Мікалай Дудчанка

харэограф, рэжысэр, сцэнарыст, пэдагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

Мікалай Дудчанка (21 сакавіка 1944, Чалябінск — 11 чэрвеня 2022[1], Менск) — харэограф, рэжысэр, сцэнарыст, пэдагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, балетмайстар-пастаноўшчык Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі».

Мікалай Дудчанка
Дата нараджэньня 21 сакавіка 1944(1944-03-21)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 11 чэрвеня 2022(2022-06-11) (78 гадоў)
Месца сьмерці
Занятак харэограф, рэжысэр, сцэнарыст, настаўнік
Узнагароды
Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Дасьледчык харэаграфіі, балетмайстар-наватар, арганізатар і пастаноўшчык эпічных тэатральных дзействаў Дудчанка адзін зь першых зьвярнуў увагу на разнастайную рэгіянальную і лякальную адметнасьць беларускага танца і здолеў увасобіць яе ў сцэнічных формах мастацтва.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў Чалябінску ў сям’і беларусаў. Перад вайной яго сям’ю вывезьлі зь Беластоку ў Сібір[2].

Танцам і музыкай захапіўся яшчэ ў раньнім дзяцінстве. Пасьля заканчэньня агульнаадукацыйнай і музычнай школ навучаўся ў музычнай вучэльні па клясе баяна, наведваў заняткі ў балетнай студыі пры Чалябінскім тэатры опэры і балету. З 16 гадоў ужо танцаваў у кардэбалеце тэатру, удзельнічаў у розных танцавальных і музычных конкурсах. Прафэсію харэографа атрымаў у 1966 годзе, скончыўшы балетмайстарскае аддзяленьне Вышэйшай прафсаюзнай школы Ўсесаюзнага цэнтральнага савету прафэсійных саюзаў у Ленінградзе. Пасьля завяршэньня навучаньня працаваў у Магілёве. Выкладаў народны танец у Магілёўскай культасьветвучэльні (1968—1970), арганізаваў пры Доме культуры Магілёўскага аўтазаводу імя С. М. Кірава харэаграфічны ансамбль танца «Вясьнянка» і дзіцячую балетную студыю пры ім. Як мастацкі кіраўнік калектыву вялікую ўвагу надаваў стварэньню сцэнічнага беларускага нацыянальнага рэпэртуару. Сярод харэаграфічных нумароў «Вясьнянкі» — «Беларуская вясельная», «Кірмаш», «Крутуха», «Гусарыкі», «Беларуская баляда» і інш. Сцэнічная культура, майстэрства выканаўцаў, праграма, арыентаваная на мясцовы фальклёр, выдатныя сцэнічныя касьцюмы — усё гэта стала прыкладам для творчых калектываў зь іншых рэгіёнаў. Дзякуючы сумеснай працы Дудчанкі і яго жонкі, харэографа Валянціны Гаявой, «Вясьнянка» заваявала прызнаньне як у Магілёве, так і далёка за межамі Беларусі.

У 1974 годзе на прапанову Міністэрства культуры БССР Дудчанка пераехаў у Менск, дзе разам з Гаявой арганізаваў прафэсійны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» пры Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Ён стаў яго першым мастацкім кіраўніком (з 1974 г.), у далейшым быў дырэктарам, галоўным балетмайстрам (1997—2003), мастацкім кіраўніком харэаграфічнай студыі пры ім (з 2003), балетмайстрам-пастаноўшчыкам (з 2005). Ансамбль «Харошкі» стаў сапраўднай легендай беларускай сцэны, зьберагае і папулярызуе шматвяковыя нацынальныя традыцыі.

З 1977 году зьяўляўся таксама галоўным балетмайстрам эстрады, з 1984 году рэжысэрам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, з 1991 году мастацкім кіраўніком Рэспубліканскай дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм пры Міністэрстве культуры Беларусі. Некаторы час быў кансультантам па харэаграфіі Рэспубліканскага навукова-мэтадычнага цэнтру культуры і Міжсаюзнага дому самадзейнай творчасьці. У якасьці рэжысэра і харэографа ансамбля харэаграфічных і музычных мініятур «Бліскавіца» ў 1993—1998 гг. Дудчанка паставіў харэаграфічныя творы «Крыжачок», «У гарадзкім садзе», «Рыцарскі марш» і інш. Быў балетмайстрам-пастаноўшчыкам опэр «Дзікае паляваньне караля Стаха» У. Солтана (пастаўлена ў 1989 г.), «Кармэн» Ж. Бізэ (пастаўлена ў 1990 г.).

Зьяўляўся аўтарам сцэнароў і пастаноўшчыкам больш за 50 мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя і рэспубліканскія фэстывалі народнай творчасьці, юбілейныя, тэатралізаваныя сьвяты і інш. Ён быў галоўным балетмайстрам пры падрыхтоўцы выступу беларускай дэлегацыі на ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Маскве, сьвяткаваньня 500-годзьдзя з дня нараджэньня Францішка Скарыны, сьвят гораду Менску (1986, 1987, 1988, 1996) і іншых беларускіх гарадоў. Яго пастаноўкі вылучаюцца самабытнай плястыкай і арыгінальнай кампазыцыяй.

Праявіў сябе таксама таленавітым пэдагогам-балетмайстрам — у 1978—1982 гг. выкладаў народны танец у Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай вучэльні, зьяўляўся дацэнтам катэдры рэжысуры абрадаў і сьвят, старэйшым выкладчыкам на катэдры рэжысуры эстрады Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (2005—2012). Ён аўтар мэтодык па харэаграфіі, у тым ліку «Мэтодыкі сцэнічнай апрацоўкі беларускага танцавальнага фальклёру» (1982).

Узнагароды і званьні рэдагаваць

  • 1999 — ганаровае званьне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі
  • 2014 — ляўрэат спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2004. — Т. 18, кн. 1. с.382
  • Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2005. — Т. 1. с.499
  • Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2012. — Т. 3. с.528-529
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. с.457

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць