Мэмарандум славацкай нацыі
Мэмара́ндум слава́цкай на́цыі — праграмны дакумэнт славацкіх канстытуцыйных, прававых, палітычных і культурных патрабаваньняў, прыняты на Славацкім нацыянальным сходзе 6—7 чэрвеня 1861 року ў Марціне. Аўтарам Мэмарандуму быў Штэфан Марка Даксьнер.
Мэмарандум славацкай нацыі ўключаў у сябе як істотныя, гэтак і менш важныя палажэньні. Сярод менш важных палажэньняў былі:
- патрабаваньне стварэньня Прававой акадэміі;
- патрабаваньне стварэньня катэдры славацкай мовы і літаратуры ва ўнівэрсытэце Пэшту;
- патрабаваньне, каб у школах магло весьціся навучаньне па-славацку;
- патрабаваньне аб магчымасьці выданьня славацкіх гаспадарчых часопісаў;
- патрабаваньне аб дазволе на стварэньне славацкіх гаспадарчых арганізацыяў;
і іншыя падобныя рэчы, якія можна абагульніць тым, што за імі стаяла ідэя нацыянальна-культурнай аўтаноміі.
Найбольш істотным было тое, што Мэмарандум славацкай нацыі павінен быў сфармаваць юрыдычнае замацаваньне самастойнасьці славацкай нацыі і абвергнуць тэорыю «горнавугорскага народа» ў дачыненьні да славакаў. Але ніводнае з палажэньняў Мэмарандуму не патрабавала аддзяленьня Славаччыны ад Вугоршчыны. Гэта была толькі першая спроба дасягнуць хоць якой культурнай і адукацыйнай аўтаноміі. Аднак вугорскі парлямэнт адхіліў Мэмарандум славацкай нацыі. Такім чынам вугорскія ўлады парушылі абяцаньне, дадзенае ў Кастрычніцкім дакумэнце аб нацыянальным разьвіцьці народаў. Мэмарандум славацкай нацыі зьяўляўся формай дзяржаўна-прававых патрабаваньняў славакаў. Супраць Мэмарандуму вугорскія ўлады распачалі «процімэмарандумавую акцыю», падчас якой адміністрацыі славацкіх вёсак прымушалі дыстанцыявацца ад Мэмарандуму. У выніку славацкія нацыянальныя лідэры склалі новую праграму, якую прадставілі ўраду ў Вене. Другі дакумэнт, створаны ў 1861 року, быў прадстаўлены 12 сьнежня 1861 г. і ўвайшоў у гісторыю як Венскі мэмарандум(sk).
Літаратура
рэдагаваць- Prednáška z Dejín štátu a práva na Slovensku z 8.3.2007 od Prof. JUDr. Dr. h. c. Petra Mosného, Mgr. (славацк.)