Народны фронт Латвіі
Народны фронт Латвіі, скарочана Народны фронт альбо НФЛ (па-латыску: Latvijas Tautas fronte, LTF) — палітычны рух у Латвіі ў 1988—1993 гадох. Выступаў за аднаўленьне незалежнасьці Латвіі ды рынкавыя рэформы. Першы кіраўнік НФЛ — Дайніс Іванс, другі — Рамуальдас Ражукас, трэці — Улдзіс Аўгсткалнс.
Гісторыя
рэдагавацьІдэя стварэньня Народнага фронту была агучана на Пленуме творчых саюзаў Латвіі, які праходзіў у Рызе 1 і 2 чэрвеня 1988 году. Народны фронт Латвіі быў заснаваны 8 кастрычніка 1988 году як усенародны рух у падтрымку Перабудовы на тэрыторыі Латвійскай ССР. Першапачаткова НФЛ займаў умераныя пазыцыі і дамагаўся шырокай аўтаноміі для Латвіі ў складзе рэфармаванага СССР ды спачатку нават карыстаўся падтрымкай расейскамоўнага насельніцтва. Пасьля, Народны фронт вызначыў сваёй мэтай аддзяленьне Латвіі ад СССР і паступова прыйшоў да ўлады ў 1989—1990 гады.
НФЛ выпускаў уласную газэту — «Atmoda» (па-беларуску: «Абуджэньне»), якая выходзіла на латыскай і расейскай мовах. У першым нумары, які выйшаў 7 кастрычніка 1988 году, напярэдадні кангрэсу па стварэньні НФЛ, быў апублікаваны праект Статуту новага руху.
Народны фронт Латвіі супрацоўнічаў з Народным фронтам Эстоніі і летувіскім рухам «Саюдзіс». 23 жніўня 1989 году ўсе тры рухі ажыцьцявілі сумесную акцыю «Балтыйскі шлях», прымеркаваную да 50-й гадавіны Пакту Молатава-Рыбэнтропа. Ланцуг, створаны зь людзей, што ўзяліся за рукі, працягнуўся праз тэрыторыю ўсёй Прыбалтыкі — ад вежы Доўгі Герман у Таліне да Вежы Гедыміна ў Вільні. Першыя ў савецкай гісторыі свабодныя выбары дэлегатаў Зьезду народных дэпутатаў СССР завяршыліся ў Латвіі пераканаўчай перамогай Народнага фронту. Дзякуючы намаганьням народных франтоў камісіяй Зьезду народных дэпутатаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Якаўлева быў прызнаны і асуджаны факт існаваньня сакрэтнага пратаколу да пакту Рыбэнтропа-Молатава.
На выбарах 1990 году НФЛ і яго саюзьнікі атрымалі ў Вярхоўным Савеце больш за 2/3 галасоў (138 месцаў з 201 месца) — неабходную колькасьць для ўнясеньня паправак у Канстытуцыю. 4 траўня 1990 году першы закон, прыняты новым Вярхоўным саветам, абвяшчаў аб намеры аднавіць незалежнасьць. Старшыня НФЛ Дайніс Іванс быў абраны віцэ-сьпікерам, а яго намесьнік Івар Годманіс быў абраны прэм’ер-міністрам. Многія іншыя чальцы НФЛ занялі ключавыя пасады ва ўрадзе. Галоўная палітычная мэта Народнага фронту, незалежнасьць Латвіі, была дасягнута ў жніўні 1991 году, і НФЛ стаў першым рэфарматарам сацыялістычнай эканомікі Латвіі ў свабодную рынкавую сыстэму. Пэрыяд эканамічных рэформаў быў вельмі хваравітым і кіраўніцтва Народнага фронту імкліва губляла папулярнасьць у выбарцаў. Многія дзеячы НФЛ перайшлі ў новыя палітычныя партыі.
Заканчэньне дзейнасьці
рэдагавацьНа выбарах у Сойм Латвіі ў чэрвені 1993 году Народны фронт атрымаў толькі 2,62% галасоў выбарцаў і не пераадолеў электаральны бар’ер. НФЛ быў рэарганізаваны ў хрысьціянска-дэмакратычную партыю, якая атрымала назву Хрысьціянская народная партыя Латвіі (па-латыску: Kristīgā Tautas partija), але гэта не прынесла посьпеху. У выніку Хрысьціянская народная партыя зьлілася з Хрысьціянска-дэмакратычным саюзам (па-латыску: Kristīgi demokratiskā savienība). Многія з былых актывістаў Народнага фронту Латвіі дасюль займаюць значныя пазыцыі ў сучаснай латвійскай палітыцы.
У Рызе, па адрасе Vecpilsetas 13/15, адкрыты Музэй Народнага фронту Латвіі.