Пераклады Бібліі на славацкую мову
Першы пераклад Бібліі на славацкую мову, як альтэрнатыва перакладам на чэскую, датаваны 1756 рокам.
Пачаткі
рэдагавацьПершы Біблійны тэкст на мове, набліжанай да славацкай, датаваны 1469 рокам і знойдзены ў эстэргомскай бібліятэцы. Гэта быў фрагмэнт рукапісу Эвангельля паводле Яна.
З прыходам Рэфармацыі славацкія пратэстанты пачалі карыстацца перакладамі Бібліі на чэскую мову[1].
Пераклады
рэдагавацьКаталіцкая царква замовіла камедульскім бэнэдыктынам з Чырвонага Кляштару славацкі пераклад Бібліі. Ягоным аўтарам называюць Рамуальда Гадбаўнага[2][3][4]. Пераклад быў скончаны ў першай палове XVIII стагодзьдзя і дайшоў да нашага часу ў копіі 1756—1760 рокаў.
Наступным пераклаў Біблію яшчэ адзін каталіцкі сьвятар Юрай Палкавіч у першай палове XIX стагодзьдзя. Ягоны пераклад быў надрукаваны ў 1820—1830-х роках у Эстэргоме і стаў першым славацкім друкаваным перакладам Бібліі. Наступны каталіцкі пераклад сьвятара Францішка Віцязаслава Сасінка быў скончаны да 1888 року, аднак цалкам так і не надрукаваны.
Першы цалкам надрукаваны пераклад Бібліі на сучасную літаратурную славацкую мову апублікаваны ў 1913—1926 роках. Аўтарамі перакладу былі Андрэй Глінка, Ян Войташшак, Ціхамір Мілкін, Марцін Колар й іншыя каталікі.
У 1930—1931 року рабін Ёзэф Ўайс пераклаў зь іўрыту першую й другую кнігу Майсееву дзеля школьных патрэбаў.
У 1936—1937 лютэранскі пастар Ёзэф Рогачак зьдзейсьніў першы пратэстанцкі пераклад Бібліі; усутыч да гэтай пары славацкія пратэстанты карысталіся выключна чэскай Краліцкай Бібліяй.
У 1955 року зьявіўся рыма-каталіцкі пераклад, падрыхтаваны Біблійнай камісіяй пры Суполцы сьвятога Язэпа ў Трнаве.
У 1968 у Рыме выдадзены Новы Запавет у перакладзе Штэфана Порубчана з грэцка-сэміцкага арыгіналу.
Новы эвангелісцкі пераклад зьявіўся ў 1977 року.
У 1986 пад патранатам Славацкай літургічнай камісіі выдадзены рымска-каталіцкі пераклад Новага Запавету з Нэавульгаты. Пераклад усяе Бібліі паводле Новавульгаты выйшаў у Рыме ў 1995 року. Гэта найбольш поўнае аднатомнае выданьне ўсяе Бібліі на сучасную літаратурную славацкую мову, зьдзейсьненае пад кіраўніцтвам доктара багаслоўя Ёзэфа Герыбана, які напісаў прадмовы да асобных кнігаў і ўласна пераклаў кнігі Тобіта і Юдыт.
Экумэнічны пераклад на славацкую мову выдадзены ў 2007 року. У 2009 упершыню зьдзейсьнены пераклад Ерусалімскай Бібліі рымска-каталіцкага сьвятара Антона Ботка.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Mikuláš Teich, Dušan Kováč, Martin D. Brown. Slovakia in History. — 2011. — С. 65.
- ^ Roland Sussex, Paul V. Cubberley. The Slavic languages. — 2006. — С. 102.
- ^ «Kamaldulská Biblia»
- ^ * Bible // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Camalduls // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Hadvabný // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Červený Kláštor // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5