Мядзельскі манастыр базылянак

Мядзельскі манастыр базылянак — жаночы манастыр у Мядзеле, пераведзены Траецкі манастыр базылянак зь Менску.

У 1834 годзе ўлады Расейскай імпэрыі перавялі Траецкі базылянскі жаночы манастыр зь Менску ў Мядзел, дзе яго разьмясьцілі на тэрыторыі каля касьцёла Сьвятога Станіслава. Настаяцельніцай манастыра была Параскева Ляўшэцкая. Манашак налічвалася восем, захаваліся іх прозьвішчы: Л. Цярпецкая, М. Сабачэўская, М. Зянкевіч, Ф. Ашменцава, М. Ласкатоўская, Е. Рачкевіч, Д. Ляўшэцкая, А. Лясьнеўская.

У 1837 годзе Мядзел наведаў літоўскі ўніяцкі япіскап Ёсіф Сямашка. У 1839 годзе расейскія ўлады далучылі ўніятаў да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У адказ на зьвінавачваньні ў катаваньнях базылянак з боку Макрыны Мечыслаўскай Сямашка зьмясьціў сваю вэрсію гісторыі закрыцьця Мядзельскага жаночага манастыра на старонках «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў»: «Неабходна ведаць, што жаночы базылянскі манастыр існаваў у Менску толькі да 1834 году, ня меўшы нават асобнай царквы. Будынкі гэтага манастыра сталі патрэбнымі для памяшканьня шпіталю, і як бы ўзамен іх аддадзены былы кармэліцкі кляштар мураваны, з цудоўнай жа царквою, у мястэчку Мядзел, за 150 вёрстаў ад Менску. Менскія манашкі зь іх настаяцельніцай Праскоўяй Ляўшэцкай, у тым жа 1834 годзе, пераведзены былі ў Мядзельскі манастыр. З таго часу ніводная з гэтых манахіняў ня толькі не была пераведзенай куды-небудзь зь Мядзелу, але нават нікуды часова не патурбавана. Уціску ім, хоць нязначнага, зроблена не было; наадварот, калі па ўзьяднаньні ўніятаў, настаяцельніца і некалькі манашак не пажадалі далучыцца, з той асаблівай пашанай, што яны, падобна большай частцы ўніяцкага манаства, паступілі туды з рымска-каталіцкага спавяданьня, то яны без усялякіх цяжкасьцяў адпушчаны мною, не бязь ведаму начальства, да іх родзічаў, дзе бесьперапынна знаходзіліся і знаходзяцца».

На месцы былога базылянскага расейскія ўлады ўтварылі манастыр Урадавага сыноду, які аднак праіснаваў зусім мала часу. Вядома, што у 1840—1841 гадох «исправлял должность Духовника б. Мядзіольского Девичьяго монастыря и управлял оным монастырем» ераманах Палады (сапр. Ласецкі). Потым яго перавялі ў Віленскі Траецкі манастыр.

Афіцыйную расейскую вэрсію апошніх дзён Мядзельскага жаночага манастыра можна даведацца з паведамленьня «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў» ад 30 лістапада 1864 году: «Яшчэ ў 1842 годзе ў Бозе спачываючы Гасудар Імпэратар Мікалай Паўлавіч Высачэйшы дазволіў зацьвердзіць штат Літоўскай праваслаўнай япархіі. Паводле гэтага штату Мядзельскі жаночы першаклясны праваслаўны манастыр, Віленскай губэрні, Дзісенскага павету, меркавалася перавесьці ў Вільню, у будынак зачыненага памісіянэрскага манастыра. У далейшым будынак гэты атрымаў іншае прызначэньне, Мядзельскі манастыр зачынены, і штатная сума яго перададзена на ўтрыманьне ў Вільні вучылішча для дзяўчын духоўнага чыну»[1].

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998.

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.