Патрыярх (царкоўны сан)

царкоўны сан

Патрыя́рх (ад грэц. πατριάρχης пачынальнік роду) — найвышэйшы эпіскапскі тытул у Праваслаўнай Царкве, кіраўнік памеснай праваслаўнай царквы. Таксама тытул старшага эпіскапа ў некаторых іншых цэрквах.

Гісторыя

рэдагаваць

У Старажытнай Юдэі патрыярхам называлі старшыню сінедрыёна — найвышэйшага калегіяльнага органа ўлады.

У хрысьціянскай царкве з IV ст. патрыярх — кіруючы эпіскап некаторых гарадоў і земляў (александрыйскі, ерусалімскі, канстантынопальскі, антыяхійскі, рымскі).

З канца VI ст. канстантынопальскі патрыярх атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Сусьветныя саборы й прызначаць мітрапалітаў.

Папа Рымскі разглядаўся тады як патрыярх заходняй часткі Бізантыі. Аднак рымская царква пасьля свайго адзьдзяленьня не пагадзілася з гэтым і з XIII ст. увяла тытул патрыярха для эпіскапаў асобных старажытных епархій у падпарадкаваньні папы.

Тытул патрыярха існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай у Егіпце, эфёпскай і іншых старажытных усходніх цэрквах.

Беларусь

рэдагаваць

Праваслаўная царква на Беларусі з пачатку свайго існаваньня й да 1596 г. знаходзілася пад амафорам (апекай) канстантынопальскага патрыярха. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся й беларускія праваслаўныя епархіі. У 1596 г. канстантынопальскі патрыярх накіраваў свайго экзарха Нікіфара на праваслаўны сабор у Берасьці, які выступіў супраць Берасьцейскай уніі 1596 г.

У 1620—86 гг. адноўленая праваслаўная царкоўная арганізацыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстантынопальскага патрыярха, у 1686—1700 гг. і з 1917 г. — патрыярха маскоўскага й усяе Русі.

Маскоўскі патрыярх

рэдагаваць

Першы маскоўскі патрыярх быў пастаўлены ў 1589 г. (у 1700—1917 гг. патрыярха не было). Ён кіруе царквой сумесна са Сьвятым сынодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыцьцёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства й вернікаў царквы). За час існаваньня Маскоўскага патрыярхата было 16 патрыярхаў: Ёў (1589—1605); Ігнацій (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Яасаф І (1634—40); Ёсіф (1642—52); Нікан (1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найбольшай палітычнай магутнасьці; Яасаф ІІ (1667—72); Піцірым (1672—73); Яакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намесьнік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (1990—2008), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь; Кірыла (з 2009).

Сучаснасьць

рэдагаваць

У наш час патрыярхі ўзначальваюць таксама Канстантынопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Ерусалімскую, Грузінскую (каталікос-патрыярх), Сэрбскую, Баўгарскую, Румынскую памесныя праваслаўныя цэрквы.

Літаратура

рэдагаваць
  • Патрыярх // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 183. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Патриарх // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Под Патриаршим омофором. — М., 1989.