Палеаген

пэрыяд кайназою

Палеагенавы пэрыяд (сыстэма), палеаген — першы пэрыяд кайназойскай эры. Пачаўся 66 мільёнаў рокаў таму, цягнуўся 43 мільёны рокаў. Разам з нэагенам выдзелены ў асобны пэрыяд у 1960 року рашэньнем Міжнароднага геалягічнага кангрэсу, да таго ўваходзіў у склад трэтычнага пэрыяду.

Фізычна-геаграфічныя ўмовы

рэдагаваць

Канфігурацыя кантынэнтаў у палеагенавым пэрыядзе ўжо ня надта розьнілася ад сучаснай. Асноўнымі адрозьненьнямі зьяўляліся знаходжаньне Індастану пасярод Індыйскага акіяну й адарванасьць Паўднёвай Амэрыкі ад Паўночнай. Абедзьве Амэрыкі рухаліся на захад, дзякуючы чаму адбывалася пашырэньне Атлянтычнага акіяну. Афрыка й Індастан рухаліся ў паўночным кірунку. Разам з тым мора займала значную частку сучаснай Эўропы.

Сярэдняя тэмпэратура паверхні Зямлі ў палеагене складала 18 стопняў, узровень тлену ў атмасфэры быў роўны 26%. Мяжа палеацэну й эацэну была адзначаная тэрмальным максымумам, пасьля чаго паступова пачалося пахаладаньне. У алігацэне пачаў утварацца лядовы шчыт Антарктыды.

Арганічны сьвет

рэдагаваць

Пасьля крэйдава-палеагенавага выміраньня асноўная роля ў наземных экасыстэмах пераходзіць ад паўзуноў ды сысуноў, хаця ў ізаляваных раёнах пэўны час вяршынямі харчовых ланцугоў застаюцца паўзуны або птушкі. У палеацэне большасьць зь іх яшчэ ўяўляла сабой невялікіх усяедных жывёлаў. Пачынаючы ад эацэну сысуны ўваходзяць у буйнапамерную клясу. Першымі гэта робяць прымітыўныя расьлінаедныя групы кшталту пантадонтаў або жахарогаў, якія неўзабаве зьнікаюць. Разам з тым сысуны пераходзяць да засваеньня паветранага (кажаны) й воднага (кітападобныя) асяродзьдзяў. Узьнікаюць буйныя прымітыўныя драпежнікі — крэадонты, якія затым паступова выцясьняюцца сучасным атрадам Carnivora. У алігацэне вялікіх памераў дасягаюць таксама непарнакапытныя й хобатныя. Павялічэньню памераў жывёлаў у гэты час таксама садзейнічала зьмена ляндшафтаў зь лесавых на стэпавыя. Агулам жа цягам палеагену сысуны незалежна разьвіваліся ў трох рэгіёнах: узгаданыя вышэй групы пляцэнтарных засялялі Эўразію, Афрыку й Паўночную Амэрыку; у Аўстраліі гаспадарылі сумкавыя з дамешкам паўзуноў, а ў Паўднёвай Амэрыцы ўтварыліся супольнасьці, складзеныя з паўднёваамэрыканскіх капытных, непаўназубых, сумкавых, драпежных нялётаючых птушак і паўзуноў, да якіх неўзабаве дадаліся грызуны. Апошні тып экасыстэмаў уяўляў своеасаблівую альтэрнатыву эўразійска-афрыканска-паўночнаамэрыканскім, бо многія жывёлы ў іх мелі канвэргентныя рысы з насельнікамі Галярктыкі (тылякасьмілы — шаблязубыя коткі, вогнезьверы — хобатныя, гамалядатэры — халікатэры й г.д.). Пасьля зьяднаньня з Паўночнай Амэрыкай большасьць гэтай фаўны была выцесьненая інвазыйнымі відамі з поўначы.

