Помнік палеглым славацкім жаўнерам (Ліпавец)
Помнік | |
Братэрская магіла славацкіх жаўнераў, палеглых пад час наступу
Братська могила словацьких солдатів, загиблих під час наступу | |
Славацкі манумэнт (2012)
| |
Краіна | Украіна |
Места | Ліпавец |
Дата заснаваньня | 1942 |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | адноўлены |
Братэрская магіла славацкіх жаўнераў, палеглых пад час наступу на Вікісховішчы |
Братэ́рская магі́ла слава́цкіх жаўне́раў, пале́глых пад час на́ступу (па-ўкраінску: Братська могила словацьких солдатів, загиблих під час наступу), таксама вядомая як Слава́цкі манумэ́нт (па-ўкраінску: Словацький монумент) — помнік у месьце Ліпавец Віньніцкай вобласьці Ўкраіны, усталяваны ў гонар славацкіх жаўнераў, палеглых пад час Другой сусьветнай вайны. Помнік гісторыі Віньніцкай вобласьці мясцовага значэньня[1], адзіны падобны манумэнт на тэрыторыі Ўкраіны.
Мінуўшчына
рэдагаваць22 ліпеня 1941 на Ліпавеччыне адбыўся адзін зь першых контрудараў Чырвонай арміі супраць Вэрмахту[2]. У часе гэтай апэрацыі часткі 6-й ды 12-й савецкіх арміяў разграмілі славацкую мэханізаваную брыгаду[3], што ваявала ў складзе 17-й нямецкай арміі. Менавіта тут адбыўся першы пераход славакаў на бок Чырвонай арміі, што ў выніку прывяло да стварэньня Чэхаславацкай асобнай брыгады[4]. Славацкія жаўнеры патрапілі пад моцны перакрыжаваны савецкі ды нямецкі агонь, зазнаўшы вялікія страты забітымі і параненымі. Гэта былі найбольшыя страты славацкага войска цягам аднаго дня за ўсю вайну[5].
Наступным днём савецкі контранаступ быў адбіты. Палеглых славакаў пахавалі ў вялікай братэрскай магіле на месцы іхняга апошняга бою.
Цягам 1941—1943 рокаў сюды з усяе тэрыторыі СССР звозілі ўсіх палеглых славацкіх ваяроў. Пахаваньні адбываліся і па сканчэньні вайны, калі ў ліпавецкай зямлі знаходзілі рэшткі славацкіх жаўнераў. Апошняе пахаваньне пяцёх славакаў адбылося ў 2010 року, калі іхнія косткі разам з гранатамі ды патронамі выкапалі экскаватарам пад час пракладаньня водаправоду ў Ліпаўцы. Нацыянальную прыналежнасьць рэштак вызначылі па абутку, бо ніводзін асабісты пазнамок ня быў знойдзены[6].
Паводле словаў мясцовых жыхароў, агулам у братэрскай магіле пахаваныя калі шасьцісот славацкіх жаўнераў[6].
Апісаньне
рэдагавацьПомнік знаходзіцца ля ўезду да места Ліпавец. Уяўляе сабою шасьцімэтровы гранітны абэліск арыгінальнае канструкцыі.
Быў узьведзены славацкімі майстрамі ў 1942 року. На ягонае адкрыцьцё прыехаў нават тагачасны прэзыдэнт Славаччыны Ёзэф Ціса[7]. За савецкім часам помнік часткова разбурылі, аддавалі загад падарваць[4].
У 1996, 2006 і 2011 роках у Ліпаўцы адбыліся міжнародныя акцыі памяці і прымірэньня, сымбалем чаго стала аднаўленьне помніку[4]. Асобныя ліпаўчане атрымалі ад славацкай амбасады адмысловыя ўзнагароды за «шэфства» над братэрскаю магілаю[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Перелік пам’яток історії місцевого значення Вінницької області (укр.) Охорона культурної спадщини. Управління культури і турізму Вініцької облдержадміністрації. Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ Липовецький район (укр.) (pdf) Вінницький інформаційний портал Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ Панахида за загиблими радянськими та словацькими солдатами (укр.) Офіційний сайт Липовецької районної державної адміністрації Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ а б в Липовець туристичний (укр.) Сайт міста Ліповець. Ліпавецкая меская рада. Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ Шмидт Петра. (2009) История боевых действий частей Красной Армии против словацких войск в годы Великой Отечественной войны. 1941-1944 гг. (рас.) Электронная библиотека диссертаций disserCat Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ а б в У Липовці національність загиблих визначили за черевиками (укр.). 20 хвилин (18 лістапада 2010). Праверана 21 лістапада 2013 г.
- ^ // Вінниччина : газета. — 27 липня 2011. — № 57 (22599).
Літаратура
рэдагаваць- В. Скрипник. «Під містом Липовцем грізно битва гула» : [Про участь Словацької армії в боях за Вінниччину] // Голос України. — 6 липня 2006.
- Pavel Mičianik. Slovenská armáda v ťažení proti Sovietskemu zväzu (1941 — 1944) I. V operácii BARBAROSSA. Vydavateľstvo: Dali-BB, s.r.o. — ISBN: 978-8-89090-37-2