Мікола Пракаповіч
Мікала́й Мікалаевіч Пракаповіч (нарадзіўся 1 лістапада 1948 году, в. Пугачова, сёньня ў межах Берасьця) — беларускі паэт, тэлежурналіст, краязнаўца, грамадзка-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край». Адзін з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Берасьці і на Берасьцейшчыне ў канцы 1980-х — 1990-х. Сябра БНФ з 1989 году.
Мікола Пракаповіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Мікалай Пракаповіч |
Нарадзіўся | 1 лістапада 1948 (76 гадоў) в. Пугачова, Берасьцейскі раён (у межах Берасьця), Берасьцейская вобласьць, БССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, тэлежурналіст |
Гады творчасьці | 1966 — цяпер |
Кірунак | паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | берасьцейская абласная газэта «Заря» (1966) |
Прэміі | ляўрэат прэміі імя М. Багдановіча (1993), Літаратурнай прэміі імя Ўладзімера Калесьніка (2008) |
Узнагароды | Ганаровая грамата Берасьцейскага аблвыканкаму (2008), званьне «Берасьцейская зорка» |
Біяграфія
рэдагавацьМікола Пракаповіч нарадзіўся ў сям’і рабочага ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 году стала адным з мікрараёнаў Берасьця. Насамрэч ён нарадзіўся 21 кастрычніка 1948 году, хоць у пашпарце ў яго фактычна запісана 1 лістапада. Сталася так, што праз шматлікія клопаты бацькі ня здолелі адразу зарэгістраваць народжанае дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку тады накладваўся даволі сур’ёзны штраф. У выніку яго зарэгістравалі ў найбліжэйшы да рэальнага дня нараджэньня дзень — 1 лістапада[1].
Выхоўваўся ў колішнім прыгарадзе Берасьця за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сьведчаньня, практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыцьцё на тэлебачаньні: народныя традыцыі, песьні, сьвяты. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вясельлях.
Мікола Пракаповіч скончыў сярэднюю школу № 4 г. Берасьця на Валынцы.
У 1970-м скончыў беларускае аддзяленьне факультэту мовы і літаратуры Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў настаўнікам у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёну. У 1971—1972 гг. служыў у Савецкай Арміі.
З 1972 году — рэдактар Берасьцейскага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Берасьцейскай студыі тэлебачаньня.
З 1975 году — старшы рэдактар, пазьней загадчык аддзелу мастацкіх праграмаў Берасьцейскага тэлерадыёаб’яднаньня. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Берасьце», «Край».[2] Дыплямант міжнародных тэлефэстываляў.
Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачаньні — практычна ўсё свядомае жыцьцё. Яго аўтарская перадача «Край» — гэта праект, які ведаюць ня толькі ўсе творчыя людзі Берасьцейшчыны, якіх ён запрашаў на свае перадачы, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю ў рэгіёне. Хіба не засталося ніводнага цікавага кутка на Берасьцейшчыне, куды б не выязджаў са здымачнай групай журналіст-краязнавец Мікола Пракаповіч. Усяго ў этэр выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы.[3]
У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменьнікаў. У 1984—1990 гадах быў сакратаром Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.
На працягу 10 гадоў паэт Мікола Пракаповіч кіраваў літаратурнай студыі «Спадчына» у Берасьцейскім абласным цэнтры моладзевай творчасьці, якая яднала маладых паэтаў гораду.[4]
У 1990-ыя не аднойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў беларускі парлямант і мясцовыя органы ўлады рознага ўзроўню ад БНФ «Адраджэньне».
Творчасьць
рэдагавацьУ сямейных каранях Пракаповічаў была свая творчая жылка. Ягоны дзед Ілья (Гальляш) з Слонімшчыны лічыўся майстрам ня толькі пілы і сякеры, зь якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысьвяціў яму потым унук-паэт Мікола Пракаповіч. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік Міколы Пракаповіча «Неад’емнае» (1982).
Першы свой верш (па-расейску) ён апублікаваў у 1966 годзе ў берасьцейскай абласной газэце «Заря» яшчэ будучы шкаляром. Заахвоціў пісаць вершы яго сусед Дзьмітры Васільеў, родам з Масквы, былы танкіст. Ён ваяваў, меў ордэн Славы, працаваў правадніком на чыгунцы і пісаў вершы ды песьні на іх. Ягоны прыклад і захапіў юнага Міколу Пракаповіча. Сусед падправіў яго верш і аддаў абласную газэту «Заря», дзе ён быў надрукаваны.[5] Юнак стаўся героем школы. Пачаў пісаць вершы — і па-расейску, і па-беларуску. Аднойчы, ужо ў старэйшых класах, настаўніца беларускай літаратуры сказала «пачынаючаму паэту»: «Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш». Ён выбраў – беларускую.
Пазьней Дзьмітры Васільеў прывёў Міколу Пракаповіча на пасяджэньне літаратурнага аб’яднаньня пры газэце «Заря», пазнаёміў з Міхасём Рудкоўскім, які гэтае літаб’яднаньне ў Берасьці тады ўзначальваў.
Калі паступіў вучыцца на філялягічны факультэт Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту яму, як і многім, хто цягнуўся да прыгожага пісьменства, да літаратуры, вельмі пашанцавала — у той час там працаваў пісьменьнік і літартурны крытык Уладзімер Калесьнік. Ён і стаў сапраўдным літаратурным настаўнікам для Міколы Пракаповіча.
Першая кніга паэта «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Далей былі ўласныя зборнікі «Неад’емнае» (1982) і «На кругі свае» (1986) і іншыя.
Вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на расейскую і ўкраінскую мовы. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазытарамі, супрацоўнічае з мастакамі, з калектывам абласнога тэатру лялек.
Творы Міколы Пракаповіча:
- Мікола Пракаповіч. Нашчадкі (вершы) // Белая вежа. Зборнік паэзіі. Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. С. 207–228. (Першая кніга паэта).
- Неад’емнае (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1982. 54 с.
- На кругi свае (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1986. 86 с.
- Мяжа надзеі (вершы і паэма). Менск, Мастацкая літаратура, 1993. 142 с.
- Мікола Пракаповіч. Літары на літоўцы (вершы) // М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Трохперсце (вершы). Мінск, Літаратура і мастацтва, 2008. С. 55–104.
- Микола Прокопович. На Миколу (стихи) // Белой вежи свет. Зборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Мінск: Лiтаратура i Мастацтва, 2010. С. 61–64.
Адзнакі і ўзнагароды
рэдагавацьЗа зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). Паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч зьяўляецца ляўрэатам Літаратурнай прэміі Берасьцейскага аблвыканкаму імя Ўладзімера Калесьніка (2008). Узнагароджаны Ганаровай граматай Берасьцейскага аблвыканкаму (2008). Таксама атрымаў званьне «Берасьцейская зорка» (1999) у намінацыі «Журналістыка».
Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцыяў абласных, раённых і гарадзкіх газэт, тэлебачаньня і радыё, прафэсійных журналістаў у намінацыі «Захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.
- ^ Алена Гармель (14.09.2013) Край… і рай з Міколам Пракаповічам Рэй
- ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.
- ^ Алена Гармель (14.09.2013) Край… і рай з Міколам Пракаповічам Рэй
- ^ Вячаслаў Бурдыка (18 лістапада 2016) Родны край Міколы Пракаповіча Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна. Праверана 22.11.2016 г.