Стратыграфічны падзел

рэдагаваць

Палеаген падзяляецца на тры эпохі й дзевяць вякоў. У літаратуры палеацэн, эацэн і алігацэн звычайна разглядаюцца нароўні з пэрыядамі.

У Беларусі

рэдагаваць

Адклады палеагену распаўсюджаныя на поўдні Беларусі (Прыпяцкі прагін, Берасьцейская ўпадзіна, паўднёвыя схілы Беларускай антэклізы, на поўнач да Менску). Адклады палеацэну, эацэну й ніжняга алігацэну ўтварыліся галоўным чынам у марскіх умовах, тады як верхняга алігацэну — у кантынэнтальных. Ад палеацэну пачалася сэрыя палеагенавых трансгрэсіяў. Яны чаргаваліся з часовымі рэгрэсіямі або частковым скарачэньнем марскіх басэйнаў. Палаацэнавае, ніжне- й сярэднеэацэнавыя моры былі неглыбокімі й займалі пераважна Прыпяцкі прагін. У палеацэнавым моры адкладваліся гляўканітава-кварцавы пясок ды апакавідныя пароды. Найбольшая магутнасьць гэтых адкладаў складае каля 40 мэтраў. Пароды раньняга й сярэдняга эацэну — дробназярністыя гляўканітава-кварцавыя й кварцавыя пяскі. Максымальная магутнасьць ніжнеэацэнавых адкладаў складае блізу трыццаці мэтраў, сярэднеэацэнавых — больш за трыццаць мэтраў. Падчас позьняга эацэну мора захапіла ўсю паўднёвую частку Беларусі. У глыбокіх ды аддаленых ад берагоў частках позьнеэацэнавага мора назапашвалася гліна й мэргель, а ў больш блізкіх да берагоў — кварцава-гляўканітавы пясок. Магутнасьць гэтых адкладаў складае да 50 мэтраў. Пад канец позьняга эацэну мора паменшылася ў памерах і глыбіні. У раньні алігацэн трансгрэсія мела нашмат меншыя памеры. Назапашваліся пераважна гляўканітава-кварцавыя дробназярністыя пяскі. Магутнасьць адкладаў ніжняга алігацэну складае 35 мэтраў. У канцы раньняга алігацэну мора адышло з тэрыторыі Беларусі. У позьнім алігацэне ў рачных далінах, азёрах і балотах адкладваліся кантынэнтальныя пясчана-гліністыя адклады, часам вугольоле. З гэтым часам павязаны пачатак актыўнага карстаўтварэньня. Найбольшая магутнасьць адкладаў позьняга алігацэну не перавышае дванаццаці мэтраў. Пясчаныя адклады Беларусі бедныя на палеанталягічныя рэшткі. Толькі сярод мэргеляў позьняга эацэну знойдзены багаты комплекс фарамініфэраў. Вывучэньне спораў расьлінаў даводзіць, што падчас палеацэну й эацэну Беларусь уваходзіла да складу Эўрапейскай флярыстычнай правінцыі. Флёра Беларусі мела субтрапічнае аблічча, складаючыся зь вечназялёных і жасткалісьцевых расьлінаў з дамешкам шыракалісьцевых лістападнх формаў і голанасенных. Цягам усяго палеагену адбывалася паступовае выміраньне мэзазойскіх голанасеньневых і адначасовае ўзьнікненьне расьлінаў, блізкіх да сучасных. Пад канец позьняга эацэну пачалося пахаладаньне, якое працягвалася й у алігацэне.

З палеагенавымі адкладамі павязаныя радовішчы фасфарытаў, гляўканітаў, бурага вугольля, цяжкаплаўкіх ды агнеўпорных глінаў, шкляных пяскоў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.
  • Великолепная изоляция. История млекопитающих Южной Америки: Пер. с англ., М.; Мир, 1983. —256 с, ил.
  • Mammoths, Sabertooths, and Hominids: 65 Million Years of Mammalian Evolution in Europe. Jordi Agustí. Columbia University Press, 2002

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць