Парадокс ката з маслам
Парадо́кс ката́ з ма́слам — жартоўны псэўдапарадокс, заснаваны на двух народных мудрасьцях:
- каты заўжды прызямляюцца на лапы;
- бутэрброд заўжды падае маслам долу (закон бутэрброду альбо закон падступнасьці).
Супярэчнасьць між імі паўстае, калі разглядзець ката, да сьпіны якога прымацаваны бутэрброд (маслам угору).
Парадокс уяўляе асаблівую цікавасьць, калі ўявіць, што каты насамрэч заўсёды прызямляюцца на лапы, а ўсе бутэрброды падаюць маслам долу.
Некаторыя жартам сьцьвярджаюць, што вынікам экспэрымэнту стане антыгравітацыя. Паводле іхніх словаў, падзеньне ката запаволіцца з набліжэньнем да зямлі, а ён сам пачнеў варочацца, спрабуючы прызямліцца на лапы, але ў той самы час і на масла бутэрброду. У рэшце рэшт ён дасягне стабільнага стану, вісячы недалёка ад зямлі і круцячыся зь вялізнай хуткасьцю[1]. Гэта, аднак, было б мажліва толькі пры адсутнасьці паветра, інакш, паводле закону захаваньня энэргіі, супраціў паветра кручэньню мусіў бы вычарпаць гравітацыйную энэргію падзеньня.
Існуе таксама меркаваньне, што кот зьліжа масла з бутэрброду і прызямліцца на лапы, аднак яно беспадстаўнае з тае прычыны, што кот ня можа дастаць языкам да сярэдзіны сваёй сьпіны.
Насамрэч ніякае супярэчнасьці няма. Нават калі ўявіць, што каты заўжды прызямляюцца на лапы, а бутэрброды з маслам заўжды падаюць маслам долу, дык у першым выпадку на лапы прызямліцца кот, а бутэрброд не даткнецца зямлі, застаўшыся «вісець» на сьпіне. У другім — маслам долу ўпадзе бутэрброд, а «вісець» будзе кот. Які ж з гэтых двух варыянтаў найболей верагодны, вельмі залежыць ад першапачатковых умоваў. Праўда, існуе яшчэ варыянт падзеньня гэтае «канструкцыі» на бок, але яго не разглядаем, паколькі мы першапачаткова прынялі абсалютную сапраўднасьць двух першых сьцьвярджэньняў.
Іншы варыянт разьвязаньня супярэчнасьці, прапанаваны В. Нажновым, заключаны ў тым, што кот з прывязаным бутэрбродам зьяўляецца складаным аб’ектам і таму ня можа быць ані «катом» зь першага правілу, ані «бутэрбродам» з другога. Такім чынам, правілы «бутэрброду» або «ката» вызначаныя толькі для асобных элемэнтаў кшталту — ката ці бутэрброда. У адваротным выпадку, чыгуначная рэльса або грузавік з прывязаным бутэрбродам мусілі б падаць маслам долу[2].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ UoWaikato newsletter
- ^ Ножнов В. Логические парадоксы(недаступная спасылка) (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Логіка выказванняў: вучэбны дапаможнік / Гарбузаў, Віктар Мікалаевіч; Немец, Уладзімер Сьцяпанавіч; ГрДУ імя Я. Купалы. — Гродна: ГрДУ, 1997. — 44 с.
- Матэматыка: вучэб.-мэтад. дапам. У 2 ч. Ч. 1 — 2-е выд., перапрац. / Баранцэвіч, Канстанцін Зянонавіч; Пакала, Аляксандар Анатольевіч. — Мн., БДПУ, 2005. — 176 с.
- Матэматыка: вучэб.-мэтад. дапам. У 2 ч. Ч. 1. / Баранцэвіч, Канстанцін Зянонавіч; Пакала, Аляксандар Анатольевіч. — Мн., 1996.
- Кантрольная праца па матэматыцы / Баранцэвіч, Канстанцін Зянонавіч; Пакала, Аляксандар Анатольевіч. — Мн., 1993.
- Геаметрыя 7 — 11. / Пагарэлаў А. — Мн., 1991.
- Задачнік-практыкум па матэматыцы / Пакала А. А. — Мн., 1994.
- Асновы пачатковага курса матэматыкі / Стойлава Л. П., Пышкала А. М.— Мн., 1990.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Першакрыніца (анг.)