Руплівы ліцьвін
Руплі́вы ліцьві́н (па-польску: Litwin Gorliwy na Wschodzie Wilna) — масонская ложа, якая была сфармаваная 15 сьнежня 1780 году пад патранатам вялікай ложы Катажыны пад Паўночнай Зоркай. Уваходзіла ў склад Вялікага Ўсходу Народнага Польшчы. Кіраўніком ложы зьяўляўся пасол сойму Мацей Зынеў. У фондах Кракаўскага нацыянальнага музэю знаходзіцца бронзавы з пазалотай знак сябраў «Руплівага ліцьвіна»[1].
Гісторыя
рэдагавацьЗ 1781 году масоны ложы «Руплівы ліцьвін» зьбіраліся ў Вільні ў доме Ромэраў (вул. Бакшты, 10). Генрых Ромэр, які быў піяністам і віялянчэлістам, стварыў у Вільні Таварыства сьпеваў, якое прапагандавала рэлігійную музыку Станіслава Манюшкі. Апроч таго, у доме сьпявалі свае гімны масоны (перад адкрыцьцём паседжаньняў). Сярод віленскіх месьцічаў нават у пазьнейшы час быў распаўсюджаны выраз: «Ідзі сьпяваць на Бакшты».
Пасьля паразы Напалеона ў Расеі ў 1812 годзе ложа «Руплівы ліцьвін» аднаўляе свое кантакты з польскімі сябрамі. 30 лістапада 1812 году польскія масоны перадаюць сваім аднадумцам з Усходу новую канстытуцыю. Разам з там, у красавіку 1813 году кіраўніцтва віленскіх масонаў зьвяртаецца да расейскай ложы сьвятога Ўладзімера ў Пецярбургу з прашэньнем аб прыняцьці пад сваю апеку. Яны імкнуліся аб’яднацца з расейскімі масонамі па прычыне таго, што ў Расейскай імпэрыі за Аляксандра І масоны падтрымліваліся ўрадам. Аднак гэта прапанова не знайшла водгуку ў асяродзьдзі расейскіх масонаў.
Паўнавартасна аднавіць сваю дзейнасьць ложа «Руплівы ліцьвін» змагла толькі ў 1816 годзе. У склад ложы тады ўваходзіла 114 чалавек, сярод якіх было многа прадстаўнікоў духавенства, а таксама выкладчыкаў Віленскага ўнівэрсытэту. Тады ж магістрам быў абраны біскуп-суфраган Нікадзім Пузына. Праз два гады магістрам ложы стаў Міхал Ромэр. Паседжаньні ложы «Руплівы ліцьвін» праходзілі ў доме Ромэра ў Вільні.
Рэфармісты
рэдагаваць16 сакавіка 1818 г. у Вільні адбывалася шараговае паседжаньне масонскае ложы «Руплівы ліцьвін». Работы на ім вяліся паводле рытуалу I ступені, але згодна з завядзёнкаю, апрача братоў першае ступені, у ложы былі прысутныя і браты-«майстры», і сябры іншых літоўскіх ложаў. На гэтым паседжаньні выступіў 44-гадовы доктар філязофіі і мэдыцыны, масон у ступені «выбранага рыцара» Якуб Шымкевіч з праектам «рэфармаванага масонства». Пазьней прыхільнікі Якуба Шыманоўскага («рэфармісты») стварылі сваю ложу пад назвай «Франкмасонскае таварыства Руплівы ліцьвін на Ўсходзе Вільні». Першы сход рэфармаванай ложы адбыўся 26 сакавіка 1818 году ў доме на вуліцы Замкавай, што належыў прафэсару літаратуры Віленскага ўнівэрсытэту Лявону Бароўскаму.
Ліквідацыя
рэдагавацьНа пачатку 1820 году царскі ўрад пачынае абмяжоўваць дзейнасьць «вольных муляроў». 6 сьнежня 1821 году віленскі віцэ-губэрнатар Хорн загадаў мясцоваму паліцмайстару Шлыкаву забараніць правядзеньне ўсялякіх масонскіх збораў. 1 жніўня 1822 г. найвышэйшы ўказ на імя графа Качубея закрываў ложы па ўсёй Расеі назаўжды. 15 кастрычніка 1831 году адбыўся разьвітальны сход ложы «Руплівы ліцьвін». Сваю маёмасьць прадстаўнікі ложы перадалі віленскаму таварыству дабрачыннасьці. Тады ж мясцовымі ўладамі быў накіраваны даклад на імя імпэратара, у якім паведамлялася: «Ад лож літоўскіх і сьляду не засталося».
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- ks.Załęski Stanisław. O masonii w Polsce.- Kraków, 1908.
- Małachowski-Łempicki Stanisław. Wykaz polskich lóż wolnomularskich oraz ich członków w latach 1738—1821// Archiwum Komisji Historycznej. Т. XIV.- Kraków, 1930. — s.155.
- Głowacki W. W. Farmaceuci w lożach masońskich// Kronika Farmaceutyczna. −1935.- №12, s.180-183; №13, s.201-202.
- Kuźnicka B. Autobiografia J.F. Wolfganga z 1850 r. w świetle źródeł rękopiśmiennych i drukowanych// Kwartalnik Historii Nauki i Techniki.- 2001.-№46/3, s.55-70.
- Дабранскі С. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве// Спадчына № 3 — 1997. С. 42-72.
- Добрянский С. Ф. Очерки из истории масонства в Литве // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского Географического Общества. Кн. 4.- Вильна, 1914.