Мікола Шчаглоў

(Перанакіравана з «Мікола Шчаглоў-Куліковіч»)

Міко́ла Шчагло́ў-Куліко́віч (4 красавіка 1893, Смаленшчына — 31 сакавіка 1969, Чыкага, ЗША) — беларускі кампазытар, музыколяг.

Мікола Шчаглоў-Куліковіч
Дата нараджэньня 4 красавіка 1893
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Смаленшчына
Дата сьмерці 31 сакавіка 1969
Месца сьмерці Сьцяг ЗША Чыкага
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Прафэсія кампазытар, музыколяг
Месца працы
Сябра ў Беларускае культурнае згуртаваньне
Дзеці Натальля Кушаль[d]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся на беларускай Смаленшчыне. Рана застаўся сіратой, часта гасьцяваў у цёткі, што была ігуменьняй жаночага манастыра ў Цьвяры. Там хлопчык пачаў сьпяваць у хоры і хутка зьвярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў Маскоўскай сынадальнай музычнай вучэльні, што шукалі на правінцыі здольных музыкаў.

Скончыў Маскоўскую кансэрваторыю.

Зьявіўшыся ў 1936-м у Менску, стаў адным з арганізатараў Опэрнага тэатру і дырыгентам яго сымфанічнага аркестру. Працаваў рэдактарам на беларускім радыё. У 1940 да дэкады беларускага мастацва ў Маскве напісаў кантату «Сталін».

Да пачатку Другой сусьветнай вайны ён быў ужо вядомым кампазытарам. Застаўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1944 узначаліў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртаваньня. На лібрэта Натальлі Арсеньневай напісаў дзьве опэры: лірычна-рамантычную «Лясное возера» і гістарычную «Ўсяслаў Чарадзей», а таксама апэрэту «Ў вырай». З музыкаю Шчаглова ў Менскім драматычным тэатры быў пастаўлены спэктакль «Затонуты звон» паводле п’есы Г. Гаўптмана і рыхтаваўся «Кастусь Каліноўскі» А. Міровіча, які забараніла нямецкая цэнзура.

Зьяжджае на захад пад час наступу Савецкага войска. На эміграцыі працягвае натхнёна служыць сваёй музе. У 1946-м арганізуе вандроўны беларускі тэатар эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час стварае музыку да Сьвятой літургіі. Жывучы ад 1950 году ў ЗША, ён выдаў пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнага мэлясу і ўласнымі песьнямі, у ліку якіх «Беларусь, наша маці-Краіна» і «Ў гушчарах» на вершы Натальлі Арсеньневай, «Пагоня» Максіма Багдановіча.

Асабісты архіў захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць