Праўда і справядлівасьць

эстонская пэнталёгія Антона Хансэна Тамсаарэ


«Пра́ўда і справядлі́васьць» (па-эстонску: Tõde ja õigus) — пэнталёгія эстонскага пісьменьніка Антона Хансэна Тамсаарэ, напісаная ў 1926—1933 роках. Лічыцца адным з асноўных твораў эстонскай літаратуры.

Сацыяльны эпас Тамсаарэ ахоплівае пераўтварэньне Эстоніі з расейскай губэрні ў незалежную дзяржаву. Ён часткова абапіраецца на ўласны досьвед аўтара і засяроджваецца на адрозьненьнях між местачковым сярэднім клясам і цяжкай працай сялянства. Галоўны герой, Індрэк Паас, у пошуках шчасьця пераяжджае з фэрмы ў места, дзе спрабуе знайсьці супакой у шлюбе і ладзе жыцьця сярэдняга ды вышэйшага кляса, аднак вымушаны вярнуцца да сваіх каранёў і пачаць усё зноўку.

Апісаньне

рэдагаваць

Сэрыю «Праўда і справядлівасьць» можна разглядаць як падрабязнае апісаньне разьвіцьця эстонскага грамадзтва ў 1870—1930-я рокі; яна прадстаўляе эпічную панараму як вясковага, так і мескага жыцьця тае пары. Асноўная ідэя Тамсаарэ заключаецца ў тым, што пры тых прыдатных умовах дасягнуць гармоніі праўды і справядлівасьці немагчыма, і таму пэрсанажы, хоць і спрабуюць яе дабіцца, не дасягнуць мэты.

У першым томе «Праўды і справядлівасьці» апісаная барацьба чалавека зь зямлёй, у другім — з Богам, у трэцім — з грамадзтвам, у чацьвертым — з самім сабой, а пяты сканчаецца паразаю. Хоць твор і тычыцца эстонскага грамадзтва, але закранае мноства тагачасных літаратурных ды філязофскіх пытаньняў. Дзякуючы «Праўдзе і справядлівасьці» Тамсаарэ здабыў рэпутацыю аднаго з самых арыгінальных мысьляроў і раманістаў Паўночнай Эўропы. Апошнія два тамы засяроджваліся болей на разважаньнях пра барацьбу за праўду і справядлівасьць, чымся на аўтабіяграфічным матэрыяле.

У Праўдзе і справядлівасьці Тамсаарэ намаляваў іранічны партрэт местачковых інтэлектуалаў, якія ўвабралі норавы сярэдняга і верхняга клясаў, аднак адмовіліся ад маральных прынцыпаў. У час напісаньня раманаў адбыўся прыход да ўлады дыктатараў — Адольфа Гітлера, Ёсіфа Сталіна, Бэніта Мусаліні — і занядбаньне праўды і справядлівасьці. Індрэк (пратаганіст) — не чалавек дзеяньня, аднак празь ягоную жыцьцёвую гісторыю Тамсаарэ дасьледуе тыя самыя гуманістычныя ідэалы пачатку XX стагодзьдзя, што і Рамэн Ралян, Томас Ман ды Джон Галсўорці ў сваіх творах. У першай частцы Індрэк фігуруе мала, а галоўным героем фактычна зьяўляецца ягоны бацька Андрэс Паас зь першай жонкай Крыыт, якая памірае пасьля родаў. Андрэс, які хоча адстаяць сваю правату, у выніку страчвае разуменьне дабра і ліха ды спрабуе падмануць свайго заклятага ворага, Пэару. У другой частцы Індрэк едзе ў прыватную школу ў Тарту (хоць Тамсаару не называе ў рамане яго яўна). Індрэк закахаўся ў Рамільду, дачку дырэктара школы. Яна памірае ад сухотаў, тады Індрэк адступаецца ад Бога, друкуючы ў сьценгазэце артыкул, за які яго выключаюць з школы. У трэцяй частцы Індрэк бярэ ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 року, аднак жахаецца ад іхняй лютасьці. Падзеі чацьвертай часткі адбываюцца ў незалежнай Эстоніі. Індрэк ажаніўся з Карын; у іх нараджаюцца двое дзяцей. Даведаўшыся пра здраду Карын, ён яе ледзь не забівае. Яму даюць умоўны тэрмін, а Карын гіне ў дарожна-траспартным здарэньні. У пятай частцы Індрэк вяртаецца ў родную вёску.

Пэрсанажы

рэдагаваць
  • Андрэс
  • Пэару — закляты вораг Андрэса. Хоць ён пастаянна дапякае суседа, аднак у глыбіні душы добры. Ён можа быць ветлівым, дружалюбным і шчодрым. Жыцьцё ён разглядае як гульню, спаборніцтва ды барацьбу. Дабро ці ліха, праўда ці крыўда, ісьціна ці мана — для яго гэта ўсё гульня.
  • Індрэк
  • Містэр Маўрус — архетыпічны школьны настаўнік, прататыпам якога стаў Хуга Трэфнэр.

У 2019 року па першай кнізе пэнталёгіі быў зьняты фільм рэжысэра Танэла Тома. Пасьля выхаду фільм стаў самым масавым прагляданым фільмам у Эстоніі, абышоўшы ранейшага рэкардсмэна — «Аватар» Джэймза Кэмэрана[1].

  1. ^ Eestlased Eestis. (18 сакавіка 2019) 'Truth and Justice' sets record as most-watched film in Estonia (анг.) Estonian world review Праверана 26 траўня 2019 г.