  • I = адзін
  • V = пяць
  • X = дзесяць
  • L = пяцьдзясят
  • C = сто (ад лацінскага centum)
  • D = пяцьсот
  • M = тысяча (ад лацінскага mille)
Рымскія лічбы ды іхнія арабскія адпаведнікі

Іншыя лікі запісваюцца пры дапамозе паўтарэньня гэтых лічбаў. Пры гэтым значэньні лічбаў сумуюцца, акрамя выпадку, калі меншая лічба стаіць перад вялікай. У такім разе меншы лік адымаюць ад вялікага. Гэты прынцып адыманьня выкарыстоўваюць, каб пазьбегнуць чатырохразовага паўтарэньня адной і той жа лічбы.
Прыклады:

II = 2
IV = 4
VIII = 8
IX = 9
XVI = 16
XXXII = 32
LXIV = 64
CXXVIII = 128
CCLVI = 256
DXII = 512
DCLXVI = 666 (пералічаны ўсе літары, акрамя M — г. зв. лік зьвера)
MXXIV = 1024
MCMLXXIV = 1974

Часам прынцып адыманьня ўжываюць больш шырока: адымаць ад вялікай лічбы любую меншую. Гэтак зручна запісваць лікі як 1999 = MIM (1000 + 1000 - 1) замест MCMXCIX.

Выкананьне арытмэтычных апэрацыяў пры дапамозе рымскіх лічбаў — вельмі складана. Рымляне ўжывалі абак.

У наш час рымскія літары ўжываюцца для абазначэньня дат (нумары месяцаў: 25-III-1918, стагодзьдзяў: XX стагодзьдзе), у імёнах (папа Леў X, кароль Карл IX), назвах глаў, разьдзелаў кніг, у дэкаратыўных мэтах (цыфэрблят гадзіньнікаў) і інш.

Юнікод мае адмысловыя сымбалі для прадстаўленьня рымскіх лічбаў, гэта шэраг ад U+2160 да U+2183. Там зьмешчаны знакі I—XII (каб паказваць гадзіны або месяцы) і астатнія лічбы. Напрыклад лік 1644 = MDCXLIV можна запісаць пры дапамозе гэтых асобных знакаў як ⅯⅮⅭⅩⅬⅠⅤ. Аднак, каб ужываць гэтыя сымбалі, патрэбны праграмы, здольныя паказваць юнікодныя сымбалі і шрыфты, якія маюць гэтыя знакі. Таму пажадана ўжываць звычайныя лацінскія літары.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Рымскія лічбысховішча мультымэдыйных матэрыялаў