Пінскае гета
Пінскае гета (1 траўня — 28 кастрычніка 1942) — месца прымусовага перасяленьня габрэяў гораду Пінску і ваколіцаў у рамках перасьледу і зьнішчэньня габрэяў у час акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Нямеччыны ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны.
Да стварэньня гета
рэдагавацьПасьля нападу Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 году толькі нязначная колькасьць габрэяў пасьпела эвакуявацца на ўсход. У Пінску таксама апынуліся ўцекачы з заходняй часткі Беларусі. 4 ліпеня 1941 году Пінск быў заняты нямецай арміяй.
Па распараджэньні акупацыйных уладаў у другой палове ліпеня быў створаны юдэнрат — габрэйская рада, орган па выкананьні ўказаньняў акупантаў у дачыненьні да габрэяў і габрэйская паліцыя. Старшынём юдэнрату немцы прызначылі дырэктара школы Давыда Альпэра. Праз два дні ён адмовіўся ад пасады і быў расстраляны разам зь яшчэ 20 чальцамі юдэнрату. Новым старшынём быў прызначаны Біньямін Бакштанскі.
З 5 па 7 жніўня 1941 году немцы расстралялі ў Пінску да 10 тысячаў габрэяў. У асноўным былі расстраляныя мужчыны ад 16 да 60 гадоў.
Для габрэяў былі ўведзеныя шматлікія абмежаваньні, у тым ліку нашэньне на адзежы сьпераду і ззаду адмысловага адметнага знака.
Стварэньне і жыцьцё гета
рэдагавацьУсё габрэйскае насельніцтва Пінску ў колькасьці 18 644 чалавек з 1 траўня 1942 году было зьняволена ў гета. Па часе стварэньня гэта было апошняе гета на тэрыторыі Беларусі. Сюды былі таксама дэпартаваныя габрэі з эўрапейскіх краінаў і навакольных мястэчак. Гета было агароджанае калючым дротам і мела тры ахоўных выхады: на вуліцах Лістоўскага, Паўночнай і Альбэрхтаўскай. Жыльлёвая плошча ў гета разьмяркоўвалася сыходзячы з плошчы ў 1,2 квадратны мэтар на чалавека.
Габрэі працавалі на створаных у гета прамысловых прадпрыемствах і ў майстэрнях, а таксама выкарыстоўваліся акупантамі на прымусовых працах. У гета была створаная лякарня, аптэка, паліклініка. Дзейнічалі падпольныя групы, якія спрабавалі назапашваць зброю і ствараць укрыцьці і бункеры.
У чэрвені 1942 году немцы арыштавалі ў Пінску і Кобрыні 3500 габрэяў і расстралялі іх на станцыі Бронная гара.
Зьнішчэньне гета
рэдагаваць8 кастрычніка 1942 году пачалася акцыя па зьнішчэньні пінскага гета. Яе праводзіў нямецкі матарызаваны батальён паліцыі парадку. Падпольшчыкі гета аказалі супраціў паліцыі, большасьць зь іх было забіта, частка здолела зьбегчы да партызанаў.
У справаздачы камандзіра батальёна паліцыі парадку было паказана, што ў гэтыя дні былі зьнішчаныя 26 200 чалавек. Іцхак Арад лічыць, што ў гета было забіта 17 тысячаў габрэяў.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113Д000720 |
Пінскае гета — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Артыкул «Пинск» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі (рас.)
- Трагедыя пінскага гета(недаступная спасылка)
- The Kommandostab Revisited