Новы Запавет Мікаэля Агрыкалы
Se Wsi Testamenti (па-беларуску: Новы Запавет) — першы пераклад Новага Запавету на фінскую мову, выкананы Мікаэлем Агрыкалам, біскупам Турку. Пераклад быў скончаны да 1543 року, пасьля чаго цягам яшчэ пяці гадоў дапрацоўваўся, перш чым пабачыў сьвет; агулам праца заняла 11 гадоў. У 1548 Новы Запавет, заснаваны на дыялекце Турку, быў аддрукаваны ў Стакгольме.
«Testamenti» складаецца з 718 старонак і багата ілюстраваны. Мае дзьве прадмовы. У практычнай прадмове Агрыкала абгрунтоўвае выкарыстаньне дыялекту Турку і апавядае, як хрысьціянства трапіла ў Фінляндыю. У тэалягічнай прадмове вядзецца пра тое, што пераклад Агрыкалы заснаваны на грэцкім арыгінале, лацінскім зборы Эразма Ратэрдамскага, нямецкім перакладзе Марціна Лютэра, а таксама на швэдзкай Бібліі Оляўса Пэтры.