Паліца Гэркулеса
Па́ліца Гэркуле́са (па-польску: Maczuga Herkulesa) — скала ў Польшчы, каля замку Пяскова-Скала ў адміністрацыйных межах мястэчка Сулашова аднайменнай сельскай гміны Кракаўскага павету Малапольскага ваяводзтва. Знаходзіцца на тэрыторыі Ойцаўскага нацыянальнага парку.
Паліца Гэркулеса зьмяшчаецца ў ніжняй частцы тэрасы скалы з назвай «Фартэпіяна». Вышыня Паліцы Гэркулеса складае 25 мэтраў. Скала зьяўляецца характэрным элемэнтам ляндшафту даліны Пронднік. Утварылася ў выніку дзеяньня карставых вадзяных струменяў і складаецца з вапняку, устойлівага да атмасфэрных узьдзеяньняў.
Упершыню на вяршыню скалы падняўся скалалаз Леан Вітэк з Катавіцаў у 1933 годзе. У памяць аб гэтым на вяршыні скалы было ўсталявана невялікае жалезнае расьпяцьце.
Каля скалы праходзіць пешы турыстычны маршрут, які заканчваецца ў вёсцы Ойцаў.
Назва
рэдагавацьУ цяперашні час скала мае назву «Паліца Гэркулеса». У мінулым скала мела назвы «Паліца Крака», «Саколя-Скала» и «Чарця-скала» («Скала Твардоўскага»), кожная была зьвязана з пэўнай легендай.
- Паліца Кра́ка. Назва была зьвязана зь легендарным кракаўскім князям Кракам, які забіў цмока сваёй паліцай, а потым паставіў яе (ці закінуў) у Айцаўскую даліну ў напамін ворагам, што пажадаюць захапіць Кракаў.
- Саколя-Ска́ла (Сакаліная Скала). У вежы замку Пяскова-Скала знаходзіўся ў зьняволеньні прыгонны селянін з бліжэйшага сяла Скала. Гэты селянін быў абвінавачаны ў тым, што ня мог адпрацаваць паншчыну праз параненую сахой нагу. Мужчына прасіў вартаўнікоў адпусьціць яго зь цямніцы, таму што яго сям’я знаходзіцца ў галечы. Вартаўнік выставіў селяніну ўмову — прынесьці яму птушаня з сакалінага гнязда, якое знаходзілася на вяршыні скалы каля замку. Празь некалькі дзён, калі зьняволены страціў надзею выканаць умову, у камэру прыляцеў тузін сокалаў і, схапіўшы мужчыну лапамі, перанесьлі яго да сакалінага гнязда на скале, пасьля чаго мужчына змог узяць птушаня. Сокалы перанесьлі прыгоннага назад у камэру замку і зьдзіўлены вартаўнік быў вымушаны выканаць сваё абяцаньне выпусьціць бацьку сямейства.
- Ча́рця-Ска́ла (Чортава Скала) ці «Скала Твардоўскага». Назва зьвязана з героем польскіх казак і легендаў панам Твардоўскім. У часы панаваньня апошніх прадстаўнікоў княскага роду Пястаў жыў нейкі чалавек зь імём «пан Твардоўскі», які ўступіў у зьдзелку з д’яблам, каб займець звышнатуральныя здольнасьці. Адной з умоваў, якія выставіў д’яблу Твардоўскі, было перанесьці вялізную скалу ў Даліну Пронднік і ўсталяваць яе на вузкай вяршыні.
Літаратура
рэдагаваць- Emilia Sukertowa-Biedrawina: Legendy nadprądnikowe. Warszawa: PTK, 1928.
- Józef Partyka: Ojcowski Park Narodowy: przewodnik turystyczny. Warszawa: Sport i Turystyka Muza SA, 2006. ISBN 83-7319-963-2.
- Ojcowski Park Narodowy. Mapa 1:20 000. Kraków: Wyd. Kartograficzne Polkart Anna Siwicka, 2005/2006. ISBN 83-87873-42-X.