Мідыхлярыяны
Мідыхлярыя́ны — таямнічыя мікраскапічныя формы жыцьця ў сусьвеце «Зорных войнаў», якія прысутнічаюць у вузах усіх жывых арганізмах, суіснуючы зь імі ў сымбіёзе. Яны вызначаюць успрымальнасьць асобы да Моцы і ейную (асобы) магчымасьць зрабіцца джэдаем.
Мідыхлярыяны былі выдуманыя Джорджам Лукасам паводле аналёгіі зь мітахондрыямі, і прысутнічаюць у сцэнары ўжо першага фільму арыгінальнае трылёгіі. Аднак іхняя згадка ў фільме адбылася толькі ў першай сэрыі трылёгіі-прыквэлу ў 1999 року. Шматлікія фанаты «Зорных войнаў» былі расчараваныя гэткім рацыянальным тлумачэньнем прыроды Моцы.
Апісаньне
рэдагавацьУ «Зорных войнах» рыцары-джэдаі выяўляюць дзяцей, што знаходзяцца ў гармоніі з Моцай, шляхам вымярэньня іхняга ўзроўню мідыхлярыянаў. Чым вышэйшая іхняя канцэнтрацыя ў арганізьме асобы, тым большы патэнцыял яна мае ў галіне спазнаньня Моцы. Для падрыхтоўкі рыцараў-джэдаяў прэтэндэнт мусіць мець паказьнік 2500 мідыхлярыянаў на вузу, аднак колькасьць мідыхлярыянаў сама па сабе не абавязкова прапарцыйная здольнасьці вучня — істотнае значэньне маюць таксама трэніроўка, дасьведчанасьць і сталасьць асобы.
Калі джэдай у працэсе пастаянных трэніровак дасягае неабходнае канцэнтрацыі, ён можа ўзаемадзейнічаць з Моцай. Вымяраючы ўзровень мідыхлярыянаў у крыві джэдая, можна ацаніць узровень ягонага майстэрства. Вось чаму Квай-Гон Джын быў уражаны, выявіўшы на Татуіне хлопчыка з найвышэйшым узроўнем мідыхлярыянаў, калі-небудзь бачаным у Сусьвеце, большы нават за паказьнік магістра Ёды — больш за 20 000. На Радзе Квай-Гон абвясьціў, што малады Энакін Скайўокер, магчыма, прызначаны стаць тым, хто адновіць балянс Моцы.
У сытхаў вывучэньнем прыроды мідыхлярыянаў шчыльна займаўся Дарт Плэгіюс, майстар Дарта Сыдыюса. Ягоныя шматлікія экспэрымэнты на жывых істотах (разумных і не), адчувальных да Моцы, далі яму спазнаньне і магчымасьць кантролю над Моцай. Ён дасягнуў такога ўзроўню ведаў, што здолеў з дапамогаю мідыхлярыянаў ствараць новае жыцьцё. Гэтую гісторыю ўпершыню распавядае Палпатын як легенду ў «Помсьце сытхаў», пазьней яна паўтараецца ў рамане Джэймза Люцэны «Зорныя войны: Дарт Плэгіюс». Здольнасьць авалодаць такім майстэрствам, каб уратаваць сваю каханку Падмэ, стала прычынаю пераходу Энакіна Скайўокера на цёмны бок.
Аналёгіі зь біялёгіяй
рэдагавацьНазва «мідыхлярыяны», імаверна, сфармаваная з двух прысутных на Зямлі арганоідаў: мітахондрыяў і хлёраплястаў. Эндасымбіятычная тэорыя сьцьвярджае, што гэтыя арганэлы зьяўляюцца асноваю пракарыятычнае будовы, адкуль мігравалі ў эўкарыятычныя вузы, утварыўшы свайго роду сымбіятычныя адносіны, падобна як вузы зь мідыхлярыянамі асобаў, адчувальных да Моцы. Урэшце, як і ў выпадку зь мідыхлярыянамі, колькасьць хлёраплястаў у вузе вызначаецца генэтычна.
Джордж Лукас уяўляў гэтую канцэпцыю ўжо зь першых сэрыяў сагі, аднак ня меў магчымасьці патлумачыць яе ў арыгінальнай трылёгіі. Зьяўленьне мідыхлярыянаў у «Цьмянай пагрозе» расчаравала асобных фанатаў, якія палічылі, што прырода Моцы павінна заставацца найперш духоўнай, а не навукова вытлумачальнай.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мідыхлярыяны (анг.) ў Вукіпэдыі — вікі-энцыкляпэдыі «Зорных войнаў»