Пінская і тураўская япархія (уніяцкая)

Пінская і Тураўская япархія (уніяцкая) (афіыйная назва ў Annuario Pontificio: лац. Eparchia Pinscensis et Turoviensis Ruthenorum) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (япархія) Ўніяцкай Царквы ў межах Вялікага Княства Літоўскага ў час існаваньня Рэчы Паспалітай. Існавала ў 1596—1795 гг.

Ахоплівала ў асноўным тэрыторыю Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва і Мазырскага павету Менскага ваяводзтва.

Гісторыя

рэдагаваць

Створана ў выніку пераводу Пінскай і Тураўскай праваслаўнай япархіі ва ўніяцтва пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году. Пінскі і тураўскі біскуп Лявонці Пяльчыцкі падпісаў умовы Берасьцейскай уніі, а яго наступнік Ёна Гогаль браў удзел у Берасьцейскім царкоўным саборы на баку прыхільнікаў уніі. Пінская і Тураўская япархія была самай малалікай сярод уніяцкіх япархіяў па колькасьці парафіяў і вернікаў. Пінска-Тураўская ўніяцкая япархія складалася з 2 частак: Пінскай япархіі і Тураўскай япархіі.

У япархіі ў 1666 — 10 парафіяльных цэркваў. Колькасьць парафіяў расла па меры пераводу ва ўніяцтва праваслаўных цэркваў і манастыроў. У 1668 уніяцкім стаў Пінскі Ляшчанскі манастыр.

У пачатку 18 стагодзьдзя ў япархіі каля 100 парафіяў. У 1722 годзе ўва унію пераведзена да 20 тысяч чалавек, у 1743 уніяцкімі становяцца Крупяцкі Ўвядзенскі і Навадворскі Ўсьпенскі манастыры. На 1772 япархія ахоплівала тэрыторыю 25,2 тысячы км² у Берасьцейскім ваяводзтве і налічвала каля 20 дэканатаў.

У пачатку XVIII ст. Тураўшчына па-ранейшаму заставалася пераважна праваслаўнай. Падзел Тураўскай япархіі на дэканаты адбыўся незадоўга перад правядзеньнем першай яе візітацыі 1754—1755 гг., а канчаткова аформіўся, відавочна, у часе яе правядзеньня. Сярэдзіна XVIII ст. — гэта пэрыяд імклівага росту колькасьці ўніяцкіх парафіяў у тураўскім рэгіёне. Паводле стану на 1769 колькасьць цэркваў у складзе 3-х дэканатаў вырасла: Мазырскі — 38 цэркваў, Петрыкаўскі — 22 і Тураўскі — 12. У першай палове 70-х гг. XVIII ст. з цэркваў, што знаходзіліся ў валоданьнях віленскага рыма-каталіцкага біскупа, у Мазырскім і Кіеўскім паветах у раёне мястэчак Лельчыцы і Славечна, разам з трыма прылеглымі цэрквамі ў Пінскім павеце быў створаны чацьвёрты дэканат — Убарцкі. Паводле стану на 1769 насельніцтва ўніяцкага веравызнаньня на тэрыторыі Тураўскай япархіі налічвала 40560 чалавек і складала 27,3% ад колькасьці ўніяцкага насельніцтва ўсёй Пінска-Тураўскай епархіі[1].

Паводле матэрыялаў трэцяй візітацыі 1770—1771 г., на тэрыторыі Тураўскай япархіі налічвалася ўжо 72 уніяцкія парафіяльныя царквы і 3 царквы пры базылянскіх манастырах.

Паводле стану на 1777—1778 гг. падзел Тураўскай япархіі на дэканаты быў наступным: Мазырскі дэканат — 32 царквы, Петрыкаўскі — 20, Убарцкі — 15, Тураўскі — 11. Цэнтры дэканатаў знаходзіліся ў наступных населеных пунктах: Убарцкага — у в. Лельчыцы, Мазырскага — да 1774 г. у в. Ворсічы, у 1774—1787 гг. у в. Ванюжычы, Петрыкаўскага — у 1760-х гг. у м. Астражанка, у 1770-х гг. у м. Скрыгалаў, у 1780-х гг. у в. Скрыгалаўская Слабада. Усе яны знаходзіліся на тэрыторыі Мазырскага павету. Існавала пасада тураўскага сурагатара, якому былі падначалены ўсе 4 дэканаты, г. зн. тэрыторыя ўсёй Тураўскай япархіі. Цэнтар Тураўскай сурагацыі ў 1787 знаходзіўся ў м. Славечна Кіеўскага павету[1].

Пасьля Падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Пінска-Тураўскай япархіі апынулася ў Расейскай імпэрыі. У 1795 у сувязі зь пераводам уніяцкіх парафіяў у праваслаўе і рэарганізацыяй царскімі ўладамі структуры Ўніяцкай Царквы Пінска-Тураўская япархія была скасавана. Парафіі, вернікі якіх засталіся ўніятамі, у 1798 увайшлі ў склад новаўтворанай Берасьцейскай уніяцкай япархіі. У 1798 было ўтворана асобнае дапаможнае Пінскае біскупства ў складзе Берасьцейскай япархіі[1].

  1. ^ а б в Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў. Уніяцкія парафіі «Тураўскай епархіі» ў XVI—XVIII стст. (бел.). Национальный исторический архив БеларусиПраверана 21 лютага 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць