Раскіданае гняздо (спэктакль, Мазырскі драматычны тэатар)

«Раскіданае гняздо» — спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Раманам Цыркіным ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа па аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Спэктакль акрэсьлены як «сцэнічны варыянт Р. Цыркіна» і прысьвечаны 120-годзьдзю з дня нараджэньня Я. Купалы. Прэм’ера адбылася 24 лістапада 2007 году.[1]

«Раскіданае гняздо»
Сцэна са спэктаклю
Сцэна са спэктаклю
Жанртрагэдыя
Паводлеп'есы Я.Купалы
«Раскіданае гняздо»
РэжысэрРаман Цыркін
Мастак-пастаноўнікУладзімер Матросаў
КампазытарВольга Кашынская
ХарэографАлена Масунова
АкторыМ. Кліменка
А. Чыжык
Н. Скамарохава
А. Сьпірыдовіч
Н. Бакавец
А. Бычкоўскі
В. Росьлікава
Я. Гарбачэўскі
Я. Кузьмянкоў і інш.
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’еры24 лістапада 2007[1]
ПастаноўкіМазырскі драматычны тэатар
Узнагародылаурэат IX Міжнароднага фэстывалю «Этна-Дзіа-Сфэра» (Мукачава, Украіна, 2008)

У спэктаклі найбольш заўважальныя зьмены ў параўнаньні зь літаратурнай першаасновай адбыліся з вобразам Незнаёмага і ў стаўленьні стваральнікаў спэктаклю да ідэі рэвалюцыі. Калі Янка Купала ў 1913 годзе бачыў у рэвалюцыі сродак нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня беларускага народу ад імпэрскага прыгнёту, пачатак шляху да свабоднай і незалежнай Беларусі («На вялікі сход, па Бацькаўшчыну!»), то Р. Цыркін, ведаючы з гісторыі, што прынесьлі беларускаму сялянству і інтэлігенцыі наступствы бальшавісцкай рэвалюцыі 1917 году, атаясамлівае змагара-агітатара, які зьяўляецца на руінах хаты Зяблікаў, з Д’яблам (нібыта паказвае вобразь Незнаёмага і ягоныя ідэі праз прызму «Бесаў» Ф. Дастаеўскага).[2]

  Ён [Незнаёмы] выходзіць на падмосткі ў традыцыйным, вядомым па карцінках, адзеньні — чорным трыко і гэткім жа чорным д'ябальскім каўпаку. Яго словы і пра сход, і пра супраціў — гэта спакушэньне. Сваёй ахвярай Незнаёмы выбраў Сымона. Разыгрываецца даволі вялікая сцэна — не столькі славесная, колькі пластычная. Незнаёмы ў сваёй «агітацыі» выкарыстоўвае разнастайныя сродкі — парады, абяцаньні, пагрозы, псыхалягічны і фізычны націск (каларытны ў ролі Андрэй Сьпірыдовіч іграе віртуёзна). І ўсё дзеля аднаго — спакусіць, забраць чалавечую душу. [...] Ідзе складаная, цяжкая ўнутраная барацьба. І калі ўрэшце Сымон рашыўся — гэта стала яго душэўным зломам. Ён панік, як у народзе кажуць, «ськіс». І ціха, малазаўважна падаўся ў бок спакусьніка. Амаль адразу ж падмосткі ахапіла віхурыстае полымя. Яно шалёна бушавала, нішчачы ўсё існае. І калі агонь заціх, сцэна была абсалютна пустая. Невядома, дзе Сымон, ці выйшаў ён жывым з пякельнага вогнішча. Дзе іншыя людзі?  

Анатоль Сабалеўскі[3]

  Рэжысэр [...] паспрабаваў адшукаць у творы Купалы тыя «сьцяжынкі», якія прывялі б нас, гледачоў, ад побытавага пласту п'есы і яе фальклёрна-сымбалісцкага ўспрыняцьця да перафармулёўкі пытаньня «Хто вінаваты?» на «Чаму так атрымалася?». Нездарма патэтычны «рэвалюцыянэр» Незнаёмы ў выкананьні Андрэя Сьпірыдовіча ў спэктаклі набыў рысы ўсюдыіснага настойлівага чорту, які сваім назаляньнем не дае Сымону спакойнага жыцьця, проста-такі штурхаючы хлопца да неўласцівых яму ўчынкаў.  

— Тацьцяна Команава[4]

  1. ^ а б в Раскіданае гняздо (старонка спэктаклю) Мазырскі драматычны тэатар імя Івана Мележа Праверана 31 сьнежня 2012 г.
  2. ^ Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры Villa Sokrates Праверана 31 сьнежня 2012 г.
  3. ^ Анатоль Сабалеўскі ...І будуць панаваць // Мастацтва : часопіс. — Менск: 2008. — № 7. — С. 47. — ISSN 0208-2551.
  4. ^ Тацьцяна Команава Што дадаць да «высокай пробы»? // Культура : газэта. — Менск: 2008. — № 48.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць