Камедульская Біблія

Камедульская Бі́блія, Камальдульская Біблія, таксама Сьвятое Пісаньне каталіцкай фары ў Цыфэры; поўная назва Сьвятая Біблія славацкая альбо Сьвятое Пісаньне частка I, каторая ўлучае ў сябе Закон Старога Тэстамэнту і гісторыю Закону: Пяць кніг Майсеевых, кнігі Озіі, Yudikum, Рут, Царстваў, Параліпамэнон, Эздравы, Тобіта, Юдыт, Эстэр, Ёба, Псальмы Давідавы, Кнігу Выслоўяў, Эклезыяст, Песьняў, Саламонавы, Кнігі Мудрасьці і Сірах; частка II, каторая ўлучае ў сябе Прарокаў, кнігі Макабіцкія і ўвесь Новы Запавет) — першы вядомы пераклад усяе Бібліі на славацкую мову. Зьдзейсьнены камедульскімі манахамі праўдападобна з Чырвонага Кляштару альбо Нітры (паводле найстарэйшых крыніцаў — Рамуальд Гадбаўны) ў першай палове XVIII стагодзьдзя, аднак вядомы толькі ў рукапісе, перапісаным ад 6 траўня 1756 да вясны 1760.

Камедульская Біблія
Поўная назва: Сьвятая Біблія славацкая альбо Сьвятое Пісаньне частка I, каторая ўлучае ў сябе Закон Старога Тэстамэнту і гісторыю Закону: Пяць кніг Майсеевых, кнігі Озіі, Yudikum, Рут, Царстваў, Параліпамэнон, Эздравы, Тобіта, Юдыт, Эстэр, Ёба, Псальмы Давідавы, Кнігу Выслоўяў, Эклезыяст, Песьняў, Саламонавы, Кнігі Мудрасьці і Сірах; частка II, каторая ўлучае ў сябе Прарокаў, кнігі Макабіцкія і ўвесь Новы Запавет
Мова: славацкая
Аўтар(ы): Камедульскі ордэн
Перакладзеная з: Вульгата
Мова крыніцы: лацінская
Канон: каталіцкі
Вэб-старонка: kb.kapitula.sk

Перакладзены з тэксту лацінскай Вульгаты, пры перакладзе таксама выкарыстоўваліся габрэйскія і грэцкія арыгіналы і чэскі й польскі пераклады. Пераклад зьмяшчае мноства тлумачальных заўвагаў па-лацінску на палёх асобных старонак. Адзіны захаваны асобнік, выяўлены ў фары ў Цыфэры, знаходзіцца ў архіве Арцыбіскупскага ўраду ў Трнаве.

Камальдульскі пераклад меў быў ужываны таксама як лекцыянар; у ім крыжыкам пазначаныя пачатак і канец кожнага занятку, а напрыканцы прыведзены расклад чытаньня на ўвесь літургічны рок[1].

Тэкст напісаны так званым камальдульскім варыянтам славацкай мовы. Характарызуецца намаганьнем выкарыстоўваць формы і выразы тагачаснай славацкай гутарковай мовы з выразнымі заходнеславацкімі элемэнтамі і некаторымі запазычанымі літаратурнымі абаротамі чэскага паходжаньня. Пераклад ёсьць сьведчаньнем высокай духоўнай культуры і моўнай сасьпеласьці асяродзьдзя, у якім паўстаў, і па інтэлектуальным, багаслоўскім і моўным ўзроўні не саступае іншым тагачасным і пазьнейшым перакладам.

На пачатку XXI стагодзьдзя выйшла факсымільнае выданьне гэтага перакладу клопатам нямецкага славіста-прафэсара Ганса Ротнага ў двух тамох (920 + 1063 старонак). У выданьне ўключаныя камэнтары і дасьледаваньні.

  1. ^ Ján Ďurica SJ: Kamaldulská Biblia — prvý slovenský preklad v európskom kontexte. s. 12

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць