Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР — адзіны беларускі савецкі ордэн. Заснаваны ў 1924 годзе. Спачатку меў назву «Ордэн Працоўнага Чырвонага Штандара БССР». Узнагароджаньне спынена ў 1932 годзе. Колькасьць узнагароджаных: 170 чалавек.

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР
Краіна БССР
Тып ордэн
Статус не ўручаецца
Статыстыка
Дата заснаваньня 10 кастрычніка 1924
Першае ўзнагароджаньне 19 сьнежня 1924
Апошняе ўзнагароджаньне 1932
Колькасьць 170

Гісторыя стварэньня

рэдагаваць

Ордэн «Чырвоны сьцяг» быў зацьвержданы ў 1918 годзе, але ім узнагароджваліся толькі грамадзяне і арганізацыі РСФСР[1]. У пачатку 1920-х гадоў шэраг саюзных рэспублік заснавалі ордэны для ўзнагароджаньня за баявыя і працоўныя подзьвігі. Такія ордэны былі ў Армэніі, Азэрбайджане, Грузіі, рэспубліках Сярэдняй Азіі, Украіне.

У БССР пытаньне аб распрацоўцы праекту рэспубліканскага ордэна было разгледжаны на паседжаньні Прэзыдыюму ЦВК БССР 16 траўня 1924 году Камісіі па разглядзе Герба БССР было прапанавана распрацаваць праект Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга і статут ордэна. Знак ордэна прапанавалі распрацаваць мастаку Генадзю Змудзінскаму. 25 ліпеня 1925 году праект быў зацьверджаны Прэзыдыюмам ЦВК БССР.

Статут ордэна

рэдагаваць

У пастанове Прэзыдыюма ЦВК і СНК БССР «Аб ордэне Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР» ад 10 кастрычніка 1924 году казалася, што знак адрозьненьня — ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР — прысуджаецца ўсім грамадзянам БССР, якія праявілі асаблівую самаадданасьць, ініцыятыву і працавітасьць у вырашэньні гаспадарчых задачаў у сфэры паляпшэньня прамысловасьці, транспарту, арганізацыі сельскай гаспадаркі і іншых галін працы".

Ордэн меў 1 ступень, але прадугледжвалася магчымасьць узнагароджаньня ім у другі і трэці раз. Аднак, за 9 гадоў існаваньня ордэна не было ніводнага выпадку ўзнагароджаньня ім яшчэ раз.

Апісаньне ордэна

рэдагаваць

Знак ордэна ўяўляў сабой срэбны трохкутны шчыт, пакрыты чырвонай эмальлю. У цэнтры ордэна на фоне белай эмалі — накладная шасьцярня з чырвонай эмалевай пяціканцовай зоркай і літарамі «СССР» у сярэдзіне. У ніжняй частцы зоркі намаляваныя сякера і серп, справа ад шасьцярні — тры каласы пшаніцы, зьлева — чырвоны сьцяг. Пад імі надпіс: «Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка». Над шчытом надпісы БССР выкананыя на ідыш (зьлева) і па-польску (справа) — ווסרר і BSRR. Пад імі надпіс «Пролетарыі усіх краёў, злучайцеся».

Разам з ордэнам уручалася і маляўнічая адмысловая грамата, якая таксама была распрацаваная мастаком Генадзем Змудзінскім. Тэкст граматы абвяшчаў: «Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі ў адзначэньне выкананьня грамадзянінам (імя) свайго абавязку перад Сацыялістычнай Айчынай на фронце працы (называлася прадпрыемства і акалічнасьці) уручае яму знак ордэна Працоўны Чырвоны Сьцяг БССР — знак Сусьветнай Сацыялістычнай Рэвалюцыі». Ордэн насіўся на правым баку грудзей пры асабістым узнагароджаньні або прымацоўваўся да Сьцяга, калі ўзнагароджвалася прадпрыемства, арганізацыя, воінская частка.

Гісторыя зьнікненьня

рэдагаваць

Ордэн было вырашана вырабляць у Маскве, куды і быў накіраваны Змудзінскі, дзе той замовіў выраб 300 экзэмпляраў ордэна.

