Рух за нацыянальную незалежнасьць Латвіі

Рух за нацыянальную незалежнасьць Латвіі (па-латыску: Latvijas Nacionālās Neatkarības Kustība, скарочана — РННЛ) — палітычная арганізацыя ў Латвіі, якая дзейнічала з 1988 году да сярэдзіны 1990-х гадоў[1].

Утварылася як радыкальнае крыло латвійскага нацыянальнага руху[2]. У адрозьненьне ад Народнага фронту Латвіі, які першапачаткова падтрымліваў ідэю большай аўтаноміі для Латвіі ў межах СССР, прыхільнікі РННЛ ад самага пачатку выступалі за абвяшчэньне незалежнасьці. Лідэрамі РННЛ былі Эдуардс Бэрклаўс, Алэксандрс Кірштэйнс, Андрэйс Крастыньш, Эйнарс Рэпшэ і Юрыс Добэліс.

Пасьля таго, як Латвія ізноў здабыла незалежнасьць, РННЛ стала палітычнай партыяй і атрымала назву Нацыянал-кансэрватыўная партыя. Партыя атрымала 15 месцаў з 100 на парлямэнцкіх выбарах 1993 году і стала ўплывовай апазыцыйнай партыяй. У тым жа годзе выставіла свайго кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра краіны, Ёахіма Сіегэрыста, які саступіў толькі на адзін голас і атрымаў другое месца. РННЛ выйгралі муніцыпальныя выбары ў сталіцы Латвіі, Рызе ў 1994 годзе, але пасьля гэтага папулярнасьць партыі хутка згасла. Яна страціла палову сваіх месцаў у парлямэнце пасьля выбараў 1995 году і ўрэшце зьлілася з Tēvzemei un Brīvībai (партыяй Айчыне і свабодзе), іншай правай партыяй з падобнымі ідэямі.

Пасьля ўваходжаньня ў альянс з партыяй «Айчыне і свабодзе», палітычнае аб’яднаньне стала ўсё больш актыўна прасоўваць ідэі аб «латыскім» бачаньні будучыні Латвіі. З боку кіраўніцтва партыі меў месца шэраг спрэчных заяў пра заахвочваньне спажываньня латвійскіх тавараў і папярэджаньне пра магчымую небясьпеку з боку нелатышоў[3].

У суседняй Эстоніі існавала арганізацыя з аналягічнымі мэтамі і практычна ідэнтычнай назвай — Партыя нацыянальнай незалежнасьці Эстоніі.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць