Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі

«Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі»[1] (па-нямецку: Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern) — нямецка-беларускі размоўнік, складзены ў межах сэрыі «Дапаможнік да разуменьня» (па-нямецку: Sprachhelfer für die Verständigung). Зьяўляецца апошняй кнігай серыі, а таксама найбольшай у ёй. Кніга была выдадзеная ў Бэрліне.

Моўны дапаможнік да зносінаў зь беларускімі сялянамі
Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern
Жанр: размоўнік, слоўнік
Аўтар: Ганс Лёе (Zur Loye Hans)
Мова арыгіналу: нямецкая
Публікацыя: 1942
Выдавецтва: Радзецкі (Radetzki)
Сэрыя: «Дапаможнік да разуменьня»
Колькасьць старонак: 50

Выданьне рэдагаваць

Выхаду ў сьвет нямецка-беларускага варыянту кнігі было прысьвечанае паведамленьне рэдакцыі бэрлінскае газэты «Беларускі работнік» ад 16 красавіка 1944 г. (нядзельны выпуск). На старонках газэты зьявілася нататка:[2]

Выйшаў з друку і ёсьць у продажы ў большай колькасьці невялікі Нямецка-беларускі слоўнік, апрацаваны Гансам Лёе. Слоўнік мае 50 балонак друку і можа служыць як дапаможнік, асабліва карысны для работнікаў сельскае гаспадаркі. Адзін экзэмпляр без перасылкі каштуе 70 фэнігаў. Пры гуртовых заказах гэткая скідка: ад 10 экз. – 65 фэн., ад 100 экз. – 60 фэн., ад 1000 экз. – 55 фэн.

Паводле Юрыя Туронка, кніга выйшла ў 1944 годзе, аднак на самой кнізе пазначаны 1942, што таксама пацьвярджае адпаведны кнігапісны даведнік «Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965».

Афармленьне рэдагаваць

Кніга прызначалася, з аднаго боку, для нямецкіх сялянаў і гаспадароў, а з другога – замежнікаў. Каб спрасьціць карыстаньне слоўнікам, загалоўкі ўкладзеныя адразу на дзьвюх мовах.

Перакладны даведнік маленькага фармату і сваімі памерамі нагадвае сучасныя кішэнныя слоўнікі. Кожная старонка лексыкону падзеленая на тры калонкі. У першай зь іх пададзенае нямецкае рэестравае слова, у другой – беларускі адпаведнік, запісаны кірыліцай, і ў трэцяй – беларускі эквівалент на нямецкай лацінцы. Калонкі разьдзеленыя паміж сябе тлустымі вэртыкальнымі лініямі.

Зьмест рэдагаваць

Перакладны даведнік складаецца зь дзьвюх частак. У першай зь іх словы згрупаваныя вакол 23 тэмаў, у другой – лексычны матэрыял разьбіты на 8 тэмаў. На 50 старонках слоўніка даецца пераклад 1173 рэестравых словаў, у склад якіх уключаны і пераклад загалоўкаў.

Задача распрацаваць слоўнік, які быў бы карысным дапаможнікам пры кантактах зь сельскімі працаўнікамі, абумовіла лексычны склад даведніка. Найбольш багата прадстаўленая ў ім сельскагаспадарчая лексыка. Словы і выразы гэтай групы фіксуюцца ў такіх разьдзелах лексыкону, як «Сельская гаспадарка», «Жывёла», «У хлеве», «У садзе», «У лесе», «У полі», «Прыладзьдзе», «Пладаводства», «Гародніцтва». Для ваеннапалонных распрацаваны тэматычны разьдзел «Жыццё ў лягеры». У корпус размоўніка ўключаныя найбольш ужывальныя адзінкі этыкету. Словы і выразы гэтай лексычнай групы аб’яднаныя ў разьдзелы «Прыбыцьцё», «Важнейшыя пытаньні», «Агульныя выражэньні». У групу «Чалавек і хваробы» ўвайшлі назвы частак цела чалавека, яго ўнутраных органаў, найменьні хвароб. Назвы дзён тыдня, месяцаў, пор года знайшлі адлюстраваньне ў групе «Поры года». Тэма «Пагода» падзеленая на дзьве часткі: у першай перакладаюцца асобныя словы, а ў другой – найбольш частотныя выразы з гэтымі словамі. Група «Месца забавы» прысьвечаная перакладу назваў розных месцаў адпачынку.

Нямецкія рэестравыя словы разьмешчаныя ў лексыконе не ў альфабэтным парадку, а паводле сэнсавых сувязяў словаў. Паколькі слоўнік у першую чаргу скіраваны на тое, каб дапамагчы пры дыялогу, у кнігу ўключаныя, акрамя асобных словаў, словазлучэньні і сказы.

Аўтар пераклаў на беларускую мову 232 сказы. Адсутнічаюць граматычная і стылістычная характарыстыкі словаў. У беларускіх словах, якія маюць больш за адзін склад, пазначаныя націскі. Сынонімы пададзеныя ў беларускай частцы лексыкону толькі ў тых выпадках, калі рэестравая адзінка – таксама рад сынонімаў.

Выданьне мае пэўную колькасьць хібаў, сярод якіх літаральнасьць у перадачы нямецкіх рэестравых словаў, часам няўдалы пераклад.

Прыклад тэксту рэдагаваць

Прыклад тэксту:

Wie heißt du? – Як ты называеся? – Jak ty nasywájessja?

Wie ist dein Beruf? – Які твой занятак? – Jaki twoj sanjátak?

Antworte ja oder nein! – Адкажы, так або не! – Adkashý,  tak abo nje!

Цікавыя факты рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць