Парыс Бардонэ
Парыс Бардонэ (па-італьянску: Paris Bordone; 1500, хрышчоны 5 ліпеня, Трэвіза — 19 студзеня 1570, Вэнэцыя) — італьянскі мастак вэнэцыянскае школы, прадстаўнік маньерызму.
Парыс Бардонэ | |
«Вэнэра й Марс з Купідонам», 1559—1560 гг. | |
Імя пры нараджэньні | Paris Bordone |
---|---|
Дата нараджэньня | 5 ліпеня 1500[1][2] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 19 студзеня 1570[1] (69 гадоў) або 19 студзеня 1571[2] (70 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Адукацыя | Тыцыян |
Занятак | жывапіс |
Жанры | партрэт |
Плынь | маньерызм; вэнэцыянская школа жывапісу |
Біяґрафія
рэдагавацьЗ 1516 па 1518 Бардонэ працуе ў майстэрні Тыцыяна. У 1538 годзе Парыс Бардонэ паступае на службу да францускага караля Францыска І у Фантэнбло, дзе піша партрэты караля й прыдворных. На жаль, ніводнага зь іх у францускіх калекцыях знайсьці не атрымалася. У 1540 г. мастак пераязджае ў Аўгсбург, дзе працуе над размалёўкамі палацу Фугэраў (не захаваліся). Вярнуўся ў Вэнэцыю, дзе памёр 19 студзеня 1570 г.
Творы
рэдагавацьПэрыядам найбольшага творчага росквіту Бардонэ былі 1520—1530 гг.
У 1520-х Бардонэ рапрацоўвае адзін з улюбёных матываў раньняга Тыцыяна, трактуючы традыцыйныя тэмы: «Багародзіца са сьвятымі», «Сьвятая сям’я», як ідылічныя сцэны павольнага адпачынку й ціхай гутаркі на фоне букалічнага пэйзажу з зялёнымі лугамі, круглявымі кронамі дрэў, далёкімі ўзгоркамі («Сьв. Сямейства са сьв. Кацярынай», Санкт-Пецярбург, Дзярж. Эрмітаж; «Багародзіца са сьвятымі», Глазга, Мастацкая галерэя; «Багародзіца з сьв. Георгам і Іаанам Прадцечай», Масква, Дзярж. музэй выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна). Прыгажосьць пэйзажа й рамантычныя інтанацыі вызначаюць характар альтарнае кампазіцыі «Бітва сьв. Георга з драконам» (каля 1525, Ватыкан, Пінакатэка).
Лепшай і найбольш вядомай працай Бардонэ з’яўляецца манумэнтальнае палатно «Уручэньне пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу» (1534, Вэнэцыя, галерэі Акадэміі), прысьвечанае адной з гістарычных легенд Вэнэцыі — перадачы рыбаком пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу, якое той атрымаў ад Сьв. Марка.
Абапіраючыся на традыцыі гістарычных і апавядальных кампазыцыяў майстраў XV стагодзьдзя, мастак стварае гістарычную кампазыцыю новага тыпу. Вялізарную ролю ў карціне грае цудоўная архітэктура, якая стварае атмасфэру сьвяточнага трыюмфу, вызначаючы вобразны пачатак усёй кампазыцыі. Насычаныя кантрасты сьвятла й глыбокіх ценяў падкрэсьліваюць грандыёзнасьць і стракатасьць архітэктурных формаў адчыненага павільёна, дзе сядзіць дож і яго набліжаныя, магутнасьць каласальнае аркі, у пралёце якой адчыняецца цудоўная панарама ўходячых у глыбіню мармуравых палацаў.
Сярод папулярных і характэрных для творчасьці жывапісцаў матываў — выяўленьне Багародзіцы зь немаўлём і сьвятымі, вядомы як «Sacra Conversazione» («Сьвятая гутарка»). Менавіта гэты сюжэт і прадстаўляецца ў кампазыцыі «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё».
Карціна Парыса Бардонэ адлюстроўвае Багародзіцу зь немаўлём Езусам, якая сядзіць на мармуравым прыступкавым троне. Справа, у біскупавым адзеньні сьвяты Энрыка Упсальскі, злева — у адзеньні францысканскага ордэна — сьвяты Антоні Падуанскі. Традыцыйна для Бардонэ — выяўленьне сцэны на фоне ўзгорыстага пэйзажу, асьветленага пяшчотным залацістым сьвятлом.
Першапачаткова малюнак «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніо» знаходзілася ў капліцы Боскага Цела катэдральнага сабору Бары, пазьней перайменаванага ў капліцу сьвятых Энрыка й Антонія. У 1536 годзе капліцу выкупілі Габрыель і Галеаца Танцы, якія замовілі альтарную карціну некалькі год пасьля. Намаляваны на парт’еры герб, хутчэй за ўсё, з’явіўся ў XVIII ст.
Браты Танцы прысьвяцілі гэтую карціну сьвятому Энрыка з Упсалы, выказваючы пашану свайму дзядулі — Энрыка Танцы, які памёр за два гады да гэтага й, верагодна, пераехаў зь Міляна ў Бары ўсьлед за Ізабэлай Арагонскай, маці каралевы Боны Сфорца.
Карціна «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё» зьяўляецца шэдэўрам сталага Бардонэ — аднаго з найвытанчанейшых прадстаўнікоў вэнэцыянскага жывапісу XVI ст.[3]
У 1550—1560-х Бардонэ стварае шэраг алегарычных кампазыцыяў («Двое закаханых у вобразе Марса й Вэнэры, увенчаных Перамогай», каля 1560, Вена, Музэй гісторыі мастацтва) і сэрыю жаночых партрэтаў, г. зв. куртызанак (Лёндан, Нац. галерэя; Вена, Музэй гісторыі мастацтва) халодных і ўражлівых, з дбайна выпісанымі мудрагелістымі прычоскамі й зіхаткімі складкамі стракатых адзеньняў.
Выставы ў Беларусі
рэдагаваць1 кастрычніка 2009 пры садзейнічаньні Амбасады Італіі ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася выстава карціны «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё». Выстава арганізаваная ў рамках мерапрыемства «Італьянскае адраджэньне ў Беларусі».[4]
Галерэя
рэдагаваць-
«Партрэт маладой жанчыны».
-
«Уручэньне пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу»
-
«Дафніс і Хлоя»
-
«Багародзіца са сьвятымі»
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г www.museodelprado.es (гішп.)
- ^ а б в г Энцыкляпэдыя Рыму (італ.)
- ^ Картина Париса Бордоне (1500, Тревизо — 1571, Венеция) "Мадонна с младенцем, святым Энрико из Уппсалы и святым Антонио Падуански(недаступная спасылка) // Национальный художественный музей Республики Беларусь
- ^ Міністр Латушка: Каралева Бона Сфорца аказала вялікі ўплыў на развіццё культуры беларускага народа // БелаПАН, 2 кастрычніка 2009