Калі ордэны былі ўжо вырабленыя, у майстэрні быў праведзены ператрус. Супрацоўнікі маскоўскага крымінальнага вышуку разам з прадметамі, што іх цікавілі, прыхапілі ўвесь наклад вырабленых беларускіх узнагародаў. Неўзабаве ордэны былі вернутыя Змудзінскаму, але ня ўсе — у нетрах службаў зьніклі ордэны пад нумарамі 11, 221, 212. У сувязі з гэтым быў замоўлены дадатковы выраб трох ордэнаў — 301, 302, 303[2].

Узнагароджаныя

рэдагаваць

У першыя гады існаваньня ордэна ўзнагароды даваліся вельмі скупа. Так, з канца 1924 па люты 1928 году было ажыцьцёўлена ўсяго 15 узнагароджаньняў ордэнам, і зь іх толькі 6 асабістых. Асабліва дбайна паставіліся да першага ўзнагароджаньня. Хадайніцтва Магілёўскага акружнога выканкаму аб узнагароджаньні ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР мэліярацыйных таварыстваў «Васількі» і «Астрэні» ад 21 лістапада 1925 году было адхілена Прэзыдыюмам ЦВК БССР. Было прапанавана абмежавацца ганаровымі дыплёмамі. І толькі пасьля другога больш абгрунтаванага і настойлівага хадайніцтва 19 сьнежня 1924 году адбылося першае ўзнагароджаньне. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР за №1 было ўзнагароджана мэліярацыйнае таварыства вёскі Васількі Бялыніцкага раёну Магілёўскай акругі. Чальцы таварыства, працуючы па пояс у вадзе, аднымі рыдлёўкамі за кароткі тэрмін узьвялі асушальны канал даўжынёй у 9 кілямэтраў.

Знак ордэна № 2 атрымалі мэліяратары вёскі Астрэні Чавускага раёну той жа акругі. Фармулёўка ўзнагароджаньня была агульнай для абодвух таварыстваў: «За праяву гераічнасьці ў пераадоленьні розных цяжкасьцяў мэліярацыйных прац і выключнай энэргіі пры адсутнасьці тэхнічных сродкаў і дасягненьне вызначанай мэты».

Першае асабістае ўзнагароджаньне адбылося ў жніўні 1925 году, калі ордэнам быў узнагароджаны Кастусь Сямёнавіч Пірог за «…энэргічную і плённую дзейнасьць у 31 ваенна-дарожным атрадзе ў 1920 годзе». Другім — 12 лістапада 1925 году быў узнагароджаны Яхім Майсеевіч Кроль «За ўпартую і самаадданую дзейнасьць на працягу чатырох гадоў на чале рабоча-сялянскай міліцыі і крымінальнага вышуку БССР».

Усяго ордэнам былі ўзнагароджаны: працоўныя і сяляне — 63 чалавекі; вайскоўцы і партызаны — 23; чэкісты — 22; інтэлігенцыя (лекары, навукоўцы, інжынэры, кіраўнікі прадпрыемстваў і ведамстваў) — 18; памежнікі — 9; супрацоўнікі міліцыі — 8[3].

Спыненьне ўзнагароджаньня

рэдагаваць

Пасьля зацьвярджэньня ў 1928 годзе агульнасаюзнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга Пастановай ЦВК СССР ад 23 красавіка 1933 году ўзнагароджаньне ордэнамі саюзных рэспублік было спынена. Аднак узнагароджаныя мелі права насіць гэтыя ордэны і карыстацца перавагамі, усталяванымі ў іх статуце.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Тетерник Г. А. Знак и грамота (орденская книжка) ордена Трудового Красного Знамени БССР // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 2 / Рэдкал.: С. М. Ходзін (адказ. рэд.) і інш. — Мн.: БДУ, 2005. — С. 121–130.
  2. ^ Корбут В. Как МУР наш орден «арестовал» // Советская Белоруссия. — 2002.
  3. ^ Илья КУКСИН. На белорусском ордене были слова на идиш. Мишпоха №19

Літаратура

рэдагаваць